Плечом к плечу на хлебной ниве, или Почему страда в совхозе “Подольский” для многих – дело семейное

08:00 / 07.08.2026

Для дэсікацыі рапсу (яго даспявання) сёлета, напрыклад, выкарыстоўвалі спецыяльныя дроны… Можна набыць самыя сучасныя і высокапрадукцыйныя камбайны, аўтаматызаваць працэсы і выкарыстоўваць разумныя праграмы для маніторынгу палёў, аднак ніякія тэхналогіі не заменяць на месцы хлебароба, які шчыра і ўсёй душой перажывае за ўраджай.

У гэтую спякотную пару на першы план выходзіць не толькі надзейнасць тэхнікі, зернесушыльных комплексаў, арганізацыя працэсу, пачынаючы ад ўборкі і заканчваючы засыпам зерня новага ўраджаю ў засекі, але і добра вядомы чалавечы фактар.

Як паказвае вопыт жніўных кампаній, самым трывалым звяном у гэтым ланцужку становяцца сямейныя экіпажы. Пераемнасць пакаленняў на хлебным полі – з’ява ўнікальная.

У гэтым сэнсе на фоне астатніх гаспадарак вылучаецца РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе на пяці хлебаўборачных машынах працуюць блізкія і родныя людзі. З некаторымі з іх пазнаёміўся наш карэспандэнт.

Мне здаецца, справа камбайнера з тых рэдкіх прафесій, якія немагчыма засвоіць па падручніках ці на спецыяльных трэнажорах. Тут існуе столькі нюансаў, якія можна спазнаць выключна на практыцы. Як весці машыну па полі, дзе шмат палёгліцы; як настроіць барабан пад ранішнюю расу; як на слых улавіць нязначны збой у рабоце камбайна… Тут, як кажуць, дробязяў не бывае. І старэйшае пакаленне перадае гэтыя сакрэты малодшаму падчас работы – ды так прафесійна і даходліва, што вучні пераўзыходзяць сваіх настаўнікаў.

Сын і бацька 

Адзін з сямейных тандэмаў, якія ўбіраюць ураджай на нівах саўгаса, бацька і сын Капусты. Прычым малодшы прадстаўнік дынастыі хлебаробаў Альберт – за старшага камбайнера. А аксакал камбайнерскай справы Мікалай памочнік.

– У нас пераемнасць пакаленняў. З шостага класа штолета не вылазіў з кабіны бацькавага камбайна, тады не такія строгія правілы былі – на гэта глядзелі праз зажмураныя вочы. Па нашых слядах і сын пайшоў, – зазначыў старэйшы Капуста.
 
Альберт з той кагорты вяскоўцаў, жыццёвы шлях якіх найлепш характарызуе добра вядомае выслоўе «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».

– У якасці камбайнера для мяне гэта другая ўборка, прычым першая – у пары з татам. З блізкім чалавекам прасцей працаваць. Часам гаварыць штосьці не трэба – разумеем адзін аднаго без слоў, – прызнаецца аграрый. – Больш за 800 тон намалацілі. Камбайн адносна новы. Хацелася, каб ён адрозніваўся ад астатніх. Ведаю, што некаторыя камбайнеры ўпрыгожваюць свае хлебаўборачныя машыны выявамі сцяга ці жытнёвага поля, а ў нас – прыгажуня-беларуска.

Брат і сястра

Адметна, што ўклад у каравай новага ўраджаю, у тым ліку і ў саўгасе, на роўных з мужчынамі робяць і прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва. І гэтая справа падаецца асабліва высакароднай і сімвалічнай – улічваючы, што цяпер Год беларускай жанчыны. На жніве ўпершыню роднаму брату Ільі дапамагае Марыя Скурат. Больш таго, у кабіне камбайна дзяўчына сёлета сустрэла сваё паўналецце.

Гэты маладзёжны экіпаж – прадаўжальнікі слаўных хлебных традыцый сям’і. Іх бацька, Андрэй Іванавіч, намеснік дырэктара саўгаса па вытворчасці, да гэтага шмат гадоў адпрацаваў у гаспадарцы галоўным аграномам; а маці, Ірына Яўгенаўна, насеннявод на зернескладзе ў Кемелішках.

Выхаваныя ў вялікай і дружнай сям’і, дзе праца на зямлі – не проста звыклая работа, а значная частка вяс­ковага ўклада жыцця, маладыя людзі вырашылі ра­зам паспрабаваць свае сілы на жніве, хоць прафесійна абодва не звязаны з сельскай гаспадаркай. Ілья выратавальнік, Марыя педагог.

– Пяць сезонаў набіраўся вопыту, а сёлета вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі старшага камбайнера, – падзяліўся малады чалавек. – Неяк падчас размовы сястра сказала, што не супраць і яна папрацаваць на ўборцы. 

– Прычым гэта было маё самастойнае рашэнне, – да размовы далучылася Марыя. – Сёлета скончыла Мінскі педагагічны каледж. З 1 верасня буду ў нашай мясцовай школе вучыць дзетак. Вольны час ёсць, таму вырашыла правесці яго з карысцю – і для нашага саўгаса, і для сябе. З раёна прыязджалі з падарункамі прадстаўніцы жаночага руху – прыемна і нечакана, прызнацца, не прывыкла да такой увагі.

Зяць і цесць 

Дзмітрый Шэша і Міхаіл Козел – адзін з самых вопытных камбайнерскіх экіпажаў не толькі ў саўгасе, але і Астравецкім раёне. Сумесна на жніве яны ў 19-ты раз, а для Дзмітрыя гэтая ўборка – 23-я.

– І летась, і сёлета надвор’е замаруджвае тэмпы. Калі ў мінулы сезон літаральна не маглі ўлезці ў поле – камбайны «правальваліся» і загразалі, то зараз вельмі мокрая збажына. Сёння (3 жніўня. – Заўв. аўт.), напрыклад, жаць пачалі толькі пасля 12 гадзін дня, – падзяліўся Дзмітрый Шэша, які да таго ж яшчэ і адвозіць збожжа ад камбайна на зернесушылку.

З гэтым экіпажам на жніве сустракаюся не ўпершыню, і заўсёды імпануе, з якой заклапочанасцю і непрыхаваным перажываннем хлебаробы гавораць пра ўборку ўраджаю.

– Мы не рвёмся за рэкордамі, хоць, канешне, кожны камбайнер марыць намалаціць тысячу тон збожжа, – працягнуў суразмоўца. – Для нас галоўнае – без страт убраць ураджай, таму і хада камбайна па полі марудная… Паскорышся – і зярняты прасыплюцца на зямлю, змарнуюцца. А мы ведаем кошт хлеба…

Разам з імі на жніве працуюць…

...галоўны аграном Дзміт­рый Малючак пастаянна кант­ралюе працэс уборкі.

...вадзіцель Валянцін Кяжун з сель­гас­тэхнікі дапамагае вазіць зерне. Як сцвяр­­джае мужчына, ён усё жыццё «пры збожжы» і ў сельскай гаспа­­дарцы. Сёлетняя ўборка для яго 40-я. У дзень майго прыезду ў хле­бароба быў дзень нараджэння. 

...Віктар Ашоўскі ўпершыню пра­цуе зернесушыльшчыкам на комп­­лексе, але на «выдат­на» спраўляецца са сваімі аба­вязкамі.

...загадчык цэнтральнага зернесклада Святлана Аўгуль у Рытані прай­шла ўсе прыступкі ў прафесіі: пачынала звычайным рабочым, а потым дарасла да гаспадыні зернетока. 

...камбайнер Дарыўш Шадзянец задаволены сёлетнім ураджаем.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич