У дзявяты раз у Кемелішках адзначылі Дзень рыбака
Што ні кажыце, а добрая ідэя ўзнікла гадоў з дзясятак таму: стварыць у буйных вёсках і аграгарадках брэндавыя святы. Недзе, да слова, і выдумляць нічога не давялося: слава пра гервяцкі ці гудагайскі фэсты выйшла далёка за межы раёна. А хто не мог падобным пахваліцца, падумалі – і прыдумалі, чым адметным выдзеліцца сярод іншых.
У Кемелішках, да прыкладу, вырашылі штогод адзначаць Дзень рыбака. І назвалі сваё свята гучна і з прэтэнзіяй – “Залатая фарэль Астравеччыны”. І хоць фарэль, насельніца хуткіх і халодных рэчак, пры ўсім жаданні не змагла б прыплыць у сухапутныя Кемелішкі, ды і залатой яе цяжка ўявіць, але ж – гучыць!Зрэшты, назва тут не галоўнае…
А што галоўнае, спытаеце вы? Думаю, як і на кожным свяце вёскі, якім, па сутнасці, і стала “Залатая фарэль…”: сустрэцца з аднавяскоўцамі не недзе на вуліцы ці ў магазіне, на бягу – на ляту перакінуцца парай слоўцаў, а толкам пасядзець, пагутарыць, распытацца пра жыццё і справы. Паслухаць артыстаў “сваёй гадоўлі” і заезджых зорак, паспяваць з імі і з суседзямі любімыя песні. Пачаставацца фірменнай юшкай Генрыха Чубека і хатнім квасам Марыны Сцефановіч, паласавацца шашлыком і конкурснымі стравамі з “Рыбнага асарці”, пабавіць дзяцей і ўнукаў на “гарадскіх” атракцыёнах, якія з нагоды свята прывезлі ў аграгарадок, і дазволіць ім па той жа прычыне – эх, гуляць дык гуляць! – незвычайны аквамакіяж… І зрабіць у спецыяльнай фотабудцы імгненнае фота на памяць – асабістае ці ў кампаніі з сябрамі, роднымі і знаёмымі.
Ну і, вядома ж, з самай раніцы паспрабаваць рыбацкую ўдачу на беразе вадаёма. Тых, каму яна ўсміхнулася, чакалі прызы, нашмат больш важкія, чым сам улоў. Іх атрымалі тыя, хто налавіў найбольш рыбы, як рыбакі, так і рыбачкі – такія, да слова, таксама былі, нездарма ж сёлета свята прысвячалася Году беларускай жанчыны. Былі адзначаны і тыя, хто злавіў самую вялікую і самую маленькую рыбіну, самыя юныя рыбаловы – такімі аказаліся дзевяцігадовы Канстанцін Мажута і на год старэйшы Канстанцін Чубек. І нават тыя, у каго “клявала ўчора і будзе кляваць заўтра”, як на жартоўным подпісе пад адным са здымкаў рыбалоўнай фотавыставы, без увагі не пакінулі: яны атрымалі дыпломы за ўдзел.
А самыя маленькія маглі адчуць радасць першага ўлову, злавіўшы рыбку прама рукамі ў маленькім басейне.
І хоць рыбакоў, пераважна школьнага ўзросту, было не дзясяткі, як аб’явілі вядучыя, а гледачоў – далёка не сотні, а на парадак менш, усё ж усіх, хто не паверыў дажджліваму прагнозу, а прыйшоў на свята, у якасці падарунка чакаў як мінімум добры настрой. А многія вярнуліся дахаты з каштоўнымі падарункамі. Найбольш пашанцавала ў той дзень жонцы і мужу Святлане і Дзмітрыю Малючакам, якія атрымалі прызы як лепшы рыбак і лепшая рыбачка, ды яшчэ і як самы паспяховы “сямейны экіпаж”.
Зрэшты, прызы і падарункі ад цэнтра культуры і народнай творчасці, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” і прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства, атрымалі многія. І не толькі рыбаловы, але і гаспадары ўзорных кемелішскіх сядзіб Аксана і Аляксандр Шостакі, Ала і Валерый Алёхны, Казімір Пляўга, удзельнікі кулінарнага конкурсу “Рыбнае асарці”.
А галоўным падарункам, адным на ўсіх кемелішкаўцаў, стала само свята.
І, вядома ж канцэрт: акрамя мясцовых, вядомых і любімых ва ўсім раёне дарослых і юных артыстаў, гледачоў парадаваў вясёлымі песнямі смаргонскі “Хутарок”.
Слова ўдзельнікам і гасцям
Ангеліна Навасельская, загадчык сектара культуры райвыканкама:
– Самае галоўнае на нашай зямлі –людзі. Дзякуй вам, паважаныя жыхары Кемелішак, за вашу працу, за любоў да сваёй малой радзімы, за тое, што на працягу многіх гадоў клапоціцеся пра свой родны куточак, яго дабрабыт, што падтрымліваеце гэтае свята.
Аксана Савіцкая, спецыяліст РА РГА “Белая Русь”:
– Вёска ва ўсе часы была і застаецца душой і апорай нашай краіны. Тут жывуць працавітыя, шчырыя, мудрыя людзі, якія сваёй штодзённай працай здабываюць багацце роднага краю, беражліва захоўваюць традыцыі і перадаюць маладому пакаленню любоў да малой радзімы. Хай утульныя вулачкі Кемелішак напаўняюцца дзіцячым смехам, а палі і агароды радуюць шчодрым ураджаем. Няхай вашы добрыя справы ўзбагачаюць гісторыю гэтага неверагоднага маляўнічага куточка Астравеччыны.
Святлана і Дзмітрый Малючыкі:
– Другі год прымаем удзел у гэтым свяце і ў конкурсе рыбакоў – і другі раз становімся пераможцамі. Мы ўсюды разам – і дома, і на рыбалцы. Няпраўда, што гэта не жаночая справа – мы ўдваіх ловім. Калі дачушка падрасце, то, думаем, і яна да гэтай справы прызвычаіцца.
Казімір Пляўга, жыхар Кемелішак:
– Усё жыццё працаваў трактарыстам у саўгасе. Мусіць, нядрэнна, калі ордэн Працоўнай Славы далі. Пяцьдзясят гадоў пражылі з жонкай. А потым яна памерла. Адзін застаўся. Але стараюся парадак падтрымліваць, як і пры ёй. А як інакш? Трэба ж, каб ад людзей сорамна не было.
Галіна і Эдзіта Скутавы з Літвы:
– Мы родам з Малых Свіранак. Бацькоўскі дом даўно апусцеў, але не кідаем яго. Цягне на радзіму як магнітам! Тут магілы таты і мамы, родная хата, свае людзі. І хоць чэргі на граніцы вялікія, усё роўна хочацца прыехаць. Калі недзе ў гэтыя дні праводзіцца свята вёскі, абавязкова наведваем. Былі на рытанскім фэсце, цяпер вось завіталі ў Кемелішкі. Вельмі любім нашых артыстаў – Аліка Юргелянца, Юру Інаровіча. Яны для нас – самыя галоўныя зоркі!
Генрых Чубек:
– Цудоўная традыцыя – праводзіць у Кемелішках Дзень рыбака. Маё гэта свята, бо сам патомны рыбалоў. І дзед любіў з вудай пасядзець, і бацька. Цяпер ужо ўнук ловіць, з пяці гадоў у конкурсе рыбаловаў прызы атрымлівае. І сёлета зноў у ліку пераможцаў.
А я ўжо каторы год гасцей юшкай частую. Яна ў мяне фірменная, па ўласным рэцэпце варыў, з рыбы, якую сам злавіў, – з ліня і акуня.
А галоўнае на гэтым свяце – не конкурсы і прызы, а тое, што вяскоўцы разам збіраюцца. Гэта самае радаснае і прыемнае. Значыць, жыве вёска!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.