Новы гандлёвы комплекс будуюць у Астраўцы
У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” патэлефанавала жыхарка Астраўца і пацікавілася, што за будынак узводзіцца па вуліцы Карла Маркса насупраць Беларусбанка. За адказам мы звярнуліся да аднаго з забудоўшчыкаў – старшыні праўлення ПК “Серміён” Ігара Леанідавіча Сяржанава. І вось што ён нам расказаў:– Два гады назад мы, пяць прадпрымальнікаў раёна, аб’ядналіся ў спажывецкі кааператыў “Серміён” і на аўкцыёне набылі ўчастак пад будаўніцтва гандлёва-офіснага комплексу. У мінулым годзе пасля зацвярджэння архітэктурнага праекта будынка распачалося яго ўзвядзенне.
Гэта будзе двухпавярховы комплекс агульнай гандлёвай плошчай больш за 1000 квадратных метраў. Мяркуецца, што на першым паверсе размесцяцца аптэка, прадуктовы і кветкавы магазіны, бытавая хімія, будаўнічыя матэрыялы. А гандлёвыя месцы на другім паверсе – каля дзесяці павільёнаў – будуць здавацца ў арэнду.
Плануецца, што гандлёвы комплекс адчыніць свае дзверы ў канцы 2013 года.
НА ЗДЫМКУ: так будзе выглядаць новы гандлёвы комплекс.
Вольга ШОЎКУН.