Роздум журналіста: хто вінаваты, што дзеці сядзяць у гаджэтах?
17:00 / 29.06.2026
Але, па-першае, давайце глядзець праўдзе ў вочы: хто сёння дазволіць дзецям проста так, без каманды і нагляду, бегаць і дурэць? Калі яны стануць гуляць у футбол і незнарок выб’юць акно ў чыёйсьці кватэры ці, крый божа, іх зловяць, няважна, з аўтаматамі ці без, у закінутых будынках, ім і іх бацькам «свецяць» вялікія непрыемнасці. Так што многія справядліва лічаць: хай лепш сядзяць дома, ад бяды падалей.
Па-другое, давайце азірнёмся навокал: ці толькі дзеці сядзяць у гаджэтах? А дарослыя – не? Паназірайце за мамамі-татамі і нават за бабулямі-дзядулямі ў транспарце, у чарзе ў паліклініцы, на дзіцячай пляцоўцы: кожны ўткнуўся ў смартфон, нічога, акрамя экрана, не бачыць і не чуе. Дык чаго вы хочаце ад дзяцей?
Але я пераканана: бяда не ў гаджэтах як такіх, а ў тым, што яны – персанальныя, і апошняе слова тут – ключавое. Мама ў сваім тэлефоне глядзіць мыльную оперу ці выбірае ўборы, тата «рэжацца ў танчыкі», сын ці дачка завісаюць на сваіх сайтах – і добра яшчэ, калі бацькі маюць уяўленне, на якіх менавіта. Нават малышам, якія яшчэ не навучыліся гаварыць, «клапатлівыя» матулі суюць у рукі тэлефон з мульцікамі: чым бы дзіця не цешылася – абы не плакала. І не перашкаджала маме займацца сваімі справамі.
А калі бацькам паспрабаваць адлажыць убок свае персанальныя смартфоны і прапанаваць дзецям агульны занятак, то, можа, і яны зробяць тое ж самае, прычым з задавальненнем?
…Неяк сустрэла ў лесапарку сям’ю: мама на прабежцы, тата на роліках каціць каляску з немаўлям, побач на трохколавым веліку – большы малыш. Залюбавалася…
…Абганяюць на прагулцы веласіпедысты: тата, мама, сын… З татам на асобным сядзенні – малая дачушка.
…У вандроўцы (не самай таннай, да слова) – сям’я: бацькі і дзве дачушкі, малодшай гадкоў пяць. Вандроўка не з лёгкіх, аўтобусная, і розныя форс-мажоры ў дарозе здараюцца. Але і дзеці, і дарослыя мужна пераносяць выпрабаванні і шчыра радуюцца новым уражанням і адкрыццям. Без слоў бачна: ім разам добра!
І ў тых сем’ях, дзе гэта ўмеюць рабіць, дзе смартфон – не монстр і не панацэя, а ўсяго толькі інструмент для выканання пэўных задач і дасягнення пастаўленых мэт, мне здаецца, праблема гаджэтазалежнасці не стаіць.
Памятаеце вядомы выраз: «Не трэба змагацца за чысціню – трэба браць венік і падмятаць». Так і з гаджэтамі: не варта з імі змагацца. Трэба адлажыць убок свой, папрасіць зрабіць тое ж сына ці дачку і разам заняцца нечым карысным, цікавым, вясёлым.