Сустрэча з паэтам Навумам Гальпяровічам, навукоўцам Ігарам Капыловым і мастаком Анатолем Гармазой прайшла ў МФК
Гэтыя словы Навума Гальпяровіча, вядомага беларускага паэта і пісьменніка, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, тэле- і р радыёвядучага, аўтара перадачы “Суразмоўцы”, якая выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3” (героямі яе, да слова, неаднаразова станавіліся нашы землякі) сталі лейтматывам яго творчай сустрэчы з астравецкімі чытачамі.
Іерусалім самога Навума Якаўлевіча – старажытны Полацк. Гэта горад, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва; дзе ён стаў на крыло, напісаў першыя не толькі журналісцкія, але і мастацкія творы; дзе знайшоў свой лёс – з жонкай Марыяй Іванаўнай, якую ён, як сам жартуе, вывез са Свята-Ефрасіньеўскага манастыра (на яго тэрыторыі знаходзіўся інтэрнат), яны пражылі 51 год. Полацку прысвечаны многія вершы, у тым ліку і “Мой Іерусалім”, які аўтар чытаў на сустрэчы, раман з такой жа назвай. Старажытны Полацк, дзе, здаецца, само паветра настоена на гісторыі і беларушчыне, з’яўляецца галоўным героем аўтабіяграфічнай кнігі Навума Гальпяровіча “Чырвоны мост”, вылучанай на атрыманне Нацыянальнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Прэзентацыя яе прайшла ў рамках сустрэчы.

Ініцыятарам і ў пэўнай ступені арганізатарам яе стаў добры сябар Астравецкай раённай бібліятэкі і яе чытачоў дырэктар Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат філалагічных навук Ігра Капылоў. Ігар Кірылавіч, як заўсёды, прыехаў у Астравец не з пустымі рукамі: ён перадаў дзвюм навучальным установам раёна – гімназіі №1 і сярэдняй школе №3 – неацэнны скарб: лексічны атлас беларускіх народных гаворак у пяці тамах.
Трэцім удзельнікам сустрэчы стаў мастак Анатоль Гармаза, добра вядомы колішнім чытачам часопіса “Вожык” па таленавітых, смешных і дасціпных карыкатурах. Цяпер Анатоль Іванавіч– галоўны рэдактар групы газет і часопісаў, асноўная з якіх – “Друг пенсионера” – са сваім стотысячным тыражом з’яўляецца прадметам зайздрасці і недасягальным арыенцірам для ўсіх СМІ краіны. Для большасці прысутных стаў адкрыццём той факт, што Анатоль Гармаза – не толькі адзін з найбольш вядомых беларускіх карыкатурыстаў і аўтар цікавых сяброўскіх шаржаў, але і не менш таленавіты мастак-пейзажыст. Пра гэтую старонку яго творчасці, спадзяюся, астраўчане яшчэ даведаюцца і змогуць ацаніць яе па вартасці.
У той дзень у зале гучала шмат вершаў, пытанняў пра творчае і асабістае жыццё – і адказаў на іх, цікавых падрабязнасцей з жыцця паэта, навукоўцы, мастака. Бадай што галоўнай адметнасцю гэтай сустрэчы была шчырасць. “Як цяжка быць проста шчырым… –” напісаў у адным з вершаў Навум Гальпяровіч. Аказалася, зусім не цяжка, калі быць такім, а не спрабаваць здавацца.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко уручыў Навуму Гальпяровічу Падзячны ліст. Старшыня літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” Аляксандр Марозаў прачытаў вершы мэтра ва ўласным перакладзе на рускую мову. Удзельніца гэтага аб’яднання Людміла Кухарэвіч прызналася ў любові да Полацка і да творчасці Навума Якаўлевіча як песняра гэтай беларускай святыні. А дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава падзякавала гасцям за цікавую сустрэчу.

“Паэзія – шэпт нябёсаў. Галоўнае – знайсці інструмент, які дапаможа перакласці яго на мову,” – сказаў Навум Гальпяровіч.
Здаецца, падчас гэтай сустрэчы такі інструмент быў знойдзены і гэта шэпт у найменшых яго адценнях гукаў і пачуццяў пачулі ўсе прысутныя.