Незабываемые впечатления от встречи с Президентом

4
У чацвер многія жыхары нашага раёна змаглі сустрэцца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка, а некаторым пашчасціла нават пагутарыць з ім. Мы папрасілі іх падзяліцца сваімі ўражаннямі ад гэтай сустрэчы.


Расціслаў Арсеньцевіч Герт, старшыня раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў”:


– У чацвер не толькі ў раёне, але і ва ўсёй краіне адбылася знамянальная падзея – на месцы будаўніцтва першай беларускай АЭС наш Прэзідэнт залажыў капсулу з пасланнем нашчадкам. Цяпер Беларусь стала не толькі моцнай спартыўнай і касмічнай дзяржавай, але яшчэ і атамнай. Усе ветэраны раёна падтрымліваюць Прэзідэнта за яго ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці, навукі, адукацыі і культуры, за клопат аб нашым народзе і нашай краіне.
Хваляванне пры сустрэчы з Прэзідэнтам, канешне ж, прысутнічала. Але ён падышоў, працягнуў руку, прывітаўся – і завязалася размова.
Я помню, якім быў Астравецкі раён 60 гадоў назад, калі я ўпершыню трапіў сюды. Яго нельга параўнаць з цяперашнім прыгожым сучасным еўрапейскім горадам. Асаблівыя змены тут адбыліся за некалькі апошніх гадоў. І ўсе гэтым, канешне ж, задаволены. Я шчыра веру, што наш горад і раён чакае яшчэ больш светлая і радасная будучыня. Менавіта гэтую ўпэўненасць я і выказаў Прэзідэнту.



Ірына Антонаўна Лях, дырэктар гімназіі №1 горада Астраўца:
– Уражанні ад сустрэчы з Прэзідэнтам краіны – незабыўныя. Увогуле, напрамую пагутарыць з кіраўніком дзяржавы – вялікі гонар. Пасля сустрэчы і размовы з лідарам нашай краіны з’явілася акрыленасць. Калі бачыш, што ён цікавіцца нашым жыццём, нашымі праблемамі, у тым ліку і адукацыі, верыш у заўтрашні дзень.
Пачуцці перапаўнялі ўжо ад таго, што можна проста пабачыць Прэзідэнта сваёй краіны не па тэлебачанні, а ўжывую – а тут выпала шчасце яшчэ і пагутарыць з ім, падзякаваць за працу.
Я – зрэшты, як і жыхары ўсяго раёна – задаволена, што шчаслівы латарэйны білет з будаўніцтвам першай беларускай АЭС выпаў менавіта нашаму раёну. З яе ўзвядзеннем у нас з’явяцца новыя перспектывы. Гэта дасць штуршок для развіцця горада, будуць стварацца новыя рабочыя месцы, пабудуюць новыя школы і дзіцячыя садкі.



Уладзімір Дзмітрыевіч Горын, намеснік галоўнага інжынера ДУ ”Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі:
– Візіт Прэзідэнта на будаўнічую пляцоўку атамнай электрастанцыі пакінуў моцнае ўражанне. Адчуваецца, што гэта энергічны, валявы чалавек з магутнай, як цяпер кажуць, харызмай. Падышоў – і адразу адчуўся нібы павеў свежага паветра.
Адчуваецца, што ў Прэзідэнта ёсць цяга да размовы з людзьмі, і ў яго гэта добра атрымліваецца.
Ну а самым галоўным, на маю думку, з’яўляецца тое, што пасля візіту кіраўніка дзяржавы наша будоўля сапраўды займела рэспубліканскае значэнне. Можна не сумнявацца, што яна будзе знаходзіцца пад пастаянным кантролем Прэзідэнта. З аднаго боку, гэта вялікі гонар, а з другога – вялікая адказнасць, якая прымушае ўсіх нас зусім па-іншаму ставіцца да сваіх прафесійных абавязкаў.



Дзмітрый Ярашэвіч, сямікласнік Гудагайскай школы:
– Калі напярэдадні сказалі, што мне даручаецца падаць капсулу з пасланнем нашчадкам Прэзідэнту краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, я не паверыў сваім вушам. Потым узнікла думка: “Чаму менавіта я?”. А яшчэ праз некалькі хвілін стала радасна. Я, канешне, разумеў, што гэта вельмі важная і ганаровая місія і трошкі хваляваўся. А калі ўбачыў Прэзідэнта, хваляванне знікла. Я павітаўся з ім і ўручыў капсулу.
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка па-мужчынску паціснуў мне руку і са словамі: “Цяпер трымай цукеркі, а праз некалькі гадоў будзеш трымаць ключы ад атамнай электрастанцыі” ўручыў мне падарунак – дзіцячую энцыклапедыю і цукеркі.
Пасля таго, як па тэлебачанні паказалі навіны, мае сябры і знаёмыя тэлефанавалі і віншавалі. Цяпер буду старацца апраўдаць надзеі маіх бацькоў, бабуляў і дзядулі. І мару праз шэсць гадоў, калі будзе ўрачыстае адкрыццё станцыі, зноў сустрэцца з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.


Гутарылі Алена СВЕТЛАЯ,
Эдуард СВІРЫД.