Свята з асаблівай душой: у Альхоўцы ў чарговы раз прайшоў фестываль сямейнай творчасці

09:00 / 29.07.2026

У адзінаццаты раз сабраў жыхароў і гасцей Альхоўкі фестываль сямейнай творчасці. Я ўпершыню трапіла на гэта свята – і адчула, наколькі цёплая і ўтульная атмасфера тут пануе, пра якую так шмат заўсёды расказваюць удзельнікі і арганізатары.

У вёсцы (якую нягледзячы на такі афіцыйны статус хочацца назваць пасёлкам, як падкрэсліла старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Кацярына Емяльян) увогуле асаблівая аура: Альхоўка не падобна ні на адзін населены пункт Астравеччыны, а яе жыхароў – добрых і дружалюбных, таленавітых і працавітых – можна лічыць адной вялікай сям’ёй, якая старанна імкнецца зрабіць свой маленькі родны куточак прыгожым, цікавым і прыцягальным.

Фестываль – яскравае ўвасабленне такіх спраў вяскоўцаў: свята хутка выйшла за межы Альхоўкі і пераўтварылася ў сустрэчу не толькі родных і знаёмых, але і сяброў з іншых населеных пунктаў, раёнаў і нават абласцей. І ніхто тут нікому не чужы!

Сёлета галоўную падзею вёскі прысвяцілі Году беларускай жанчыны. З гэтай нагоды арганізатары стварылі каля мясцовага клуба алею з партрэтамі альхоўскіх юбілярш. Святочная праграма таксама вылучалася тым, што асаблівую ўвагу надавалі прыгожай палове чалавецтва. Матуля, жонка, ахоўніца хатняга ачага, натхняльніца, гаспадыня… – вядучыя славілі розныя іпастасі беларусак. І выступалі на фестывалі ў большасці годныя прадстаўніцы: маці з дачкой, сёстры, цётка з пляменніцай, бабуля з унукам – за песні і танцы яны атрымлівалі гучныя апладысменты ад аднавяскоўцаў і гасцей. Узнагароджванне правялі старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Кацярына Емяльян і дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія Кулеш – сцэна ледзь змясціла ўсіх удзельнікаў.

Падарункі таксама прымалі і пераможцы конкурса на лепшы падворак: Гелена Васілёнак, сем’і Саўко і Кушлевіч.

А яшчэ ў Альхоўцы, якая месціцца на беразе ракі Страчы, не маглі не правесці спаборніцтва для рыбакоў. Не паверыце, але лепшым ва ўсіх трох намінацыях – «Раз рыбёшка, два рыбёшка», «Самая крупная рыба», «Самый богатый улов» – упершыню ў гісторыі фестываля стаў адзін чалавек: перамогу святкаваў Арцём Міхайлаў.

У гэты дзень тут хапала ўсяго: працавала пляцоўка «Казкі на траве» мясцовай бібліятэкі; забаўляльную праграму падрыхтавалі Фіксікі з цэнтра культуры; самадзейныя майстры прадавалі прыгожыя вырабы; мастакі-аматары малявалі пад адкрытым небам; непаседы-дзеці скакалі на батутах; карысныя прызы разыгрывалі падчас латарэі; усе частаваліся найсмачнейшымі «матулінымі пірагамі»… А яскравым завяршэннем альхоўскага свята стала выступленне народнага вакальнага ансамбля «Кросны» з Баранавічаў.

З першых вуснаў

Эвеліна Радзюш:

– Пакуль адны ходзяць па пляцоўках, я пляту бранзалеты з бісеру. Пачала займацца гэтым у другім класе ў гуртку, потым кінула, але бісерапляценне засталося захапленнем. У мінулым годзе таксама рабіла бранзалеты і прадавала. На гэты раз яшчэ і на сцэне выступаю разам з сястрой і сяброўкамі.

Кацярына Штура:

– З малодшым сынам Давідам да свята стварылі вырабы з гіпсу, а сёння ён і за прадаўца сядзіць. (Усміхаецца.) Такі від творчасці паспрабавала паўгода таму – не ўсё адразу атрымалася, але мне спадабалася. Вучуся на сваіх памылках. Нядаўна пачала рабіць фігурныя свечкі з воску – выходзіць прыгожа. На свята вёскі вырашыла паказаць аднавяскоўцам свае вырабы. У нас усе жыхары чымсьці захапляюцца, штосьці ствараюць – фестываль дазваляе убачыць гэта, падтрымаць суседзяў і сяброў і даказаць, што вёска жыве і квітнее.

Вадзім Ярмак:

– Раней усёй сям’ёй – дзве дочкі, пляменнікі, сястра і мама спяваюць добра – удзельнічалі ў конкурсах, а ў гэтым годзе не падрыхтаваліся. (Усміхаецца.) Але мама ўсё ж будзе выступаць. Таму прыйшлі не толькі адпачыь на свяце, але і паслухаць яе. Бабулю паклікалі сюды – яна доўгажыхар Альхоўкі.

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова