Любоў да прафесіі: 50 гадоў працуе лабарантам у бальніцы Святлана Садоўская

13:00 / 21.06.2026
І што можна спытаць у чалавека, які 50 гадоў адпрацаваў на адным месцы і ўсё яшчэ кожны дзень ідзе на работу з задавальненнем, пра прызванне і выбар прафесіі? Мне здаецца, тут і без пытанняў усё зразумела. А вось расставіць акцэнты, успомніць даўняе і прааналізаваць сучаснае лепш за любога журналіста зможа сама гераіня – фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Астравецкай ЦРКБ Святлана Садоўская, якая адзначае ў гэтым годзе паўвекавы юбілей прафесійнай дзейнасці.

– Гэты час праляцеў як адзін дзень, у душы не верыцца, целам не адчуваецца. Але мае гады – маё багацце і мой вопыт…

Паміж моднымі ў тыя часы «пед» і «мед» я выбрала апошняе. 

Скончыла Мінскае медыцынскае вучылішча №1 – яно было для абітурыентаў з сельскай мясцовасці, у №2 паступалі гарадскія.  

Прыехала ў Астравец у 1976 годзе, гэта была яшчэ старая бальніца – да слова, знаходзілася яна ў гэтым жа будынку, а заведаваў ёй галоўны ўрач Ражко. Далей стаяла двухпавярхоўка, дзе месціліся хуткая дапамога, кардыялогія, тэрапія, дзіцячае аддзяленне. Пазней мы, працаўнікі бальніцы, дапамагалі дабудоўваць трэці корпус – той, што на чатыры паверхі…

Месца мне выдзелілі ў інтэрнаце ў Каменцы – адтуль на работу пешшу дабіраліся. А вярталіся пасля змены – печкі паліць трэба было. Але нічога, ніхто не скардзіўся. Потым пераехалі ў Астравец – далі пакоі ў інтэрнаце побач з бальніцай.

Пачынала фельчарам-лабарантам. Маладой, нявопытнай цяжкавата было спачатку. Што старэйшая калега дапамагала, што сама ў даведніках знаходзіла… І справа пайшла. Каля 20-ці гадоў старшай была – дзве стаўкі сумяшчала.

Мая работа не толькі з прабіркамі – больш з пацыентамі. Яна патрабуе ўважлівасці і разумення псіхалогіі чалавека. Так, з людзьмі складана, але цікава. Кагосьці з дзетак угаворваць трэба, каго абняць… Дарэчы, ужо з парога бачна, у якім пацыент настроі. 

Цяпер аб’ёмы работы выраслі, людзей прыходзіць больш. Гэта раней вочы і мікраскопы былі нашымі асноўнымі інструментамі. Потым прыйшлі камп‘ютары – давялося вучыцца. А цяпер ужо апаратура якая – ні ў якое параўнанне са старой не ідзе!

Цікавая работа, калектыў добры, моладзь побач – жыццё віруе, і мне камфортна. Усё ёсць – толькі працуй ды радуйся. Што я і раблю, пакуль ёсць такая магчымасць. (Усміхаецца.) Звыш 100 пацыентаў прымаем штодзень. І якое задавальненне атрымліваеш, калі ўсё зроблена! Справілася – і дадому вяртаешся ў добрым настроі.

…А колькі цікавых мерапрыемстваў успомніла Святлана Мікалаеўна, розных конкурсаў і спаборніцтваў, у якіх удзельнічаў калектыў бальніцы, – за пяць дзесяцігоддзяў яе працоўнага стажу ўсіх не пералічыць. Ды гэта ўжо будзе тэма іншай, не менш цікавай размовы.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович