Вадзіцель аўталаўкі Вітольд Рогач: “Дапамогі не бывае шмат”

16:00 / 26.07.2026

На адным з маршрутаў аўталаўкі Смаргонскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства пакупнікі часта просяць кнігу заўваг і прапаноў. Не падумайце – не прэтэнзію напісаць, а падзякаваць вадзіцелю Вітольду Рогачу!


– Я проста сваёй справай займаюся, – усміхаецца Вітольд Станіслававіч. – Кірую машынай, загружаю-разгружаю тавар…

Толькі стрэлка гадзінніка пераваліць за 7 гадзін раніцы, мужчына на рабоце: забірае прадаўца, прыязджае ў Астравец «затарвацца» – і на маршрут, дзе ў пэўны час аўталаўку чакаюць вяскоўцы. Але гэта не ўсё, чым займаецца вадзіцель.

– Любяць нашы людзі не толькі прыкупіць чаго смачненькага ў аўталаўцы, але і за жыццё пагаварыць. У прадаўца часу на гэта не стае – хоць бы паспець у адведзеныя хвіліны кліентаў абслужыць. Дапамагаю я: з адным пагавару, другога паслухаю», – усміхаецца вадзіцель. 

За 10 гадоў, што мужчына працуе на гэтым маршруце, вяскоўцы яго добра ведаюць. Многія з іх ужо сталага ўзросту – каму за 80 пераваліла, каму і за 90. Для бабулек і дзядулек, якія далей чым у аўталаўку за хлебам, нікуды не выходзяць, такія душэўныя размовы, як глыток свежага паветра. 
А яшчэ добрая і неабходная дапамога – яе, лічыць Рогач, шмат не бывае.

– Мне не складана і купіць тое-сёе, калі сам хто прыйсці не можа, – гаворыць Вітольд Станіслававіч. – З некаторымі нават сваю сістэму адпрацавалі: пакуль машына стаіць, збегаю за спісам прадуктаў і грашамі – куплю ўсё неабходнае і з чэкам назад прынясу. Усе мы старэем, і хто яго ведае, што нас чакае наперадзе…

Данесці дадому цяжкія сумкі ці некалькі кілаграмаў цукру – Вітольд побач.

…На аўталаўку Рогач прыйшоў з дальнабойшчыкаў – вопыт, які атрымаў там, дапамагае і тут з машынай спраўляцца, асабліва зімой.

– Люблю працаваць на раёне, хоць і складана. У будні раз'язджаю па вёсках, але з задавальненнем у выхадныя еду на дачу – папрацаваць на зямлі і паслухаць цішыню.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович