Дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра прызначана Аксана Свірская
Дырэктарам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Астравецкага раёна стала Аксана Свірская.
Аксана Генрыхаўна нарадзілася ў 1984 годзе ў вёсцы Дравянікі.
Скончыла дзевяцігодку ў Градаўшчызне, затым сярэднюю школу №2.
Яе працоўны шлях пачаўся ў 2004 годзе ў Астравецкім рознічна-гандлёвым прадпрыемстве. Затым былі ПУП «Харчгандаль», раённыя дом культуры і спажывецкае таварыства.
У 2011 годзе Аксана Свірская прыйшла ў тэрытарыяльны цэнтр. У 2015-м, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «сацыяльная работа (сацыяльна-культурная дзейнасць)», узначаліла аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Затым стала загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, пасля – загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Працавала намеснікам дырэктара ТЦСАН.
1 чэрвеня 2026 года Аксана Свірская прызначана дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра.
– Настрой працоўны! Калектыў знаёмы і згуртаваны! Таму мы па-ранейшаму будзем адказна і аддана рабіць сваю справу: прыкладваць усе намаганні, каб пажылыя людзі, інваліды і прадстаўнікі іншых уразлівых катэгорый насельніцтва не адчувалі сябе адзінокімі; каб ніхто з іх не застаўся сам на сам са сваім, часам нялёгкім, становішчам; каб кожны атрымаў неабходную дапамогу, – адзначыла Аксана Генрыхаўна.