Аўтапрабег па кропках памяці: дзякуем і кланяемся
Памяці шмат не бывае. Асабліва калі яна пра тых, хто падарыў магчымасць жыць і бачыць блакітнае мірнае неба – такое як сёння, 22 чэрвеня. І асабліва калі душа патрабуе ў знак павагі да загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўскласці кветкі і запаліць свечкі…
Варняны, Варона, Міхалішкі – аўтапрабегам па месцах увекавечання загінулых адправіліся дэпутаты і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Звяртаючыся да дзяцей, якія разам з дарослымі прыйшлі да памятнага знака загінулым лётчыкам у аг.Міхалішкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко адзначыў:
– Пра тое, што Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых разбуральных і знішчальных, мы, пакаленне больш сталых людзей, шмат чулі і добра ведаем. Ваша задача – таксама быць у гэтай тэме, паглыбіцца ў яе, каб потым расказваць сваім дзецям і ўнукам. Толькі ўдумайцеся: пасля вайны наша краіна не далічылася 3-х мільёнаў чалавек – кожны трэці загінуў. Пра гэта і тыя жудасныя рэчы, што рабілі з нашым насельніцтвам фашысты, трэба памятаць і не дапусціць перапісвання гісторыі. Каля нашага парога сёння стаяць тыя, хто спрабуе зноў распачаць ваенныя дзеянні. Мы не павіны гэтага дапусціць.
– У Міхалішках знаходзіцца сакральнае для нашага раёна месца, якое першым падверглася нападзенню 22 чэрвеня, – напомніла старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. – Гэта дата закладзена ў генетычнай памяці нашага народа. Таму мы павінны ведаць яе, ускладаць кветкі ў знак памяці і павагі, спяваць песні ў Дзень Перамогі і радавацца таму, што жывём.
Жывыя кветкі і лампадкі, словы падзякі і хвіліна маўчання – памяці шмат не бывае…