Главный для аграриев вопрос – первый укос, или Как проходит кормозаготовка в КСУП «Гудогай»

15:00 / 01.06.2026

На Астравеччыне першы ўкос толькі набірае абароты, але ўжо зараз прасочваюцца ўсе перадспасылкі для нарыхтоўкі якасных кармоў, якія, як вядома, з’яўляюцца адным з галоўных складнікаў вялікага малака. Корманарыхтоўка ў КСУП «Гудагай» базіруецца на інтэнсіўнай укоснай сістэме траў у аптымальнай фазе іх вегетацыі, а таксама наладжанай бесперабойнай лагістыцы. Сакрэтамі паспяховага правядзення касавіцы з карэспандэнтам «раёнкі» падзяліліся галоўны аграном Андрэй Ненартовіч, механізатары і вадзіцелі.

У КСУП «Гудагай» не па чутках ведаюць, што менавіта першы ўкос фарміруе фундамент для якаснага сенажу з максімальным утрыманнем пратэіну. Каб зімой накарміць жывёлу на 7 малочна-таварных комплексах, тут за сезон плануюць назапасіць 47 тысяч тон сенажу, 698 тысяч тон сіласу і 730 тон сена.

Што гэта атрымаецца, не сум­ня­ваюся. Стаўка на высопра­дукцыйную энерганасычаную тэхніку, строгі тэх­на­лагічны кантроль на ўсіх пра­цэсах кор­манарыхтоўкі, пачы­наючы ад скошвання травы і за­канч­ваючы яе закладкай, пра­во­дзяць да ажыццяўлення запланаванага.

Першым укосам у гаспадарцы плануюць пакласці травы ў пракосы на плошчы крыху больш за 3 600 гектараў. Трэць ад запланаванага ўжо ў валках у траншэях.

З добрым настроем працуюць вадзіцелі Аляксандр Змітровіч і Валерый Вайткевіч

З добрым настроем працуюць вадзіцелі Аляксандр Змітровіч і Валерый Вайткевіч

Для гэтага дастаткова трох модульных ратацыйных касілак з дзевяцімятровым захопам. На падборы і здрабненні масы, у залежнасці ад фронту работ, асаблівасцей сенажаці і яе аддаленасці ад малочна-таварнага комплексу, дзе адбы­ваецца закладка траншэі, і надвор’я задзейнічана да 3 кор­ма­­нарыхточых комплексаў і да 10 трактараў і аўтамабіляў з прычэпамі.

З першых вуснаў

Андрэй Ненартовіч, галоўны аграном КСУП «Гудагай»:

– Для сёлетняй корманарыхтоўкі нічога з тэхнікі не набывалі – у нашай гаспадарцы трактарна-машынны парк абноўлены некалькі гадоў назад. На першым укосе задзейнічаны вопытныя механізатары і вадзіцелі. Актыўна займаемся перазалужэннем угоддзяў і падсевам шматгадовых траў і іх падкормкай. Нездарма кажуць, што чэрвеньскі ўкос вырашае лёс зімовых надояў. Мне здаецца, што гэты год для корманарыхтоўкі выдаўся неблагі. Косім у аптымальную фазу вегетацыі, таму асноўную частку сенажу нарыхтуем першым укосам.

З галоўным аграномам гас­па­даркі назіраем за работай аднаго з механізаваных звё­наў. Прызнацца, спрыт і хуткасць, зла­джанасць работы пара­да­валі. 

Уладзімір Жук косіць травы

Уладзімір Жук косіць травы

На адным з «Ягуараў» падвяленую траву падбіраў і здрабняў Міхаіл Лашчонак. Мужчына неаднойчы падымаўся на святочную сцэну падчас ура­чыстасці да Дня работнікаў сельскай гас­падаркі як лепшы корма­на­рыхтоўшчык раёна.

Працую 13 сезонаў. Спярша ў мяне быў КЗС, пазней – КВК-800, потым перасеў на «Ягуар», – расказаў механізатар. – Цяпер самы рост траў, таму смела можна гаварыць пра масавую ўбоку. 

На другім кормаўборачным комплексе працаваў Віктар Грым­боўскі. Хоць камбайнёрыць на «зялёным жніве» толькі другі сезон, у сельскай гаспадарцы ён далёка не новы чалавек.

Дзень дню розніца. Здараецца, што за смену набіваю і 600 тон, а бывае і ўдвая менш, – падзяліўся корманарыхтоўшчык. – Пытан­няў і праблем не ўзнікае. Так што ўсё выдатна!

На полі налічыла 8 трактараў і МАЗАў, які адвозяць «зялёнку» на малочна-таварны комплекс «Германішкі». 

 Вадзіцелем працую каля 18 гадоў, – расказаў Віталь Клін­цэвіч. – Колькасць рэйсаў штодзень вар’іруецца. Гэта залежыць ад аддаленасці ўчастка ад траншэі, якую закладваюць.

На некалькі хвілін зялёны канвеер у полі спыніўся… Усё ж такі абед павінен быць па распарадку, вядома, што сыты работнік – добры работнік.

Смачныя і гарачыя першае і другое, свежую салату і кампот у розныя кропкі гаспадаркі па адным  з маршрутаў дастаўляе Іван Грамбоўскі.

Вадзіцельскі стаж у мяне больш за 40 гадоў, з якіх 35 развожу абеды. А калі пачынаецца масавая корманарыхтоўка ці жніво, то яшчэ і гарачыя падвячоркі, – патлумачыў мужчына. – Сёння ў меню гарохавы суп, курыца з грэчкай і салата з капусты. Каб ежа не астыла – а гэта больш за 50 порцый – перавозім яе ў тэрмасумках. 

…Падсілкаваўшыся, меха­ні­за­тары і вадзіцелі з падвоенай ахвотай узяліся за справу – і зялёны гудагайскі канвеер прадоўжыўся.

Пакуль адны падымалі траву і вазілі яе, іншыя касілі і трам­бавалі. Дарэчы, тэмпература і вільготнасць сіласнай ма­сы пастаянна вымяраюцца. Гэта, да слова, адзін з паказ­чы­каў сум­леннасці работы трам­боў­шчыкаў. Залянуецца амкадор­шчык лішні раз скаціцца з крутой зялёнай горкі – тэмпература масы адразу  павялічваецца, што негатыўна адбіваецца на якасці сенажу.

Але ніхто не лянуецца – і сёлета ён, па ўсім бачна, павінен атрымацца якасным!
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич