Более 40 лет животноводству района посвятила Галина Щемелёва
16:00 / 22.06.2026
Яскравы прыклад гэтаму – Галіна Шчамялёва. Больш за 40 гадоў яна аддала жывёлагадоўлі. За гэты час жанчына прайшла шлях ад радавога спецыяліста да галоўнага заатэхніка. Пры яе непасрэдным удзеле і пад прафесійным кантролем у КСУП «Міхалішкі» ўкаранялі сучасныя тэхналогіі. Да канца 2025 года надой ад каровы дасягнуў амаль 6 300 кілаграмаў малака, у тым ліку на МТК «Маркуны» – без малога 7 500. Павялічыліся сярэднясутачныя прывагі і пагалоўе… Нягледзячы на гэта Галіна Аўгусцінаўна па-філасофску мудра зазначае, што ўсяму свой час.
– Мая радзіма – Данецк. Скончыўшы васьмігодку, падала дакументы на заатэхнічнае аддзяленне Краснагораўскага сельгастэхнікума. Наўрад ці гэта быў асэнсаваны крок. Маці, якая мела дзве вышэйшыя адукацыі, заўсёды паўтарала нам з сястрой: галоўнае ў жыцці – мець прафесію.
Бацька працаваў шахцёрам, таму рана выйшаў на пенсію. На сямейным савеце вырашылі вярнуцца на яго радзіму, на Астравеччыну. Так мы пераехалі ў Ізабеліна да бабулі з дзядулем, а я перавялася ў Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Яго, дарэчы, скончыла з адзнакай. Лагічным працягам для мяне было атрыманне вышэйшай адукацыі. Без праблем здала ўступныя іспыты і паступіла ў Каўнаскую ветэрынарную акадэмію. Але вучыцца там не засталася, бо абавязковай умовай было веданне літоўскай мовы. Без экзаменаў мяне ўзялі ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Дыплом атрымлівала ўжо замужняй і цяжарнай. (Усміхаецца). Пакідалі на кафедры, але хацелася на радзіму, бліжэй да бацькоў: дзе Віцебск, а дзе Астравец…
У 1992 годзе нарадзілася дачушка Юля. Пакуль была ў дэкрэце, ад галоўнага заатэхніка раёна Святланы Фёдараўны Прыкі даведалася пра вакансію ў калгасе «Савецкая Беларусь» (Страча). Мяне ўзялі загадчыкам на ферму. Кіраўніцтва гаспадаркі адразу выдзеліла нам добраўпарадкаваны дом з усімі выгодамі, што тады было рэдкасцю… 1994 год стаў пачаткам майго працоўнага шляху на Астравеччыне, праўда, у розных гаспадарках.
Памятаю, калі пачынала, у раёне было 16 калгасаў, цяпер засталося 5. Напэўна, самы цікавы час – гэта пара прафесійнага станаўлення. Жыццё дастаткова хутка паказала, наколькі тэорыя адарвана ад практыкі.
– Я прайшла ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы: была загадчыкам фермы, лабарантам, селекцыянерам, бухгалтарам па жывёлагадоўлі… У 1999 годзе ўзначаліла заатэхнічную службу. У калгасе мы не проста працавалі – мы аддавалі справе і сэрца, і сілы, сябравалі, стасаваліся, адпачывалі разам.
– Жывёлагадоўля – складаная галіна, дзе поспех залежыць ад мноства нюансаў і работы сапраўдных прафесіяналаў. Сёння сельскую гаспадарку актыўна падтрымлівае дзяржава: спецыялістам выдзяляюць жыллё, службовы транспарт. Ды і зарплаты вельмі годныя. Пра такія бонусы маё пакаленне магло толькі марыць.
Хачу параіць моладзі не баяцца прафесій заатэхніка, ветурача ці агранома. Гэта цяжкая, але ўдзячная праца. Да таго ж аграрны сектар стаў сучасным: напрыклад, калі раней рацыёны для кармлення кароў састаўлялі ўручную, то цяпер гэта робяць камп’ютарныя праграмы.
Неістотна, у якую гаспадарку вы трапіце – буйную ці маленькую, паспяховую ці не вельмі, – з дружным калектывам можна горы звярнуць.
Менавіта за моладдзю будучыня вёскі!
– Хоць і гарадская, але сапраўднае пакліканне знайшла менавіта ў сельскай гаспадарцы. Калі нарадзіўся сын, не пайшла ў дэкрэт – у адпачынку па доглядзе дзіцяці быў муж. Дзеці не выбралі мой шлях. І дачку, і сына я заўсёды вучыла, каб выбіралі прафесію па поклічы душы. Лічу, што яны цалкам рэалізаваліся – кожны ў сваёй сферы. Вельмі ганаруся абодвума.
Жыву ў Міхалішках – у нас свой дом з вялікім прысядзібным участкам. Пакуль працавала, на клопат пра яго не заўсёды ставала часу. На пенсіі ж жыццё стане больш размераным. Пераканана: усяму свой час, сыходзіць трэба своечасова і саступаць дарогу маладым.
Шчыра ўдзячна раённаму кіраўніцтву – без падтрымкі не адпрацавала б столькі гадоў. З цеплынёй узгадваю і калег. Без перабольшвання, у жывёлагадоўлі сапраўдныя энтузіясты, і за кожнага адчуваю гонар.
Нездарма кажуць, што шляхі Гасподнія непрадказальныя. Відаць, лёс заўсёды прыводзіў мяне менавіта ў тыя гаспадаркі і ў той момант, дзе больш за ўсё была патрэбна Шчамялёва.