Ад “Лаба дзена” да “Здаравенькі булы”: усім было было дружна і весела на фестывалі нацыянальных культур у Гродне

15:00 / 08.06.2026
Рускія і ўкраінцы, яўрэі і палесцінцы, азербайджанцы і армяне – усім было было дружна, цёпла і весела на фестывалі нацыянальных культур  у Гродне.

У Гродне прайшоў ХV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У ліку дзясяткаў карэспандэнтаў цэнтральных і рэгіянальных СМІ, фота- і відэаператараў і блогераў, якія асвятлялі шматлікія падзеі феставалю, быў і карэспандэнт “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік. У рэжыме рэальнага часу яна расказвала і паказвала пра ўбачанае і пачутае на гэтым маштабным форуме ў суполках “АП” ў інтэрнэце, а цяпер дзеліцца ўражаннямі з чытачамі газеты.

Фестываль нацыянальных культур існуе 30 гадоў (нагадаю: ён праводзіцца раз у два гады). Але так ужо сталася, што раней мне не даводзілася быць ні яго ўдзельніцай, ні нават “асвятляльнікам”. Сёлета вырашыла зафарбаваць гэтую белую пляму ў сваёй творчай біяграфіі ўсімі колерамі вясёлкі – у адпаведнасці з эмблемай фестывалю. Неспрыяльны прагноз надвор’я, які абяцаў несупынны дождж, не напалохаў (да таго ж ён, на шчасце, не зусім спраўдзіўся). І, забягаючы наперад, скажу, што за два дні, на працягу якіх я натэпатала па вуліцах Гродна больш за 20 кіламетраў, пашкадалвала толькі аб адным: немагчыма было быць адначасова ўсюды. Ды яшчэ аб тым, што не прыязджала на ранейшыя фестывалі.

Шматколернае розанагалоссе

Фестываль захопліваў у свой рознакаляровы вір з сярэдзіны пятніцы яшчэ на подступах да цэнтра горада. “А гэта хто?” – спрабавалі мы вызанчыцца з нацыянальный прыналежнасцю тых ці іншых народаў па асаблівасцях іх адзення. Тут і там гучала то руская “Барыня”, то грузінскія мелодыі, то цыганскія напевы – і гэта толькі тое, што мы маглі ідэнтыфікаваць. Бо былі нацыянальнасці, пра існаванне якіх, упэўнена, не ўсе ведаюць. Вы, да прыкладу, чулі пра ланкійцаў? А чым вызначаюцца габонцы, каракі, кангезійцы? А яны, між тым, ёсць, як і асаблівая культура, якую яны беражліва захоўваюць, – і гэта заслуговае як мінімум павагі!

Каля тысячы чалавек прыняло ўдзел у фестывалі нацыянальных культур – без уліку гледачоў, зразумела. І, нягледзячы на рознамоўе, непаразуменняў не ўзнікала: усмешка – універсальны перакладчык на ўсе мовы свету.

Урачыстае шэсце распачалі брутальныя байкеры, суровасць выгляду і касцюмаў якіх цудоўна адцянялі яркія ўборы дзяўчат са сцягамі на задніх сядзеннях.

Вялізны нацыянальны сцяг Беларусі неслі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей, і гэта без слоў гаварыла: у кожнага з нас – свая маленькая радзіма, але Беларусь – наша краіна, наш агульны дом.

Красуні-беларусачкі неслі 42 караваі, якія былі ўручаны прадстаўнікам кожнай дэлегацыі.


А затым у алфавітным парадку па вуліцах Савецкай і Ажэшка да плошчы Леніна рушыла рознакаляровае і рознамоўнае шэсце. Некаторыя дэлегацыі скаладаліся з дзясяткаў чалавек, іншыя прадстаўлялі дзве-тры асобы. Але шматлікія гледачы, што назіралі за ім (узбоч тратуараў пальца было не ўбіць яшчэ за паўгадзіны да яго пачатку – сведчу як непасрэдны ўдзельнік) шчыра і аднолькава цёпла віталі ўсіх.

На галоўнай сцэне ўсе дэлегацыі віталі на іх роднай мове – і кожнай уручылі беларускі каравай як сімвал гасціннасці і дабрабыту. А іх прадстаўнікі, у сваю чаргу, падарылі гаспадарам свае нацыянальныя сімвалы. Некаторыя нават паказалі свае культурныя песні і танцы. І гледачы, якія гронкамі аплялі імправізаваную глядзельную залу, падпявалі і падтанцоўвалі ім.

“Палякі, татары, армяне – гэта ўсё нашы людзі”

Калі на галоўную сцэну падняўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, дождж, які да таго неаднаразова спрабаваў прарвацца, ды сарамліва стрымліваўся, лінуў як з вядра. Але “гронкі” не рассыпаліся, не разбегліся – адзінае, што выпырснулі парасоны. А самыя прадбачлівыя накінулі дажджавікі.

– Гэта я вам падарунак прывёз – чуў, што гродзенцам дажджу не хапае, – з жарту пачаў сваё выступленне кіраўнік дзяржавы. – Патэлефанаваў “наверх”, папрасіў… Сяляне сцвярджаюць: колькі дажджу ўпадзе – столькі хлеба атрымаеце.


– У нас ёсць “Славянскі базар”, “Александрыя”, творчыя людзі сустракаюцца ў Брэсце, але такога ўнікальнага фестывалю, як у Гродне, няма нідзе, – прадоўжыў Аляксандр Рыгоравіч ужо сур’ёзна. – А ўсё таму, што тут жыць добрыя, прыстойныя людзі, якія з адкрытым сэрцам сустракаюць усіх – і самі ідуць да ўсіх. Я хачу, каб вы ведалі: палякі, татары, армяне, азербайджанцы – гэта ўсё нашы людзі. І Беларусь – іх родны дом. Беражыце яго – нават не дзеля нас саміх, а дзеля нашых дзяцей і ўнукаў. Каб быць суверэннымі і незалежнымі, трэба мець свае традыцыі, і гэты фестываль – адна з такіх. Са сціплага рэгіянальнага мерапрыемства ён ператварыўся ў свята рэспубліканскага маштабу, слава аб якім выйшла далёка за межы краіны. Сталіца фестывалю – Гродна – даўно стала мекай для тысяч турыстаў з розных краін, і ім не перашкаджаюць ні трохмятровыя агароджы, якія ўзводзяць нашы суседзі, ні жалезная заслона, якой нас у чарговы раз палохаюць. Мы нікому не навязваемся, але па-ранейшаму гатовы да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў. Мы хочам жыць у міры – і нясём мір усім народам свету.


Гэтыя словы кіраўніка дзяржавы патанулі ў апладысментах.

…А дождж раптам скончыўся, і на небе зайграла вясёлка – нібы эмблема фестывалю, якая расквеціла ў тыя дні Гродна, узышла над горадам.

На іншых паглядзелі, сябе паказалі…

Назаўтра гасцей фестывалю запрашалі нацыянальныя падворкі, якія раскінулі свае шатры-намёты ў розных куточках Гродна. Песні і танцы, незвычайныя стравы і напоі, майстар-класы і гульні, горад мастроў, дзе было ўсё, чаго душа пажадае, і нават тое, пра існаванне чаго яна не здагадвалася, – не дзіва, што сотні людзей віравалі па цэнтру горада рэчкамі і ручаінамі, прыпыняючыся і перацякаючы з месца на месца.

І я была… Вядома ж, шукала ў фестывальным шматгалоссі найперш астравецкія акцэнты. Але іх было так шмат, што, па праўдзе кажучы, не ўсе і адшукала – прабачце, каго не пабачыла – не пачула.

Ну, мінуць падвор’е палякаў, якое шырока раскінулася на вуліцы Ажэшка насупраць Гродзенскага ўніверсітэта калі б і хацеў, дык не змог бы: галасы “Рэха Астраўца” разносіліся па ўсім наваколлі.

Вось і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак не змог прайсці міма. Па праўдзе кажучы, ён імкнуўся на гэты падворак свядома. Да таго ж не з пустымі рукамі, а з Падзячным пісьмом старшыні Астравецкага раённага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тарэсе Мароз: такім чынам быў адзначаны яе значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне міжнацыянальнай згоды і сяброўства шматнацыянальнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь. Узнагароду Тарэсе Мацвееўне ўручыў і старшыня Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Лысы. Падзяку ад Саюза палякаў атрымала таксама кіраўнік хора “Рэха Астраўца” Алена Такарчук.

Зрэшты, многія атраўчане вярнуліся з фестывалю з узнагародамі. Раённая біблітэка заняла другое месца ў абласным конкурсе “Лэпбук – гісторыя #4 рэгіёна”. (Ах, якую цудоўную інтэрактыўную карту страў Астравеччыны падрыхтавалі раённыя біблітэкары! Гэта трэба бачыць! А яшчэ лепш – занатаваць адмысловыя рэцэпты ды прыгатаваць тое, чым здзіўлялі гасцей нашы дзяды-прадзеды). І фірменную жалудовую каву ад астравецкіх бібліятэкараў зацанілі многія госці.


І члены раённага таварыства інвалідаў не толькі на іншых паглядзелі, але і сябе паказалі: Капіталіна Пятроўская са сцэны ў парку Жылібера прачытала свае вершы і праспявала песню “Зязюля”, а Таццяна Дукевіч здзіўляла сваімі вырабамі Абедзве вярнуліся дахаты з дыпломамі ўдзельнікаў. Як, зрэшты, і іншыя астраўчане: народныя майстры, якія не толькі дэманстравалі справу сваіх рук, але і паказвалі майстар-класы тым, хто хацеў пераняць іх майстэрства, гурт “Жыльвіціс” з Рымдзюн, які адзіны прадстаўляў на фестывалі літоўцаў Беларусі, ансамбль народнай песні “Кемяліна”, песні якога нікога не пакінулі раўнадушным.


…Цудоўны атрымаўся фестываль. І я там была, раўгеню піла… З палякамі танцавала, літоўцам падпявала, жалудовую каву каштавала, падарункі сябрам у горадзе майстроў набывала. Пысу бронзавага аленя (якую ўрачыста адкрылі толькі назаўтра) пацёрла ў спадзяванні, што не апошні раз трапіла на фестываль.


І вам таго ж раю: ніводзін рэпартаж, самы яркі і дакладны, не зможа перадаць буйства фарбаў, музыкі, смакаў, эмоцый, што пануюць там. Прыязджайце на наступны фестываль – пераканаецеся!


З першых вуснаў

Таццяна Доўнар, Гродна:


– Памятаю, як зараджаўся фестываль нацыянальных культур. Я тады толькі прыйшла працаваць галоўным спецыялістам ва ўпраўленне культуры і інфармацыі Гродзенскага аблвыканкама. Узначальвала яго Людміла Кебіч, за інфармацыйную палітыку адказваў Уладзімір Амелька. Тады нам і паставілі задачу прыдумаць адметнае свята, якое вызначала б вобласць у рэспубліцы. Нашы кіраўнікі прапанавалі: чаму б не паказаць шматнацыянальную адметнасць Гродзеншчыны. Мы працавалі над дэталямі.

У першым фестывалі, калі не памыляюся, удзельнічала каля дзесяці нацыянальных дэлегацый, і быў ён рэгіянальным. Але з кожным годам набываў усё большы размах. Не спынілі яго ні пандэмія, ні апошнія міжнародныя падзеі. Гродзенчшына па-ранейшаму застаецца беларускай сталіцай усіх нацый і народнасцей, і фестываль кожныя два гады пацвярджае гэта.

Надзея Гамановіч, Пухавіцкі раён:


– Аднойчы калега расказала мне пра Гродна, ды так захоплена, што захацелася пабываць у гэтым горадзе. Два гады таму прыехала сюды з дочкамі, якраз патрапілі на фестываль нацыянальных культур. Усё вельмі спадабалася! Потым завітала сюды з экскурсіяй, шмат даведалася пра гісторыю горада, яго адметныя мясціны. І літаральна закахалася ў Гродна! На сёлетні фестываль сабрала цэлую групу сяброў-аднадумцаў. Мы ў захапленні ад гэтага дзейства!

Тарэса Мароз, Астравец (на фота справа):

– Наш калектыў кожны раз удзельнічае ў фестывалі нацыянальных культур. Радуе, што ён становіцца ўсё больш маштабным. Проста дзіву даешся: як можна арганізаваць такое мноства людзей, каб усё прайшло без сучка, без задзірынкі.

З фестывалю заўсёды вяртаемся ўсцешаныя: і сябе пакажам, і на імшых паглядзім: нечаму павучымся, самі сабе заўвагі зробім. Трэба ж расці!

Сёлета мяне найбольш зачапіў за жывое Прэзідэнт, калі сказаў, што палякі – яны мае палякі, бо ўсе мы беларусы. Хацелася б, каб гэта пачулі ўсе. Мы, члены Саюза палякаў на Беларусі, такія ж грамадзяне нашай краіны, як і ўсе іншыя!

Галіна Бейдук, Астравецкі раён (на фота злева):

– Саме вялікае ўражанне ад феставалю – тое, што на свае вочы, зусім блізка, пабачыла нашага Бацьку! Не магла стрымаць слёз. Нават дажджу не заўважала.

І вы падумайце: у час, калі ўсім цяжка, арганізаваць такое свята! Тысячы людзей – і ўсё прадугледжана да дробязей. Так прыемна, што ва ўсіх людзей, зусім незнаёмых, такія шчырыя прыязныя ўсмешкі, усе вітаюць, падстаўляюць далонькі, просяць зноў і зноў заспяваць. Усе – нібы адна сям’я!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик