Со студенческой скамьи – на жатву, Или как на уборке на Островетчине трудятся молодые специалисты

13:00 / 18.08.2026
Уборачная кампанія – галоўны экзамен для ўсяго аграпрамысловага комплексу краіны. На палях Астравеччыны поруч з вопытнымі хлебаробамі працуюць учарашнія выпускнікі сельскагаспадарчых каледжаў і ўніверсітэтаў. Для маладых спецыялістаў жніво – не проста першая работа, а сапраўдная праверка на трываласць і прафесіяналізм. 

Пра хуткі старт у прафесію, падтрымку на месцах і ўборку наш карэспандэнт пагутарыў з маладымі спецыялістамі двух гаспадарак, адзін з якіх размер­каваўся ў раён напрыканцы ліпеня, другі летась.

Зеренсушыльшчык

Данііл Кузюрын, загадчык рамонтна-механічнай майстэрні ў Рытані РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:

– У школьных сачыненнях часта пісаў, што хачу быць бізнесменам ці ў крайнім выпадку дырэктарам завода. (Усміхаецца.) Пры гэтым мяне заўсёды цягнула да тэхнікі. 

Пры паступленні з матэматыкай не пашанцавала, а з фізікай, наадварот: цэнтралізаваны экзамен здаў на 67 працэнтаў. Таму ў каледжы, дзе я вучыўся на тэхніка-механіка, мяне называлі фізікам. 

Родам з Баранавіч. Вучыўся ў Лідзе, адпрацоўваю ў Рытані. Размяркоўвалі нас у гаспадаркі, і я шчаслівы, што трапіў менавіта сюды і выбраў такую спецыялізацыю. Думаецца, Дзяніс Валер’евіч усцешаны, што талковага хлопца прыслалі.

На адпрацоўку прый­шоў у мінулым годзе, 2 мая. Жыву ў інтэрнаце разам з індусам. Умовы класныя і сустрэлі мяне як найлепшага сябра: выплацілі матэрыяльную дапамогу, кампенсацыю за пераезд і далі іншыя надбаўкі. 

Летась упершыню пайшоў на сушылку – вельмі спадабалася дапрацоўваць збожжа. Кант­ралюем вільготнаць, сушым зерне, якое спачатку паступае на сіта, а адтуль – у шахту. Калі яна цалкам запаўняецца, уключаем цыркуляцыю і запускаем цеплагенератар. Працуем у парах праз суткі з 8 раніцы да 8 вечара.

Здараецца, што трэба затрымацца: напрыклад, абкасіць тэрыторыю ці падрамантаваць тую ж лавачку. Не пытанне!

Я хоць і гарадскі, але добра ведаю, што такое вясковыя справы. У дзяцінстве летам час­та бываў у бабулі з дзядулем. Праўда, так, як тут – ад світання да змяркання – тады працаваць не даводзілася. (Усміхаецца.) 

Усім задаволены. Калектыў у нас дружны, усё выконваем разам. Сумаваць няма калі.
 
Работу ў саўгасе, у тым ліку на зернесушыльным комплексе, лічу суперовым досведам. Тым больш за сезон тут можна добра падзарабіць. Сёлета, напрыклад, свае жніўныя грошы планую патраціць на адпачынак на моры.

Аграном па ахове раслін

Аляксандр Занеўскі, філіял «Аграфірма «Варняны» РУП «Гроднаэнерга»:

– Родам я з гарадскога пасёлка Сапоцкін, што недалёка ад Гродна. Пры выбары прафесіі ў першую чаргу кіраваўся тым, каб працаваць не ў офісе, а на прыродзе. Да таго ж у мяне бацька аграном – ён заканчваў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Я пайшоў па яго слядах. Вучоба ішла лёгка і падабалася, у нас былі цудоўныя выкладчыкі і добрая практыка, якую, да слова, на 4 курсе праходзіў у гэтай гаспадарцы.

Месца для размеркавання выбіраў сам. Чаму менавіта «Варняны»? Ведаю, што раней гэта было адно з наймацнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, а па некаторых пазіцыях – і ў вобласці. Веру, што сітуацыя зноў зменіцца да лепшага – і гаспадарка верне свае пазіцыі, бо са жніўня яна перайшла пад крыло гродзенскай энергасістэмы. 

Першы рабочы дзень пачаўся 28 ліпеня. На месцы мяне цудоўна сустрэлі: далі добраўпарадкаванае жыллё з новай мэбляй і бытавой тэхнікай, «паставілі» на гарачыя абеды. Галоўны аграном Іван Станіслававіч Дзенюш павазіў па палях, усё паказаў і растлумачыў. Цяпер мая галоўная задача – сачыць за тым, каб страты на ўборцы былі мінімальнымі і пры патрэбе дапамагаць калегам. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич