Новогодние желания детей осуществились

мечты детейЖаданні дзяцей, якія па волі лёсу і абставін вымушаны святкаваць калядныя і навагоднія святы ў дзіцячым сацыяльным прытулку, ажыццявіліся. Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова тут прайшло дабрачыннае мерапрыемства “Ёлка жаданняў”.

Штогод рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” сумесна з раённымі арганізацыямі “Беларускі саюз жанчын” і “Беларускі дзіцячы фонд” аб’яўляюць дабрачынную акцыю “Ёлка жаданняў”. Вось і сёлета мы звярнуліся з просьбай да нашых чытачоў дапамагчы ажыццявіць жаданні васьмярых дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячым прытулку ў Варнянах.
І толькі выйшаў нумар газеты, у якім аб’яўлялася аб правядзенні акцыі, як у рэдакцыю звярнуўся пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў вёсцы Быстрыца Казімір Ляховіч і прапанаваў дапамогу.
– У Год Міласэрнасці кожны хрысціянін павінен далучыцца да добрых спраў. Мне вельмі хацелася б ажыццявіць жаданні гэтых дзяцей, – сказаў Казімір Ляховіч – Раскажыце пра іх, а мы ўсёй парафіяй дапаможам выканаць іх жаданні.
Матэрыяльных сродкаў, якія ахвяравалі вернікі Быстрыцкай парафіі і яе пробашч – тры мільёны беларускіх рублёў, – хапіла і на падарункі, пра якія марылі выхаванцы прытулку, і на святочны стол для іх.
мечты детей2Да дабрачыннай акцыі далучыліся таксама калектыў рэдакцыі, супрацоўніца цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Адылава і жанчына, якая назвала сябе “проста мама”, а таксама раённая арганізацыя “Беларускі дзіцячы фонд” – і напярэдадні Божага Нараджэння рэдакцыйныя Дзед Мароз са Снягурачкай і супрацоўніца аддзела адукацыі, спорту і турызму Юлія Ражко з вялікімі мяхамі падарункаў, канцылярскіх тавараў, фруктаў, пячэння і цукерак накіраваліся ў дзіцячы сацыяльны прытулак, каб падарыць яго выхаванцам сапраўдны цуд – выканаць іх самыя вялікія жаданні…
У дзіцячым сацыяльным прытулку я бываю штогод – кожны раз сустракаю тут розных дзяцей, вочы якіх свецяцца радасцю пры сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай. З песнямі і вершамі сустракалі нас тут і сёлета. Як і штогод, дзеці расказвалі Дзеду Марозу вершы і атрымлівалі падарункі. Вочы хлопчыкаў і дзяўчынак свяціліся такой радасцю і ўдзячнасцю, што, гледзячы на іх, я зноў і зноў упэўнівалася: мы робім патрэбную справу.


Алена ЯРАШЭВІЧ