Новая ўзнагарода "раёнкі"
Новы год пачаўся для “Астравецкай праўды” з перамог.
У студзені Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь падвяло вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу сярод электронных і друкаваных СМІ на лепшае асвятленне і прапаганду ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Мінулы год у нашай краіне быў аб’яўлены Годам прадпрымальніцтва, і зразумела, што гэтай тэме на старонках газет і ў праграмах тэлеперадач надавалася асаблівая ўвага. Адпаведна і заявак на конкурс, які праводзіўся ў шосты раз, была пададзена рэкордная колькасць – 90. Зразумела, што найбольш – ад цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі і рэгіянальных выданняў буйных гарадоў, дзе прадпрымальніцтва развіваецца больш актыўна.
Але “Астравецкая праўда” таксама мела смеласць паслаць заяўку на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе, вырашыўшы, што трэба браць калі не колькасцю, то якасцю. І аказалася, што мы мелі рацыю. У розных намінацыях і катэгорыях удзельнікаў конкурсу вызначалася трынаццаць пераможцаў. Адным з іх у намінацыі “Прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах” у катэгорыі “раённыя перыядычныя выданні” стала наша газета.
За перамогу ў рэспубліканскім конкурсе калектыў узнагароджаны дыпломам і атрымаў у якасці падарунка СВЧ-печ.
Ніна РЫБІК.