Незвычайнае побач: Віктар Валяваты і яго конь Васька
Сустрэць зімой не тое, што на вясковай, а на гарадской вуліцы запрэжанага ў сані каня падаецца дзівам!
Марозным снежаньскім днём Віктар Валяваты (на фота) праімчаў па астравецкіх дарогах пад дружнае рыпенне палазоў і хуткае дыханне каня Ваські.
Хоць некалькі гадоў назад Кавалі змянілі свой статус і сталі гарадской вуліцай, па вялікім рахунку, жыццё па-ранейшаму тут засталося, як у вёсцы. Найлепшы транспарт праехаць па заснежаных вуліцах – запрэжаны ў сані конь, лічыць Віктар Валяваты. Любоў да зямлі і ўсяго жывога навокал у мужчыны з дзяцінства.– Жыць у сваім доме і нічога не трымаць – не разумею такога, – прызнаецца суразмоўца. – Хоць многія цяпер маюць мотаблокі, але гэта не па мне. Каня і пагладзіш, і пагаворыш з ім, а тэхніка – гэта толькі жалеза. Васька – мая аддушына.
Глянуўшы на жывёліну, стала зразумелым, што яе даглядаюць і добра кормяць. Нават і не скажаш, што Ваську 30 гадоў!
– Ён трапіў да нас жарабям. Тагачасны старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Часлаў Рынкевіч прапанаваў бацькам патрымаць яго ў сябе, так Васіль у нас і застаўся, пазней выкупілі яго, – расказвае пра з’яўленне гадаванца ў іх сям’і Віктар.
З вясны да восені ў гэтага дружнага тандэма хапае спраў: заараць агарод сабе, суседзям і іншым, нарыхтаваць сена, вывезці гной… А вось зімой вольнага часу больш, тым больш для ваяжаў! У гэты снежаньскі марозны дзень Віктар ездзіў з Кавалёў у цэнтр Астраўца за хлебам. Але, па прызнанні мужчыны, бывае, запрагае каня – і гайда ў лес!
Духмянае сена, адборны авёс і мука – Ваську грэх жаліцца на зімовы рацыён. Тым больш што гаспадар не шкадуе для гадаванца прысмакаў: частуе цукеркамі, цукрам ці салодкім бураком.
Конь хоць і паслухмяны, але зрэдзьчасу збягае на бліжэйшую ферму ў Ліпнішкі да суродзічаў. Перанюхаецца з іншымі коньмі – і вяртаецца дадому. Нават наравістая каза Машка, якая з’явілася ў
Валяватага тры гады назад, палюбіла Васіля, што называецца з першага погляду.
– Не паверыце, нават дзверы выбівала, каб выйсці да яго на вуліцу. Яна і на санях, і на возе з намі каталася. Бывае, праўда, яны сварацца, асабліва калі муку раздаю, але не па-злому, – Вася Машку адганяе, але ніводнага разу не ўкусіў і не ўбрыкнуў, – з усмешкай расказвае Віктар. – А якія піруэты яна выконвала, залезшы каню на спіну, – нібыта дрэсіраваная. Каб на свае вочы не пабачыў, ніколі не паверыў бы!
Расчысціць снег, пакарміць Машку і Ваську, даць свіням, пасыпаць курам – штодзённых клопатаў у Віктара хапае. Ды і на работу трэба. Але яны праходзяць у мужчыны ў гармоніі з сабой і акаляючым светам у Кавалях, дзе жыццё цячэ па-ранейшаму размерана і спакойна…
