О новогодних праздниках детства вспоминает Жанна Волк-Леонович
Жанна Волк-Леановіч, урач лячэбнай фізкультуры, в.а. загадчыка аддзялення медыцынскай рэабілітацыі– У дзяцінстве я не спазнала, як іншыя мае равеснікі, трагедыі ад адкрыцця, што Дзеда Мароза не існуе – я заўсёды гэта ведала. Але, каб не расчароўваць дарослых, падыгрывала ім, робячы выгляд, што веру ў гэтую казку.
Ёлку мы заўсёды ставілі вялікую, да самай столі. Упрыгожвалі яе цудоўнымі шклянымі цацкамі – цяпер такіх няма. А калі якая разбівалася, то яна ішла на ўпрыгажэнне нашых сястрой касцюмаў: мама заўсёды шыла нам прыгожыя навагоднія сукенкі. Але я да гэтага часу не магу зразумець: як ніхто з малых не траўміраваўся ў гэтай прыгажосці з раструшчанага шкла?
Падарункі мы з сястрой заўсёды знаходзілі пад ёлкай 1 студзеня – яны ляжалі ў боціку таго, каму прызначаліся.
Акрамя цукерак, нам дарылі яшчэ што-небудзь: часам нешта з адзення – прыгожая кофтачка ці спаднічка тады таксама былі падарункам, цацкі. Я вельмі любіла маляваць, і для мяне найлепшым падарункам было ўсё, што прызначалася для гэтага занятку. І зараз у вачах стаіць набор з 60 каляровых алоўкаў самых розных адценняў і 30 фламастараў, які я аднойчы знайшла пад ёлкай – для мяне гэта была найвялікшая каштоўнасць!
А пасля тата нам доўга і маляўніча расказваў, як ён вечарам сустрэў Дзеда Мароза, які праз гурбы прабіраўся да нашага дома, ці як той увесь вечар стукаўся ў акно, а калі яму не адчынілі, пралез у хату цераз комін, перапэцкаўся ў сажу – кожны раз у яго была падрыхтавана новая цікавая гісторыя пра падарожжа Дзеда Мароза да нашай хаты. Мы з сястрой слухалі, ківалі, я дык яшчэ абуралася, чаму гэта мяне не разбудзілі, каб і я Дзеда Мароза ўбачыла…
А першага студзеня мы звычайна ўсёй сям’ёй ішлі ў лес: гулялі ці раскладвалі вогнішча і смажылі на ім сала. Аднойчы, годзе ў 1990-ым, у гэты дзень на дрэвах быў такі іней, што лес здаваўся крыштальным… Да гэтага часу памятаю тую казачную прыгажосць.
