700 кватэр і мноства іншых аб’ектаў пабудаваў у Астравецкім раёне Мар’ян Ган
14:25 / 04.07.2026
Падабалася работа, задавальняла зарплата. Але старэйшага брата забралі служыць на флот, малодшы быў яшчэ школьнікам – бацькам патрабавалася дапамога. І хлопец вярнуўся ў вёску, пайшоў у калгас шафёрам на ГАЗ-51, балазе, правы, і не толькі вадзіцельскія, але і экскаватаршчыка, і трактарыста, атрымаў без адрыву ад работы па асноўнай спецыяльнасці.
Шафёру ставілі цэлых 5 працаднёў за дзень работы! Але ўсё роўна гэта былі слёзы ў параўнанні з ранейшымі паўночнымі заробкамі. А тут прайшоў пленум ЦК КПСС, на якім ставілася задача шырокім фронтам брацца за меліярацыю. Мар’ян зразумеў, што накірунак гэты перспектыўны, і вырашыў атрымаць адпаведную спецыяльнасць. Запісаўся ў Ашмянскае вучылішча на паскораныя курсы, каб атрымаць у дадатак да расійскага пасведчанне экскаватаршчыка беларускага ўзору.
Новую старонку працоўнай біяграфіі Мар’ян Станіслававіч пачынаў у Юрацішскаўскай машынна-меліярацыйнай станцыі, дзе, да слова, працаваў памочнікам у будучага Героя Сацыялістычнай Працы Франца Паташкевіча. Разам з Паташкевічам яны і ў Астравецкае БМУ меліярацыі прыйшлі.
Тут Ган і лёс свой сустрэў – адкапаў, смяецца, калі асушаў палеткі каля Бабраўнік: у гэтай вёсцы ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 10 дзяцей, і нарадзілася яго Соф’я Юльянаўна. Пажаніліся – і хоць у той час яшчэ не існавала паняцця «гасцявы шлюб», жылі менавіта так: жонка са свякрамі – у Трабах, Мар’ян прыязджаў толькі на выхадныя, астатні час ад цямна да цямна, а каторы раз і па цямне – у балоце, за рычагамі экскаватара.
«Зарплаты на першым часе былі неверагодныя, асабліва ў параўнанні з калгаснымі працаднямі. Памятаю, з першай палучкі купіў малодшаму брату касцюм, сарочку, гальштук, чаравікі і ровар з маторчыкам, каб не трэба было яму штодня круціць педалі 10 кіламетраў па дарозе ў школу. А яшчэ ж натуральная аплата была, у канцы года збожжа давалі. Увосень прывёз бацькам цэлы прычэп, амаль 5 тон жыта – тыдзень потым у нашым двары гандаль ішоў – усю вёску забяспечылі».
Але натура ў Мар’яна з аднаго боку грунтоўная, з другога – няўрымслівая: яму заўсёды хацелася спасцігаць нешта новае. Таму ён паступіў на завочнае аддзяленне Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума. Праўда, заканчваў ужо Пружанскі сельскагаспадарчы: пасля таго, як адмовіўся ісці майстрам у Ашмянскае вучылішча, спаслаўшыся, што любіць меліярацыю, яго з будучых настаўнікаў перавялі ў вытворцы.
Тэхнікум ён закончыў з адзнакай. А яго дыпломную работу (Мар’ян Станіслававіч і сёння памятае яе тэму: «Капітальны рамонт трактара ДТ-55 ва ўмовах майстэрні Астравецкага БМУ») старшыня камісіі, выкладчык Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, забраў з сабою. А Мар’яну наказаў прыязджаць у акадэмію, абяцаў, што прымуць без экзаменаў. Маці і жонка не пусцілі: маўляў, збадзяецца ў горадзе.
Але грунтоўнасць і здаровы практыцызм яго характару заўважыў не толькі выкладчык акадэміі.
«Аднойчы выклікаў мяне першы сакратар райкама партыі Арцыменя, – успамінае Мар’ян Станіслававіч. – Я на той час ужо працаваў участковым механікам у БМУ меліярацыі. Кажа: «Выдзелю табе «Жыгулі», апошнія з раённага фонда, калі пойдзеш начальнікам ДЭУ». Я рукі ўгору: які з мяне будаўнік, я ж да мозгу касцей меліяратар! Восем разоў выклікаў мяне Арцыменя. Урэшце сказаў: «Ты мяне сваёй упартасцю моцна падставіў перад абласным кіраўніцтвам. Таму прашу: папрацуй хоць бы месяц, потым вяртайся на сваё балота, у гумовыя боты». Ну што рабіць – згадзіўся. Але як кажуць: узяўся за гуж – не кажы, што не здзюжыш. На тое, мусіць, і разлічваў Дзмітрый Канстанцінавіч. У красавіку 1973 года прыняў я ДЭУ – быў там шостым кіраўніком. І ні разу за гады свайго існавання арганізацыя не выканала план. А мы ў першы ж год справіліся з заданнем. З’явілася прагрэсіўка, пайшла зарплата. Я начамі не спаў, зладзеяў ганяў – хапала лайдакоў у арганізацыі. З дзевяці майстроў замяніў сем. Мы першыя ў рэспубліцы пабудавалі тры кватэры для сваіх рабочых і потым кожны год свой жылфонд павялічвалі».
З’явілася зарплата, жыллё – прыйшлі на работу нармальныя людзі. Па выніках 1973 года Астравецкае ДЭУ заняло трэцяе месца ў рэспубліцы. Жыць стала весялей!
Але ў Арцымені наконт Гана з’явіліся новыя планы.
– Спадзяюся, цяпер ты не будзеш такім цвердалобым? – сказаў яму пры сустрэчы. – Прымай ПМК-88!
– Вядома ж, прапанова гэтая мяне не ўзрадавала, – шчыра прызнаецца Мар’ян Станіслававіч. – У ДЭУ за гэтыя тры гады справы наладзіліся. А калі ўкладваеш сваю працу і бачыш яе вынікі, то хочацца пажынаць плады, а не пачынаць усё зноўку. А ў ПМК, ведаў, рабочых хоць адбаўляй, гарэлку – толькі налівай, а працаваць няма каму. Але як адмовіш Дзмітрыю Канстанцінавічу? Ён мяне не раз падтрымліваў. Аднойчы я брукаванку з Варнян да Рымдзюн, якую кожныя два месяцы трэба было рамантаваць, з яго блаславення ды без дазволу абласнога начальства засыпаў гліністым гравіем, дарога стала, што той асфальт. Але ж «добрыя людзі» патэлефанавалі куды трэба. Прыехалі з вобласці, сабралі бюро, каб мяне з работы здымаць, а Арцыменя пры ўсіх падзякаваў і адправіў з мірам.
Зрэшты, і падчас кіраўніцтва ПМК былі ў Гана моманты, калі ён займаўся «самаўпраўствам», – але рабілася гэта не для ўласнай карысці, а для людзей. Мала хто памятае, што інтэрнат па вуліцы Карла Маркса некалі быў двухпавярховым. Мар’ян Станіслававіч, калі ўзначаліў будаўнічую арганізацыю, загадаў умацаваць фундамент і надбудаваць трэці паверх: 9 кватэр для Астраўца ў той час былі вялікай справай. Тое ж адбылося і з будаўніцтвам дома па вуліцы Валадарскага, адна секцыя якога павінна была складаць 4 паверхі, а другая праектавалася 5-павярховай. І зноў Ган выключыў асабістую асцярожнасць і ўключыў здаровы сэнс: дом «падраўнялі» – з’явіліся 4 дадатковыя кватэры. А затым – і непазбежныя непрыемнасці ў начальніка ПМК, якія зноў дапамог вырашыць Арцыменя.
Амаль 11 гадоў узначальваў Мар’ян Станіслававіч перасоўна-механізаваную калону – яна, да слова, за гэты час некалькі разоў рэарганізоўвалася. Сёння ён з гонарам можа прайсці па Астраўцы і праехаць па раёне, успамінаючы, што было пабудавана ў тыя гады: СШ №2, школы ў Кемелішках, Падольцах, Альхоўцы, Дамы культуры ў Рытані, Падольцах, Кемелішках, кінатэатр «Кастрычнік» (сённяшняя кінаканцэртная зала «Астравец»), каля 700 кватэр…
…Аднойчы пасля чарговага несправядлівага і незаслужанага пакарання Ган напісаў заяву на звальненне. Сыходзіў, праўда, на даўно падрыхтаваны «запасны аэрадром»: яго даўно «сватаў» да сябе намеснікам па будаўніцтве старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі. У «Радзіме» ў той час таксама шмат будавалі, аб’ёмы былі супастаўныя з раённымі, і ўсё гаспадарчым спосабам, так што работы ў Мар’яна Станіслававіча хапала і там.
Ды здарылася бяда – цяжкі інсульт, які больш чым на тры гады вывеў са строю. Але ж своечасовая і кваліфікаваная дапамога ўрачоў, клопат родных і яго асабістая ўнутраная сіла і прага жыцця дапамаглі ўстаць на ногі.
У 2000 годзе новае кіраўніцтва раёна прыгадала яго арганізатарскія і гаспадарчыя здольнасці: Гану прапанавалі ўзначаліць раённае таварыства інвалідаў.
«Дзякуй тагачаснаму старшыні райвыканкама Адаму Дзмітрыевічу Кавальку: ён падтрымаў мяне і пазычыў паўмільёна рублёў, – расказвае пра апошні этап сваёй працоўнай біяграфіі Мар’ян Станіслававіч. – Мы закупілі электрычныя млыны – яны працавалі амаль у кожнай вёсцы, хатняй жывёлы тады трымалі шмат і паслуга па размоле зерня была вельмі запатрабавана. Акрамя таго, шылі спецадзенне, рукавіцы… У таварыстве было 20 працоўных месцаў, мы зараблялі грошы: пазыку райвыканкаму вярнулі за паўгода, плацілі зарплату людзям, аказвалі дапамогу тым, хто меў у ёй вострую патрэбу».
У таварыстве інвалідаў Ган працаваў 12 гадоў. Але прыйшоў час... «Працаваць трэба альбо добра – альбо ніяк», – перакананы Мар’ян Станіслававіч.
Яго праца ў розныя гады і на розных пасадах адзначана мноствам Ганаровых грамат, медалём «За працоўныя заслугі». Але калі я спытала ў Мар’яна Станіслававіча, якое са сваіх працоўных дасягненняў ён лічыць найважнейшым, ён адказаў:
– Семдзесят кіламетраў адкрытых каналаў, якія выкапаў, калі працаваў экскаватаршчыкам.
А шкадуе, па ўласным прызнанні, аб адным: што ў свой час не пайшоў вучыцца ў акадэмію.
Пашкадаваць пра гэта, мне здаецца, можа і ўся Астравеччына: калі б да прыроднай мудрасці Мар’яна Гана дадаць адпаведную адукацыю – думаю, ён зрабіў бы нашмат больш і для раёна, і для краіны ў цэлым.
Зрэшты, і тое, што зроблена – сапраўдны помнік яму самому і яго паплечнікам.