Сябры раёнкі. Людміла Закрэўская аб простай радасці чытання

14:00 / 30.05.2026
«Астравецкая праўда» працягвае знаёміць чытачоў з тымі, для каго раённая газета – гэта больш, чым проста выданне. Гэта сябар, крыніца натхнення і нагода пагаварыць аб родным краі. Карэспандэнт газеты паразмаўляў з Людмілай Закрэўскай, актыўнай чытачкай «Астравецкай праўды».

Людмілу захопліваюць рэальныя гісторыі людзей, іх лёс і жыццёвыя шляхі. Цікавым для яе стаў конкурс «Сваё, астравецкае», дзе расказваецца пра гісторыю нашага краю.

– Напрыклад, нядаўна быў матэрыял пра альхоўскую школу. Спадабаўся артыкул пра Уладзіміра Караткевіча, – дзеліцца Людміла. – Даведалася, што звязвае вядомага пісьменніка з нашым раёнам.

Людмілу ўразіў матэрыял пра гісторыю жыцця 90-гадовай беларускай францужанкі Ніны-Жанін Мацясовіч. З задавальненнем яна сачыла за конкурсам «Дзедаўская прылада» – жанчыне цікава ўспамінаць аб прыладах мінулых дзён.

Асабліва падабаюцца Людміле артыкулы Ніны Рыбік.

З задавальненнем наша чытачка сочыць за поспехамі моладзі. Радуецца, калі бачыць на старонках газеты навіны аб тым, як дзеці ўдзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах.

– Так, прачытала пра калекцыю адзення «Васільковая мара» і захацелася схадзіць у цэнтр творчасці, паглядзець на гэтыя касцюмы ўжывую. Вельмі прыемна і радасна, што наша моладзь прасоўвае Астравеччыну за мяжой, – з гонарам гаворыць яна.

Текст: Екатерина Станчиц
Фото: Екатерина Станчиц