Жатва-2026: хлеборобы КСУП «Ворняны» одни из первых в районе начали массовую уборку зерновых
Па традыцыі апошніх гадоў жніво на Астравеччыне распачынаецца з уборкі азімага ячменю – культуры, якая найхутчэй даспявае і дае магчымасць на старце праверыць гатоўнасць тэхнікі да гэтай важнай аграрнай кампаніі. Другі сезон запар застрэльшчыкамі ў гэтай справе з’яўляюцца хлебаробы КСУП «Варняны».
Першыя камбайны выйшлі на палі напачатку гэтага месяца. Масавая ўборка стрымлівалася нераўнамерным даспяваннем збожжа на розных участках і дажджлівым надвор’ем. Тым не менш, аграрыі выкарыстоўвалі кожную пагодную гадзіну і выбарачна абмалочвалі найбольш спелыя ўчасткі. Хоць дажджы ўсё адно стрымліваюць ход і тэмпы жніва, тым не менш, з дня ў дзень яно набірае абароты.Наш карэспандэнт паназіраў за пачаткам жніўнага мас-старта ў КСУП «Варняны», а таксама даведаўся, хто працуе на новым збожжаўборачным камбайне, з якім настроем распачалі жніво хлебаробы, хто ім дапамагае вазіць сабраны ўраджай.
Некалькі гадоў назад Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў перад аграрыямі краіны задачу павялічыць пасяўныя плошчы пад азімым ячменем, назваўшы гэту культуру выратавальнай ва ўмовах так званага рызыкоўнага земляробства. Па вялікім рахунку, нягледзячы на грунтоўную і старанную падрыхтоўку да ўборкі тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі, з капрызамі надвор’я не паспрачаешся.
Больш таго, падобная стратэгія дазваляе не толькі атрымаць першае збожжа, але і абкатаць тэхніку і забяспечыць яе плаўны пераход на ўборку азімага рапсу і іншых збожжавых культур.
Калі ў дзень майго прыезду (13 ліпеня. – Заўв. аўт.) у цэлым па раёне было зжата 40% гэтай культуры, то ў гаспадарцы – 58%. Хоць ураджайнасць тут і не самая высокая ў параўнанні з іншымі сельгаспрадпрыемствамі, тым не менш, сёлета варнянцы з гектара набіваюць на 10 цэнтнераў больш, чым ў мінулым годзе.
Звычайна працаўнікі раслінаводчай галіны неахвотна робяць прагнозы на ўраджай, але ўжо бачна, што ён павінен быць больш важкім за мінулагодні. «Каб толькі не дажджыла!», «Надвор’е будзе – з хлебам будзем!», «Усё залежнае ад нас зробім» – падобныя выказванні чула ад большасці камбайнераў, з якімі атрымалася перакінуцца некалькімі словамі. Дзякуй, што на пару хвілін спынілі хлебаўборачныя машыны і падзяліліся спадзяваннямі, планамі і хваляваннямі. Так хочацца, каб просьбы хлебаробаў пачулі ў нябеснай канцылярыі, надвор’е не падвяло і нашы камбайнеры спакойна змаглі ўбраць ураджай да апошняга зярнятка.
На ніве ўздоўж дарогі за вёскай Больнікі налічыла 8 камбайнаў. Для сябе адзначыла, што ячмень тут вырас неблагі – праўда, пасевы крыху зрэджаныя. Але гэта і зразумела, таму што звычайна першымі пачынаюць убіраць слабейшыя ўчасткі. А яшчэ прыкмеціла размераную і няспешную хаду хлебных машын па збожжавым полі – па ўсім бачна, што за штурваламі камбайнаў прафесіяналы, якія ведаюць сапраўдны кошт хлеба і беражліва ставяцца да кожнага коласа.
«Шэсць сезонаў – на «Лідзе», 14 – на «Палессі», другі год – на гэтым камбайне. Тут у параўнанні са старымі мадыфікацыямі КЗСа камфортна, – адзначыў хлебароб. – Дзён дзесяць жнём, але масава сталі ўбіраць адносна нядаўна. Дажджы не дазвалялі развярнуцца напоўніцу».
«Летась быў у пары з братам. Сёлета дапамагае Іван Змітровіч. У лідары не рвуся, але і ў канцы быць не хочацца, – з усмешкай прызнаўся мужчына. – Галоўнае – без страт убраць тое, што саспела. Чым больш намалоцім, тым больш заробім».
Поруч з вопытнымі хлебаробамі працуе і новая змена – маладыя і талковыя механізатары.
«Настрой агонь – а інакш і быць не можа! – Улад усміхаецца. – Толькі надвор’е крыху нервы псуе. А так усё цудоўна. Ураджай добры, камбайн добрасумленна падрыхтаваў: паставіў новыя элеватары, якія падаюць збожжа ў бункер; замяніў нажы, каб салома рэзалася якасна; праверыў і абнавіў падшыпнікі, каб працэс ішоў без збояў, і яшчэ па дробязях тое-сёё зрабіў. Словам, не паленаваўся! Цяпер усё залежыць ад тэхнікі і ад нас саміх.
– У першых чыслах ліпеня пачалі ўборку, можна сказаць, толькі «вылазкі» выбарачна рабілі, – да размовы далучыўся памочнік Алег Бусловіч. – Толькі трэці дзень нармальна ўбіраем. Учора, напрыклад, жалі да 8 гадзін вечара».
Тым не менш, без паломак не абыходзіцца, тым больш калі камбайн па сельскіх нівах «наматаў» не адзін сезон. Аднак пастаянна руку на пульсе жніва трымае інжынерная служба. Замяніць плату (кажучы па-просту кіруючы цэнтр машыны, які адказвае за ўсе маніпуляцыі) Мар’яну Масойцю ў полі дапамагаў галоўны інжынер КСУП «Варняны» Віталь Апанасік.
На зернесушылкі збожжа адвозяць 6 адзінак тэхнікі. Не першы год на роўных з варнянцамі працуе сямейны падрад Праўлуцкіх з Завельцаў.
Кампетэнтна
Галоўны аграном КСУП “Варняны” Іван Дзенюш:
– Уборачную кампанію сёлета ўскладніла дажджлівае надвор’е. Жніўны клін дасягае 3 тысяч гектараў, таму нагрузка на адзін камбайн дастаткова вялікая – звыш 400 гектараў.
Сушыльную гаспадарку падрыхтавалі: у Варнянах комплексы працуюць на прыродным газе, у Вароне – на дызельным паліве.
Усім задзейнічаным на жніве работнікам даведзены расцэнкі аплаты, арганізавана двухразовае харчаванне: прывозім абеды з кафэ «Вілія» КСУП «Міхалішкі», на падвячоркі даём гервяцкую тушонку.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.