У Клюшчанах успаміналі Сваяка
Каталіцкі святар Канстанцін Стаповіч, больш вядомы па сваім творчым псеўданіме Казімір Свак, памёр 100 гадоў таму.
Пасля яго не засталося ні дзяцей, ні ўнукаў-праўнукаў, якія звычайна нясуць памяць пра сваіх продкаў.
Адышлі ўжо ў лепшы свет і парафіяне ў Камаях, Клюшчанах, Засвіры, якія памяталі ксяндза, які гаварыў з людзьмі “па-просту
Не засталося тых, хто ведаў яго асабіста і мог бы расказаць, якім ён быў…
А на ўгодкі вечнага спачыну ў клюшчанскім касцёле, які цяпер месціцца ў былой плябаніі (незагойны боль, што няма ўжо таго стромкага, звонкага, як песня Сваяка, драўлянага касцёла Святога Яўхіма, дзе служыў Канстанцін Стаповіч і дзе кожная маснічына памятала імклівыя крокі пробашча і шолах сутаны – нібы шэпт анёлаў, якія дыктавалі яму радкі будучых вершаў) напрыканцы чэрвеня сабраліся дзясяткі вернікаў.
Былі тут не толькі мясцовыя жыхары, прыехалі святары і парафіяне з Камаяў Пастаўскага, Шэметава і Канстанцінава Мядзельскага раёнаў, з Астраўца, Варнян, Міхалішак, Мінска, Віцебска, Магілёва. Не напалохала і не спыніла небывалая ў Беларусі спякота, якая здарылася напрыканцы чэрвеня. У іх была важкая прычына замест адпачынку ў халадку выправіцца ў далёкую ці не вельмі дарогу: яны спяшаліся на спатканне са Сваяком. Каб успомніць, памаліцца за спачын яго душы, пачытаць вершы, паспяваць песні і проста пастасавацца з аднадумцамі-сваякамі, якія сталі такімі, нават калі бачыліся ў гэты дзень упершыню. Усіх паяднаў малады чалавек, які пранікнёна глядзеў з партрэта.
Некалі Канстанцін Стаповіч марыў і шчыра маліўся, каб у касцёле загучала беларуская мова, і шмат для гэтага зрабіў, у тым ліку і ўласным прыкладам, сваім самаахвярным жыццём.
Мара яго спраўдзілася: у той дзень эўхарыстыя, якую цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч ксёндз-канонік і дэкан астравецкі Анатоль Захарэўскі і ў якой удзельнічалі яшчэ пяць святароў з розных парафій трох абласцей, вялася па-беларуску.
Так супала, што менавіта ў гэты дзень у Клюшчаны прыбыла копія абраза Маці Божай Міласэрнасці (Вострабрамскай). Супадзенне сімвалічнае. Не ўсе ведаюць факт, што ў жыцці будучага святара быў пераломны момант, калі ён засумняваўся, ці правільна абраў жыццёвую дарогу.
Вось што Канстанцін Стаповіч пісаў у сваім духоўным дзённіку “Дзея маёй мыслі, слова і волі”:
“Помню дзіўны момант. Я прыехаў у Вільню з дарагім сваім айцом. Зайшлі ў катэдру, бацька дзеля Бога, а я сам не ведаю, дзеля чаго: маліцца я не мог. У капліцы адпраўлялася набажэнства. (…) Асаблівая ціш, кантраст вулічнага шуму панавала ў святыні. Ад абразоў святых біў нейкі спакой няземскі. На алтары павольна таялі, бы ў слязах балючых, гарачыя свечкі…
Бацька апусціўся на калені і пачаў свае малітвы. Сэрца маё забіла трывогай. Перад вачамі стаяла будучыня неразгаданая, тайнічная. Здалося мне, што лёс мой не толькі ад мяне залежны. Агляд Прадвечны Бога мусіць быць над кожным. Чаго Ён ад мяне жадае?.. (…) Я хацеў высокага зразумення і высокіх учынкаў. (…) Я маліўся”.
Высокае разуменне сышло на Кастуся. І высокімі ўчынкамі было напоўнена ўсё яго жыццё. Бо спаслаў яму не толькі святарскае пакліканне, але і мастацкі талент, і душу тонкую, якая адчувала чужы боль як уласны, і жаданне дапамагаць людзям.
Пра ўсе гэтыя шматлікія пакліканні святара, паэта, філосафа гаварылі падчас імпрэзы, якая распачалася пасля эўхарыстыі. Бібліятэкары не толькі расказалі пра жыццё Канстанціна Стаповіча, а і змаглі ўключыць у агульную размову многіх з прысутных. Гучалі вершы Казіміра Сваяка і прысвечаныя яму творы Мар’яна Дуксы, Станіслава Валодзькі, Міхася Машары, Генавефы Дубеловіч. Праціналі душу яго вершы, якія палажылі на музыку і цудоўна праспявалі Максім Іўкін і Людміла Кухарэвіч. Гучалі народныя песні, якія так любіў слухаць і спяваць Кастусь. Камайскія прыхаджане дзяліліся ўспамінамі сваіх аднавяскоўцаў пра “маладзенькага ксяндза, які хораша гаворыць па-беларуску”.
І, здаецца, не мяне адну не пакідала адчуванне, што нябачна ў касцёле прысутнічае сам Кастанцін Стаповіч. І цешыцца не столькі тым, што яго ведаюць і памятаюць праз сто гадоў пасля смерці, колькі тым, што мова беларуская, пра якую ён так самаахвярна дбаў, гучыць свабодна і нязмушана і ў касцёле, і на імпрэзе.
Значыць, нездарма згарэла, бы свечка, яго кароткае жыццё.
З першых вуснаў
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч:
– Канстанцін Стаповіч пражыў толькі 36 гадоў, але зрабіў шмат. Гэта вельмі важная асоба для касцёла на Беларусі. Ён імкнуўся абудзіць у народзе свядомасць, што на роднай мове можна не толькі сварыцца ці размаўляць у хаце, але і маліцца, гаварыць з Богам. Мы, беларусы, часам лічым сябе горшымі ад іншых, толькі гэта няправільна. Бог даў кожнаму народу сваю мову, сваю годнасць, культуру, якую належыць паважаць і шанаваць. І ў гэтым сэнсе для нас з’яўляецца прыкладам самаахвярнае жыццё Казіміра Сваяка, які па малітве сваёй атрымаў не толькі дар святарскага паклікання, але перадусім быў паэтам і асветнікам. Ён адкрываў беларускія школкі, сам вучыў дзяцей і рыхтаваў настаўнікаў для работы ў іх.
Малавядомыя факты з жыцця Казіміра Сваяка
Казімір Сваяк даведаўся пра сваю невылечную на той час хваробу – сухоты – у 22-гадовым узросце. Большую частку свайго свядомага жыцця – 14 гадоў – ён мужна змагаўся з хваробай, але пры тым не пакідаў душпастырскую і грамадскую дзейнасць. Калі патрабаваліся грошы для лячэння за мяжой, дабрадзеі шчодра ахвяравалі для свайго любімага ксяндза, а ён часта аддаваў іх вясковым дзецям, мнагадзетным сем’ям, якія найчасцей нават не ведалі, адкуль прыйшла дапамога, лічылі яе цудам і ласкай Пана Бога. Па сутнасці, так і было.
Менавіта Канстанцін Стаповіч разам са сваім сябрам, вядомым каталіцкім святаром Адамам Станкевічам склалі першы беларускі малітоўнік “Голас душы”. Шмат пазней яго назва ўвасобілася ў лагатыпах аднайменнай газеты і радыёперадачы. Дарэчы, першы прыжыццёвы зборнік Казіміра Сваяка “Мая Ліра” пабачыў свет менавіта дзякуючы дапамозе Адама Станкевіча.
Нішто чалавечае было яму не чужое. Часам Казіміра Сваяка агортваў сум і адчай – гэта відаць па некаторых яго вершах, запісах у дзённіку Зрэшты, хто б мог гэтага пазбегнуць, даведаўшыся ў такім узросце, што дні твае ўжо палічаны.
Але пры тым ён любіў трапны народны жарт, складаў і запісваў анекдоты, якія друкаваў пад псеўданімам “К.С.”