На Островетчине определились все призёры трудового соревнования на жатве
Увайшлі ў смак уборкі – інакш і не скажаш пра хлебаробаў раёна. Калі яшчэ на мінулым тыдні дарогу да яго вялікасці Хлеба ім перакрывалі несупынныя дажджы, то цяпер спыніць можа, напэўна, толькі раса. Ці… узнагароджванне! Праўда, яно заняло толькі некалькі хвілін: не будзеш жа замінаць працаўнікам у такую спякотную ва ўсіх сэнсах пару.
У апошні дзень ліпеня на Астравеччыне вызначыліся ўсе прызёры жніўнага спаборніцтва сярод камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў. Адметна, што ў лік першых “тысячнікаў” і “двухтысячнікаў” трапілі прадстаўнікі амаль усіх гаспадарак.
З дыпломамі, грашовымі прэміямі і кветкамі ў КСУП “Гервяты”, “Міхалішкі” і “Гудагай” выправіліся першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Чырыца, старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула і, узброіўшыся фотаапаратам, карэспандэнт “раёнкі”. На месцах да нас далучыліся дырэктары Ігар Жданаў, Вадзім Саковіч і старшыня прафсаюзнай пярвічкі КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка.
Зазначу, што і ў гаспадарак адзначаюць сваіх “тысячнікаў” грашовымі прэміямі.
Другімі сярод камбайнерскіх экіпажаў тысячу тон збожжа і рапсу намалацілі мінулагоднія лідары Андрэй Вінцкусь і Іван Барадынка, які не першы сезон дапагае гервятцам абмалочваць нівы. З улікам таго, што іх “Джон-Дзір” больш за 20 сезонаў на перадавой жніва і здараліся паломкі, хлебаробы паказалі цудоўны вынік.
Тройку лепшых замкнулі Яўген Грабоўскі і Віктар Вашкевіч з КСУП “Гудагай”. Экіпаж, як і астатнія лідары жніва, добра вядомы на Астравеччыне. Некалькі сезонаў запар гэты тандэм нікога не прапускаў наперад.
“Серабро” сярод вадзіцеляў узяў Павел Кікіліч з КСУП “Гервяты”. Мужчына прызнаўся, што ніякага сакрэту ў такім пераможным выніку няма: калі трэба, то адвозіў збожжа і да апоўначы. Узнагароджваючы свайго работніка, дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў абяцаў у хуткім часе спраўдзіць пажаданне перадавіка абнавіць у яго МАЗе колы… Што ж, ловім кіраўніка на слове!
На трэцяй прыступцы размясціўся Станіслаў Мілашэвіч з КСУП “Міхалішкі”. Мужчына таксама неаднаразовы прызёр жніўнага спаборніцтва. КамАЗ, якому больш за 20 гадоў, аксакал вадзіцельскай справы не прамяняў бы ні на якую іншую грузавую машыну. Па словах перадавіка, менавіта жалезны сябар не падвёў яго на ўборцы.
Трэцімі ў раёне звыш двух тысяч тон збожжа і рапсу давяло да патрэбнай кандыцыі звяно аператараў зернесушыльнай устаноўкі “ЛідАрай” КСУП “Гервяты” ў складзе Пятра Лотаха, Мікалая Валэйкі і Валерыя Мілаша. Хоць апошні быў на выхадным, але ўзнагароду яму абавязкова перададуць напарнікі.
Віншуючы прызёраў жніва, госці жадалі ім здароўя, плёну, каб не падводзіла тэхніка і здароўе, а яшчэ – не адной намалочанай, перавезенай і дасушанай тысячы тон збожжа.