85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны
85 гадоў таму 22 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы гэтак жа пачынала ружавець неба на ўсходзе і спрабавалі голас, перш чым заспяваць гімн узыходзячаму сонцу, птушкі. Самы смачны, самы салодкі перадранішні сон тысяч людзей перарвалі выбухі бомб і снарадаў. Для многіх гэтая чэрвеньская раніца стала апошняй у жыцці…
Сёння ў гэты дзень тысячы людзей у Беларусі, у тым ліку дзясяткі астраўчан – прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваенных, моладзі – добраахвотна прачнуліся да ўзыходу сонца, каб прыйсці да помніка савецкім воінам і партызанам і запаліць сімвалічную свечку, хвілінай маўчання ўшанаваць памяць загінулых, ускласці кветкі да вечнага агню. І тым самым без слоў сказаць: мы памятаем!
Так, мы не ведалі вайны – у многім дзякуючы тым, хто дзеля гэтага ахвяраваў жыццё.
Так, пасля таго як запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка, маладыя людзі вярнуліся дахаты ці на месца службы і заняліся звыклымі справамі: нехта стаў збірацца на работу, нехта – гатаваць сняданак для сям’і, хтосьці прысеў у крэсла з філіжанкай кавы, каб няспешна спланаваць дзень…
На шчасце, у нас ёсць такая магчымасць – нам яе падарылі тыя, хто не дажыў.
Помніць пра іх, і не толькі ў асаблівыя даты, – найменшае, што мы можам зрабіць у знак удзячнасці за мірныя і спакойныя дні і ранкі.
…Трапяткія знічкі свечак, якія ў гэтую раніцу разам з птушынымі галасамі будзілі раніцу, сведчылі: нішто не забыта.
І не будзе забыта…