О первой послевоенной аптеке в Островце рассказывает её работник Лариса Гавановская
Астраўчанка Ларыса Гаваноўская працавала ў першай пасляваеннай астравецкай аптэцы.
– У 1957 годзе ўладкавалася туды. Працаваць пайшла адразу пасля школы, а мне хацелася атрымаць спецыяльную адукацыю, таму ў 1959-м паступіла на завочнае ў Магілёўскі фармакалагічны тэхнікум – і праз 4 гады стала дыпламаваным фармацэўтам, – расказвае Ларыса Дзмітрыеўна. – А пачынала касірам. Пасля мяне перавялі фасоўшчыкам. Раней з заводаў не ўсё ва ўпакоўках дастаўлялі, да прыкладу, тую ж вату мы атрымлівалі цюком у 50 кілаграмаў, а тады разважвалі па 50, 100, 200 грамаў, закручвалі ў паперу – і толькі пасля гэтыя «кулёчкі» траплялі на рэцэптарную паліцу. Дапамагала асістэнту ўзважваць і запакоўваць прыгатаваныя лекі. Тады сама стала іх рабіць – перайшла на асістэнта, затым – на рэцэптара (адпускала лекі, прымала рэцэпты на прыгатаванне, рабіла выкладку) – ім і адпрацавала да выхаду на пенсію, да 1991 года.
Калектыў астравецкай аптэкі №95,1959 год.
Першую пасляваенную аптэку адкрылі ў Астраўцы ў 1944 годзе. Яе зрабілі ў прыстасаваным драўляным будынку на вуліцы Ленінскай.
Першы будынак на вуліцы Ленінскай
Гэты дом стаіць і цяпер: калі глядзець ад цэнтральнай дарогі, ён першы з тых, што знаходзяцца ля касцёла Космы і Даміяна. Уваход быў з боку сённяшняй аўтастаянкі ля храма, з пярэдняй дзверы вялі ў рэцэптурную, тут жа, насупраць «прылаўка», сядзеў касір.
Першы будынак аптэкі – сёння прыватны дом
Схема работы была такой: рэцэптар, які адпускаў лекі, пазначаў на паперцы суму для аплаты, пакупнік ішоў з тым «талончыкам» да касіра, уносіў грошы, той на выпісаным квітку ставіў штамп, што значыла «аплочана», і чалавек вяртаўся да рэцэптара за таварам.
У адным памяшканні з рэцэптарамі, за шафай, працаваў фасоўшчык: разліваў настойкі, каплі і мікстуры, развешваў парашкі. За рэцэптарнай мелася кухня, дзе дыстылявалі ваду (яе бралі са студні), мылі і дэзінфіцыравалі абсталяванне і ёмістасці для прыгатаваных лекаў. Быў асобны куток упраўляючага, які ён дзяліў з бухгалтарам. Далей размяшчаўся невялікі склад, дзе захоўваліся лекі – за іх прыёмку і выдачу адказваў дэфектар.
У другім канцы будынка аптэкі жыў упраўляючы.
Другі будынак узвялі ў 1960-м – і ў тым жа годзе аптэцы быў прысвоены нумар – 95.
Другі будынак аптэкі па вуліцы Ленінскай
– Пад кіраўніцтвам Шырочына па суседстве з драўлянай аптэкай пачалі ставіць цагляную – тыпавую. Тая пабудова таксама захавалася (праўда, крыху перабудаваная) – гэта сённяшні магазін «Хіт» на вуліцы Ленінскай, – працягвае суразмоўца. – Аптэка адчынялася ў 9 і заканчвала работу ў 19.30 – і без абеду. Галоўны ўваход размяшчаўся з боку вуліцы Ленінскай (цяпер ён вядзе ў магазін «Хіт»). Асобна абуладкаваны рэцэптарная зала, асістэнцкая, раздзявалка для персанала, лесвіца з якой вяла ў падвал; кухня, кабінет загадчыка, склад. Злева знаходзіўся службовы ўваход, які вёў у аптэчны двор. Наша тэрыторыя была агароджана, на ёй стаяла некалькі гаспадарчых пабудоў, нават яблыневы сад быў.
Першы загадчык пасляваеннай астравецкай аптэкі Піліп Шырочын
Другі будынак аптэкі – сёння магазін «Хіт»
– У новым будынку мы ўжо не толькі расфасоўвалі лекі, але і рабілі іх, – узгадвае астраўчанка. – Асістэнт гатаваў мікстуры, каплі, мазі, парашкі, глюкозу, фізрастворы і тут жа лабарант правяраў усё гэта на якасць.
Пакуль Астравец быў у Маладзечанскай вобласці, атрымлівалі тавар у Маладзечне, а калі ўвайшлі ў склад Гродзенскай – у Гродне. За медыкаментамі работнікі аптэкі выпраўляліся цягніком.
– Са звычайнымі гаспадарчымі сумкамі ездзілі! Машыну, грузавік з будкай, атрымалі ўжо як другі будынак аптэкі працаваў, – усміхаецца астраўчанка. – Заказаць лекі на прыгатаванне амбулаторнаму хвораму можна было толькі маючы на руках рэцэпт ад урача. Абслугоўвалі мы і бальніцу: што з абласнога цэнтра па заяўцы прывозілі; што на месцы рабілі: растворы для ўнутрывеннага ўвядзення – у шкляныя 400-грамовыя слоічкі разлівалі, і мазі, і парашкі, і мікстуры – адпускаў гэтыя медыкаменты дэфектар. Бальніца аддавала ў аптэку скарыстаныя (а тады былі толькі шкляныя) ёмістасці з-пад лекаў – іх нашы санітаркі мылі, стэрылізавалі – словам, рыхтавалі да чарговага прымянення.
Да 1967 года ацяпленне ў аптэцы было пячным, пасля рэканструкцыі будынка там зрабілі паравое. Па ўспамінах Ларысы Дзмітрыеўны, тады ж быў пракладзены і водаправод.
Работнікі аптэкі (злева направа): Валянціна Віткоўская, Антаніна Рудакова, Наталля Блахіна, Данута Сташкевіч, Ларыса Гаваноўская
Жанчына гаворыць, што цягам усяго працоўнага жыцця на калег ёй шанцавала: дружныя, спагадлівыя, граматныя, заўсёды дапамагалі адзін аднаму, і ўзгадвае работнікаў дзвюх былых аптэк: загадчыкі Філіп Вікенцьевіч Шырочын і Валянціна Сцяпанаўна Віткоўская, бухгалтары Антаніна Іванаўна Рудакова, Людміла Спагар і Галіна Грабоўская, фармацэўты Наталля Іванаўна Пішчаленка (працавала з 1947 года) і Ядвіга Сцяпанаўна Сідаровіч, правізары Сабіна Іосіфаўна Халько і Таццяна Пятроўна Ханевіч, лабаранты Марыя Іванаўна Буркевіч і Марыя Баніфацаўна Суворава, фасоўшчыкі Юлія Сульжыцкая, Ганна Лаўрэцкая, Данута Сташкевіч і Галіна Іосіфаўна Даўляш, санітаркі Наталля Аляксееўна Блахіна і Ядвіга Іосіфаўна Петрусевіч, дэфектар Людміла Гаральская, касіры Ірына Кавяка, Яніна Гугневіч, Анастасія Давыдава, Ірына Казюлевіч і Аня Шлыковіч, вадзіцель Андрэй Селятыцкі.
