Што ведаюць удзельнікі конкурсу “Сваё, астравецкае” пра Франца Паташкевіча

10:00 / 19.06.2026
Толькі выйшла газета з чарговым заданнем конкурсу «Сваё, астравецкае», як у рэдакцыю патэлефанавала наша пастаянная чытачка і актыўны няштатны аўтар Марыя Леановіч:

– Хачу праверыць сваю памяць… Герой Сацыялістычнай Працы – гэта часам не Франц Паташкевіч? Я некалі вучыла яго дачку…

Мы запэўнілі Марыю Паўлаўну, што з памяццю ў яе ўсё ў парадку: на здымку і сапраўды адзіны ў гісторыі Астравеччыны Герой Сацыялістычнай Працы Франц Іосіфавіч Паташкевіч. 

На гэты раз няправільных адказаў не было: усе назвалі імя героя і расказалі пра яго жыццёвы шлях. Наколькі падрабязна – гэта ўжо хто як здолеў, дзе і якія звесткі знайшоў. Радуе, што ў конкурсе ўдзельнічае шмат маладых людзей, якія цікавяцца мінулым і сучаснасцю роднага краю і яго выбітнымі асобамі. Дзеля гэтага, уласна кажучы, ён і задумваўся: каб памяць жыла.

З такіх нераўнадушных – адзін з лідараў агульнага рэйтынгу Карына Стаповіч, якая, дарэчы, прыкмеціла адну асаблівасць апошніх заданняў: яны былі прымеркаваны да пэўных юбілейных дат. Здымкі колішніх будынкаў рэдакцыі «Астравецкай праўды» – да 85-годдзя раённай газеты, асоба Франца Паташкевіча – да 65-годдзя прадпрыемства меліярацыйных сістэм, дзе ў свой час (арганізацыя тады насіла іншую назву) працаваў Герой Сацыялістычнай Працы. Ну што ж, пастараемся больш такіх яўных падказак не даваць…

У сувязі з юбілейнай датай Карына расказала яшчэ і пра гісторыю ПМС. Але найперш, як і іншыя канкурсанты, спынілася на жыццёвым шляху Франца Іосіфавіча. 

Нарадзіўся ён 16 жніўня 1929 года ў вёсцы Відаў­шчына Маладзечанскага раёна. Дзя­цінства і юнацтва прыпалі на цяж­кія перадваенныя і ваенныя гады, якія сфар­мі­равалі ў ім цвёрды характар і працалюбства. 

З 1955 па 1959 гады Паташкевіч праца­­ваў экскаватаршчыкам на торфабрыкет­ным за­водзе «Бярэзінскі» непадалёк ад роднай вёскі. Затым перайшоў у Юрацішкаўскую ма­шынна-меліярацыйную станцыю, тут на­бі­раўся вопыту на спецыялізаванай мелія­­ра­цыйнай тэхніцы.

У 1961 годзе Франц Іосіфавіч пераехаў у Астравец і стаў працаваць у перасоўнай механізаванай калоне №59 на гусенічным экскаватары Э-352.

Канкурсанты адзначаюць, што яго заўсёды вызначала асаблівае стаў­ленне да працы і да тэхнікі. Ён унёс 4 рацыя­налізатарскія прапановы, якія далі значны эканамічны эфект, дазволілі скараціць расход змазачных матэрыялаў, паліва, тросаў.

Сапраўдны працоўны подзвіг здзей­с­ніў Франц Іосіфавіч на працягу восьмай пяці­годкі (1966-1970 гады). Ён дасяг­нуў такога ўзроўню майстэрства і прафе­­сія­налізму, што шматразова пера­выконваў устаноўленыя заданні. За гэтыя 5 гадоў ён выканаў 10 гадавых планаў: выняў каля 600 000 кубаметраў грунту – а гэта, як падлічыла Карына Стаповіч, аб’ём 240 вялікіх плавальных басейнаў. З яго ўдзе­лам было пракладзена каля ста кіламетраў меліярацыйных каналаў. 

Франца Іосіфавіча неаднаразова ўдас­той­валі дзяржаўных узнагарод: Гана­ро­­­вых грамат Вярхоўнага Савета БССР, знака «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», ме­далёў «За працоўную доблесць», «За доблесную працу», «У аз­на­­менаванне 100-годдзя з дня нара­джэн­ня Уладзіміра Ільі­ча Леніна». У 1966 годзе Паташкевіч узнагароджаны ордэнам Леніна, а ў 1971-м атрымаў, адзіны ў Астравецкім раёне і сярод меліяратараў Гро­дзенскай вобласці, га­лоўную ўзнага­роду: званне Героя Сацыя­лістычнай Працы.

Некаторыя канкурсанты прыводзяць у сваіх грунтоўных работах успаміны пра Франца Паташкевіча. У прыватнасці, творчы тандэм Бабіч – Заруба цытуе словы тагачаснага першага сакратара райкама партыі Дзмітрыя Арцымені з кнігі Адама Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі»:

«Я часта бачыў, як людзі добра працуюць. Але каб ажно так працавалі – не бачыў. Паслухалі б вы, як хораша выступалі рабочыя, абмяркоўваючы яго кандыдатуру. «Калі ён мала накапае, – гаварылі, – у яго настрой падае; не прапусціць ніводнага выпадку, каб памагчы іншым». Баяўся, што, стаўшы Героем, зазнаецца. Ажно не, яшчэ прыбавілася ў яго ахвоты.

 (…) 

– Каб гэта ўсё падлічыць, колькі я выняў зямлі з 1961 года, як тут працую… – думае ўслых Франц Іосіфавіч. – Возьмем у год 80 тысяч кубоў. Тады за ўвесь час набярэцца да мільёна. Мільён кубоў – гэта недзе дзвесце кіламетраў канавы сярэдняй шырынёй у 6 метраў. Як адсюль да Мінска і нават далей. Сёлета даў слова выняць шэсцьдзесят пяць тысяч кубоў. А ўжо ёсць шэсцьдзесят сем тысяч. Да канца года яшчэ палавіну плана дам. Так што сваю пяцігодку за тры з паловай гады выканаў.

– Чаму ж у іншых паказчыкі не такія?

– Іншыя любяць самае цяжкое на заўтра пакінуць. У нашай рабоце ўсялякае бывае. Парвецца гусеніца – лезь у балотную гразь. Колькі разоў, паглыбляючы рэчку, правальваўся ў халодную ваду. Усюды ёсць лепшыя ўчасткі і горшыя. Нешта цябе так і падмывае: пакінь цяжэйшы ўчастак, заўтра даробіш. А ты не даешся, бярэш сябе ў рукі: не, трэба зрабіць цяпер! Ты ж сялянскі сын, думаеш, з дзяцінства прывучаны да працы… Прыеду вечарам дадому – увесь час думаю, што мне назаўтра трэба, каб прастояў не было. Прадбачу, якія часткі могуць выйсці са строю, каб запасныя ўзяць. Масла каб хапіла і каб сэканоміць яшчэ. Для паліва бакі ў нас малыя, дык я запасны стаўлю, каб час не ўпусціць. Стараюся і маладых падцягнуць. Тэорыі-то ў іх часам болей, чым у мяне, а практыкі намнога меней. Цяпер пры нашым упраўленні філіял Слонімскага вучылішча адкрылі, дык маладыя ў мяне практыку праходзяць. Ужо чалавек з трыццаць абучыў. Каб лепей працаваць, ездзім за вопытам на выстаўку ў Маскву, да суседзяў у Швянчонскі раён».

Але больш за ўсё парадавала пісьмо ў рэдакцыю Мар’яна Станіслававіча Гана, якога чарговае заданне конкурсу «Сваё, астравецкае» натхніла расказаць пра свайго калегу і настаўніка:

«Я знаёмы з Францам Іосіфавічам з 1959 года. Пасля Ашмянскага вучылішча механізацыі мяне накіравалі памочнікам экскаватаршчыка ў брыгаду, якую ўзначальваў Паташкевіч. І магу засведчыць: ён быў не толькі добрым працаўніком, але і выдатным выхавацелем і настаўнікам. Так, тэарэтычна нас рыхтавалі добра, а вось практыкі не было, бо ў вучылішчы нават не мелася экскаватара. Паташкевіч кожны дзень пасля змены пакідаў нас гадзіны на дзве і паказваў, як і што трэба рабіць.

Пад кіраўніцтвам Франца Іосіфавіча я працаваў прыкладна год, потым мне самому даверылі экскаватар – і мы сталі спаборнічаць са сваім настаўнікам. Гэта было таварыскае саперніцтва: па чарзе займалі ў вобласці першыя-другія месцы і дапамагалі адзін аднаму, калі патрабавалася. 

Франц Іосіфавіч перажываў не толькі за вытворчыя паказчыкі – ён душой хварэў за работу маладых спецыялістаў, як свае ўласныя, успрымаў няўдачы і радасці калег.

Гэта чалавек шырокай і шчодрай душы. Цудоўны сем’янін, яны з жонкай выхавалі дзвюх дочак і сына. 

Высокая ўзнагарода, якой яго ўдастоілі ў 1971 годзе, цалкам заслужаная. Мы радаваліся за яго тады і захоўваем светлую памяць пра Франца Іосіфавіча сёння».

Светлую памяць пра Франца Іосіфавіча захоўваюць не толькі яго калегі і вучні. Імя Паташкевіча носіць піянерская дружына астравецкай гімназіі. У яго гонар на адміністрацыйным будынку прадпрыемст­ва меліярацыйных сістэм устаноўлена мемарыяльная дошка. 

А галоўнае – Франца Іосіфавіча помняць людзі – як тыя, з кім ён жыў і працаваў, так і маладое пакаленне. І наш конкурс – яшчэ адно сведчанне таго.

Што тычыцца вынікаў, то на гэтым этапе 1 бал мы залічылі Марыі Леановіч, 2 – Алене Віткевіч, па 3 – Мар’яну Гану, Вячаславу Саковічу, 4 – Карыне Стаповіч і па 5 – Наталлі Блахіной, Аляксандры Працуце і тандэму Бабіч – Заруба.

Текст: Нина Рыбик