Што ведаюць чытачы пра скульптуру Аляксея Сарокіна “Час магнатаў”

08:00 / 19.07.2026

З сямі адказаў, што паступілі на дзявятае заданне конкурсу «Сваё, астравецкае» памылковым аказаўся толькі адзін. Наша дэбютантка Ірына Андрыеўская правільна вызначыла, што на здымку адна з дзесяці каменных скульптур, якія засталіся ў падарунак Астраўцу пасля праведзенага ў 2008 годзе пленэра скульптараў, але, на жаль, памылілася з назвай і аўтарствам: палічыла, што гэта работа Паўла Вайніцкага «Той, хто ідзе» («Человек идущий»). Усе астатнія правільна пазналі работу Аляксея Саро­кіна «Час магнатаў».


«Чарговае заданне аказалася больш складаным, – прызналася актыўная ўдзельніца нашых краязнаўчых конкурсаў Наталля Блахіна. – На жаль, нават у бібліятэцы не заўсёды можна знайсці адказ на пастаўленае пытанне. Давялося пакланіцца інтэрнэту, каб даведацца пра тое, што бачыш кожны дзень».

Так, многія астраўчане штодня праходзяць міма скульптуры на беразе Лошы каля будынка колішняга млына, слізгануўшы вокам па тварах двух барадатых мужчын, адвернутых адзін ад аднаго, напэўна, мала хто задумваўся: хто яны? Чаму постаці іх раздзелены мячамі? Якое дачыненне яны маюць да нашай гісторыі?

Дзякуй нашым канкурсантам, якія, як заўсёды, вельмі ўважліва аднесліся да чарговага задання і падрабязна, многія – з ілюстрацыямі, расказалі пра магнацкія роды Радзівілаў і Гаштольдаў, якія вара­гавалі на працягу двух стагоддзяў. Іх зацятае супрацьстаянне і адлюстраваў у сваёй вельмі сімвалічнай і філасофскай рабоце скульптар Аляксей Сарокін.

«Калі ў гістарычным цэнтры Астраўца спыніцца каля скульп­туры Аляксея Сарокіна «Час магнатаў», першае пачуццё – неразуменне. Хто гэта? Пра што? Не класічны конны помнік і не пафасны бюст, а два суровыя каменныя сілуэты, што стаяць, адвярнуўшыся, нібы ворагі, што застылі ў вечным супрацьстаянні. І толькі веданне гісторыі дапамагае зразумець: гэта ўвасобленае ў камені адлюстраванне барацьбы двух магутнейшых родаў Вялікага Княства Літоўскага, ад зыходу якой  часта залежаў лёс дзяржавы», – піша Карына Стаповіч.

У  двух суровых тварах, раздзеленых мячамі, што глядзяць у супрацьлеглыя бакі, скульптар увасобіў гісторыю 200-гадовай варожасці двух магнацкіх родаў – заснавальнікаў Астраўца Гаштольдаў і Радзівілаў.

Гаштольды ніколі не жылі ў нашай мяс­цо­васці, але, як вядома, упершыню Аст­равец  узгадваецца ў дакуменце 1468 года, у якім уладальнік Геранёнаў Юрый Гаштольд запісаў штогадовы фундуш  парафіяльнаму касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых у Астраўцы: дзве меры мёду са свайго маёнтка Парэчча. Пазней уладальнікам Астраўца стаў Альбрэхт Гаштольд: менавіта яго профіль высечаны на скульптуры. 

Яго візаві – Мікалай Радзівіл, прад­стаўнік магутнага роду «некаранаваных каралёў» Вялікага Княства Літоўскага. 
 

Гісторыкі сцвярджаюць, што калі размова заходзіць пра Гаштольдаў, то заўсёды побач стаіць імя каго-небудзь з Радзівілаў. Сапернікі і сябры, родзічы і саслужыўцы – яны заўсёды побач. Варожасць змянялася добрасуседствам, нянавісць – сяброўствам. 

Найбольш адносіны паміж гэтымі двума магнацкімі кланамі аб­ва­стрыліся ў 16-м ста­годдзі. Мікалай Радзі­віл і Альбрэхт Гаштольд бы­лі ўплывовымі асо­ба­мі ў Вялікім Княстве Літоўскім, знаходзіліся ў свіце караля. Але манарху неаднойчы даводзілася мірыць іх, разбіраць маёмасныя спрэчкі, у выніку чаго страчвалі абое, бо штрафы, якія накладваў на іх кароль, ішлі на карысць казны.

І Альбрэхт Гаштольд, і Юрый Радзівіл удзель­нічалі ў распрацоўцы Статута Вялі­­кага Княства Літоўскага. Першая вер­сія дакумента была падрыхтавана пад кі­раўніцтвам Радзівіла. Калі ж той у 1520 годзе памёр, месца канцлера і ваяводы віленскага заняў Гаштольд і работа над Статутам прадоўжылася пад яго кіраўніцтвам.

Варожасць паміж магнатамі часта спрабавалі спыніць з дапамогай  родавых шлюбаў. Так было, калі Станіслаў Гаштольд ажаніўся з Барбарай Радзівіл. Марыя Васілёнак расказвае, што вяселле было пышным, пасаг нявесты вязлі ў Геранёны на двух вазах: парчовае адзенне, скуры гарнастаяў, чапцы венецыянскай работы, вышытыя золатам, сталовае серабро. Станіслаў Гаштольд не застаўся даўжніком: падарыў цесцю і цешчы па 40 собаляў, залатыя ланцугі ды 100 залатых чырвонцаў. 

Аднак праз некаторы час Станіслаў памёр, пакінуўшы прыгажуню-жонку бяздзетнай. Так спыніўся род Гаштольдаў. Род Мікалая Радзівіла згас у наступным пакаленні.

Такім чынам, магнацкая варожасць сышла на нішто разам з яе носьбітамі. А памяць пра гэтую старонку нашай гісторыі засталася ў скульптурнай кам­пазіцыі Аляксея Сарокіна.

Удзельнікі конкурсу падрабяз­на рас­ка­­залі і пра скульптара. Ён нара­дзіўся ў 1974 го­дзе ў расійскім Тальяці. У яго бе­ла­рускія карані, якія і прывялі юнака ў Мінскае мастацкае вучы­лішча. Пазней Аляксей скон­чыў Беларускую дзяржаўную ака­­дэ­мію мастацтваў, нейкі час пра­цаваў выкладчыкам скульптуры і малюнка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

Сарокін – удзельнік больш 40 рэспублі­канскіх і міжнарод­ных пленэраў, выставак, сімпо­зіўмаў, конкурсаў.  Яго работы ўста­ноў­лены не толькі ў Аст­раўцы і суседняй Смаргоні, дзе Аляксей разам з калектывам аднадумцаў афармляў мемарыяльны комп­лекс, прысвечаны Першай сусветнай вайне, але і ў Расіі, Кітаі, Тайвані, Францыі, Ізраілі. Як адзна­чае Аляксандра Працута, у яго работах ідэальна прапрацаваныя рэалістычныя элементы спалучаюцца з брутальнай, грубай структурай прыроднага каменя – гэта, да слова, бачна і ў скульптуры «Час магнатаў».

Аляксандра Працута шмат цікавага паве­даміла не толькі пра майстра, але і пра камень, з якога зроблена скульптура, і пра асаблівасці работы з ім.

Практычна ўсе ўдзельнікі падрабязна расказалі пра пленэр, які ў 2008 годзе прайшоў у Варнянах і ў выніку якога ў нашым горадзе з’явілася 10 высо­ка­мастацкіх скульптурных кампа­зіцый, якія сталі адметнасцю і візітнай карт­кай Астраўца. Акрамя «Часу магнатаў» Аляксея Сарокіна, гэта «Дубочак» Эдуар­да Астаф’ева, «Папараць-кветка» Карнея Аляк­сеева, «Званы Марыі» Анатоля Бара­зеннікава, «Бык» Валянціна Борздага, «Той, хто ідзе» Паўла Вайніцкага, «Арфа» Ігара Засімовіча, «Стронга» Кацярыны Злоцінай, «Матылёк» Валерыя Казлоў­скага, «Хмарка» Юрыя Кандрашова. У аў­тараў была поўная свабода творчасці ажно да выбару месца, дзе будуць уста­ноўлены скульптуры, але іх папрасілі, каб работы былі тэматычна звязаны з Астраўцом і яго гісторыяй. 

Памеры газетнай старонкі не дазва­ляюць прывесці ўсе адказы нашых канкурсантаў ці нават вытрымкі з іх – паверце, што ў большасці сваёй яны вельмі цікавыя, падрабязныя, грунтоўныя. 

На гэтым этапе 3 балы налічылі Вячаславу Саковічу, па 4 – Марыі Васілёнак, Наталлі Блахіной, тандэму Бабіч – Заруба. Карына Стаповіч і Аляксандра Працута атрымліваюць па 5 балаў.

Фотаілюстрацыі ўдзельнікаў конкурсу і з архіва «АП».

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Текст: Нина Рыбик