Ад калгаснай фермы да 25 праўнукаў: на Астравеччыне павіншавалі 95-гадовую юбіляршу Тэрэсу Спірыдовіч

09:00 / 07.08.2026

Працавітасць, людскасць і вера ў Бога – тры галоўныя кіты, на якіх і па сённяшні дзень трымаецца жыццё Тэрэсы Спірыдовіч, якая на днях адзначыла 95-гадовы юбілей. Гераіня прымала віншаванні ад блізкіх людзей і гасцей.

Візіцёраў Тэрэса Мацвееўна сустрэла ў цудоўным настроі. Нягледзячы на салідны ўзрост, юбілярша не траціць аптымізму. Яе бадзёрасці, рухавасці і ўсмешлівасці можна толькі пазайздросціць, хоць лёс жанчыну ніколі не песціў.

– Усё жыццё адпрацавала ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік”: была даяркай, у паляводстве хадзіла. Збіралі вялікія каменні, якія потым адпраўлялі на брук. З мужам нядоўга пажылі – хвароба яго з’ела. Адна дачушак гадавала. Цяпер з сям’ёй унука жыву ў Астраўцы. Любяць яны мяне, добра даглядаюць. Багатая я бабуля: у мяне ажно 25 праўнукаў, – падзялілася імянінніца. – Цяжка жыла і працавала, але ні на што ніколі не скардзілася. Мая найлепшая сяброўка – Маці Божая. Веру трэба мець у сэрцы і з людзьмі добрай быць.

Віншаванні, падзякі за працу і пажаданні здароўя і даўгалецця Тэрэсе Мацвееўне адрасавалі старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула, прафсаюзны лідар КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Мілешка. Але бадай што самым прыемным момантам для жанчыны былі абдымкі праўнукаў і іх шчырыя словы: “Бабуля, мы цябе так моцна любім!”

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич