Ніна Рыбік: чаму мне баліць кніга “Я з вогненнай вёскі”
У творчасці Янкі Брыля крытыкі найперш вылучаюць аўтабіяграфічны раман «Птушкі і гнёзды». Ні ў якім разе не хачу з імі спрачацца ці змяншаць вартасць гэтага сапраўды вялікага твора. Але для мяне адной з галоўных кніг, і не толькі Янкі Брыля, а ўвогуле беларускай літаратуры, стала дакументальная (Аповесць? Раман? Аўтары самі не вызначыліся з яе жанравай прыналежнасцю, назваўшы «кнігай-дакументам») кніга «Я з вогненнай вёскі», якую напісалі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік – запісаныя імі і пададзеныя без прыкрасы, без «перакладу» на літаратурную мову аповеды уцалелых жыхароў соцень беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з людзьмі. Бо Хатынь – яна не адна…
Чаму мне так баліць – іншага слова не падбяру – гэтая кніга? Таму, што мая родная вёска Уласы, што на Гомельшчыне, – адна са шматлікіх сёстраў Хатыні. Яна адрадзілася пасля вайны і да яе не даехалі Адамовіч, Брыль і Калеснік. Ды і дзе б яны змаглі аб’ехаць і распытаць усіх, хто «з вогненнай вёскі»? У Беларусі такіх незлічоная колькасць, яшчэ і сёння, праз 80 гадоў пасля вызвалення, знаходзяцца новыя парослыя лесам папялішчы…
Ды і то праўда, што людзей у нашай вёсцы не палілі ў гумнах і хатах – абышліся больш «гуманна»: іх проста забілі. Злажылі аўтаматнымі чэргамі ў яму 160 чалавек. Крыху прысыпалі пяском і пайшлі паліць хаты. А кроў з той брацкай магілы на пагорку ручаём цурчэла ўніз, у сажалку. І зямля зверху яе, расказвалі, яшчэ доўга варушылася…
Але ўспаміны, гісторыі людзей з кнігі «Я з вогненнай вёскі» так пераклікаюцца з тымі, што я чула ад сваіх бацькоў…
Мяркуйце самі…
«…Людзей, значыць, гналі ў хату – у маю. Я раньша за іх увайшла ў хату сваю. Першая. Двое дзяцей са мной было, хлопчыку тры гады, дзевачцы восем месяцаў было. Я ўвайшла ў хату – бачу, што плоха. Я ўдарыла ў акно – яно вылецела. Я дзяцей кінула ў акно і сама адпаўзлася во так, як да дзвярэй. Я ляжу, двое дзяцей са мной. Гляджу і туды, і сюды. А Збушын гарыць. І людзі ў маёй хаце… Што ж гэта людзей не чуць, а стрэлы ў маёй хаце? Ага! – яны людзей б’юць…
(…)
Праязджае на кані той, каторы дабіваў. Відзіць, што чалавек жывы, – дабівае. Я вочы прыадкрыла і ціхонька гляджу на яго… А дзеці мае не варушацца. Спяць. Заснулі.
Можа, шагоў дзесяць не даехаў, павярнуўся і паехаў…
Я ляжала да самага вечара. Вечарам дзеўка стала плакаць, маленькая. Восем месяцаў. Я гавару: «На, дачушка, грудзь…»
(…)
Стрэлы перасталі. Дзеці плакаць пачалі. Я паднялася і пайшла ў лес».
(Кніга «Я з вогненнай вёскі», успаміны Соф’і Піменаўны Скірдман з вёскі Збышын Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці).
«Ето на Міколу весеннего было, 22 мая. Мы без маткі гадаваліся, памерла яна, я малым шчэ быў. У бацька шэсцера дзяцей. Старшай, Вользе, 21 год, меншаму Васі – 7. Мне 15.
Бацько ранком збудзіў мене, сказаў кароў гнаць у лес, і падалей, у Мікольскае. Сам стаў з хаты ўсе выкідваць – бочкі, іконы. Мабуць, чустваваў. Ці знаў што…
Я ў лесе быў, як у сяле страляніна пачалася. Стрэў бабу з нашаго сяла, Лукер’ю. Яна падаіла карову і дала мне малака напіцца. А тады кажа: «Хавайся пад етую сасну, яна галінастая, цебе не ўбачаць». Я схаваўся, стаяў там. Аж бачу: хтось нашу карову доіць. Падпоўз бліжэй, а ето бацько. І мы пайшлі ў Мох. Там ужэ былі Вольга з Насцею. (сёстры – аўт.) А тады малога Васіля хтось да нас прывёў. Як немцы сталі село цэп’ю акружаць, баба Варка з дзедам Рыгорам далі яму млінцоў і адправілі ў лес бацька шукаць. А самі не сталі ўцекаць і іх пабілі, прама ў сваём дварэ, каля хаты.
Село спалілі, толькі дзве хаты аставілі. А назаўтра дождж пайшоў. Людзі абмоклі, пайшлі ў сяло абсушыцца. Сабралісь у адной хаце, запалілі печ. А немцы зноў награнулі і ўсіх пастралялі. І хаты тые папалілі. Яны іх нарочна не спалілі зразу, каб людзі папрыходзілі.
У лесе багато нашых людзей хавалася. Хто дзе. Мы з лесу не вылазілі. Дзве ночы на адным месцы ніколі не начавалі, баяліся. Аганёк маленечкі раскладвалі з тоненькіх бярозавых голечак, каб дыму не было. Спаць ляжэш у мох, устаеш – увесь бок мокры. Як стаў тады кашляць, так усю жызнь і пракашляў, ніхто мяне не вылечыў. Есці не было чаго. Грыбы збіралі, варылі, а солі не было. Бацько дастаў дзесь краснаго ўдабрэння, ім салілі. А тады пухнуць сталі...
Мы ў лесе да Міхайла сядзелі (21 лістапада – аўт.) А тады чуем, крычаць: «Выходзьце, выходзьце!» Глядзім, а каля лесу машыны стаяць і салдаты нашыя. Асвабадзілі нас!»
(З успамінаў майго бацькі Аляксея Мікалаевіча Міхедзенкі, вёска Уласы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці)
Цяпер вы разумееце, чаму мне так баліць гэтая кніга?
І чаму словы, якія аўтары напісалі ў прадмове да яе, гараць агнём спаленых вёсак у маёй душы – і, я пераканана, павінны тым самым агнём быць напісаны на скрыжалях гісторыі:
«Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца ўсё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукае ў сэрцы людзей.
І ўсё ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму ХХ стагоддзя – у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў Другой Сусветнай вайны.
(…)
Але ж ёсць яна, жыве народная памяць – непадкупная памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрэнбергу. Ён працягваецца – у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.
І таму так важна, жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала народная памяць, праўда пра фашызм».
