Ни недели без наград!

Гэтыя словы, напэўна, узялі лейтматывам дзейнасці педагогі і выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Інакш чым можна растлумачыць той факт, што амаль кожны тыдзень яны атрымліваюць граматы і дыпломы рознага ўзроўню?!

Апошні тыдзень таксама выдаўся багатым на перамогі.
На гэты раз школьнікі ўдзельнічалі ў абласным фестывалі юных дызайнераў і мадэльераў “Жывіца”. Конкурс меў два этапы – завочны і вочны. Выставіць свае работы ў завочным конкурсе можна было ў намінацыі “Кукляндзія”. Па назве  можна здагадацца, што работай была лялька, адзінае патрабаванне: “рост” яе – не менш за 50 сантыметраў. Справа не з лёгкіх. Але лялькі выхаванцаў цэнтра творчасці спадабаліся членам абласнога журы. Лялька з тэкстылю, выкананая выхаванцамі гуртка “Чароўная пацерка” пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Наталлі Рынковіч была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені. А дыплом ІІІ ступені атрымала лялька з саломкі выхаванцаў гуртка “Саломапляценне” (кіраўнік – Яніна Мілаш).
І калі ў завочным конкурсе выхаванцы проста адпраўлялі свае творы на суд журы, то ў вочным юным дызайнерам за дзве гадзіны неабходна было змайстраваць сваімі рукамі што-небудзь незвычайнае і прыгожае.
На гэты раз на абласны фестываль юных дызайнераў накіраваліся Анжаліка Гурштын – выхаванка Наталлі Рынковіч і Наталля Арлоўская і Дзіяна Гейба, якія займаюцца ў Валянціны Віннічак.
Анжаліка выканала набор упрыгожанняў са стужак “Кветкавая фантазія”. Фантазія дзяўчынкі зачаравала журы. Кветкавая брошка, заколка для валасоў і каралі прываблівалі погляд – і, як вынік, Анжаліка Гурштын была ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені.
Не менш добрых слоў выказалі члены абласнога журы і ў адрас Наталлі Арлоўскай і Дзіяны Гейба. Іх капялюшык, зроблены са звычайнай паперы, заняў таксама трэцяе месца, а дзяўчаты былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.