Участницей форума «Мама без фильтров 2.0» стала островчанка Вероника Кумище
14:00 / 23.05.2026
У Палацы Рэспублікі прайшоў форум «Мама без фильтров 2.0». Яго ўдзельнікамі стала некалькі соцень жанчын з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у іх лік трапіла і астраўчанка – шматдзетная маці Вераніка Кумішча.
Пра мерапрыемства і ўражанні ад яго расказвае сама Вераніка:
Ідэйны натхняльнік форуму Вікторыя Акулевіч расказала, што ёй хацелася прыдумаць для жанчын такую сустрэчу, дзе б яны маглі адкрыць сябе сапраўдных, з радасцямі і засмучэннямі – без знешняга лоску, каб маглі выгаварыцца, пачуць параду, зразумелі, што не адны. Мы гаварылі пра мацярынства без глянцу: пра яго шчасце і складанасці. Сваім досведам дзяліліся спартсменкі, тэлевядучая, псіхолаг, намеснік міністра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Яскрава параўнала жыццё са спаборніцтвам чэмпіёнка свету па тайскім боксе Кацярына Вандар’ева: як толькі ты расслабіўся і перастаў кантраляваць сітуацыю – атрымаеш пад дых. (Усміхаецца.) Размова ішла пра ўпэўненасць і пра тое, што складаныя сітуацыі загартоўваюць характар і трэба ўмець бачыць плюсы нават у самым непрыемным – гэта дапамагае ісці далей.
Чаканым госцем нашай жаночай сустрэчы была знакаміты расійскі псіхолаг Вікторыя Дзмітрыева. Яна прапанавала размову ў форме свабоднага мікрафону – і столькі людзей выстраілася ў чаргу, столькі набалелых тэм было паднята, столькі карысных парад прагучала! Я не рашылася задаць пытанне, але і без гэтага пачула для сябе многа адказаў на хвалюючыя тэмы.

Абмяркоўваючы надзённае, і плакалі разам, і смяяліся…
Гэта ўсё праходзіла ў зале. А ў фае працавалі фотазоны, няні-валанцёры і стаяў кошык жаданняў – там у канвертах ляжалі лісты дзетак, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы. Я стану спаўняльнікам жадання хлопчыка Ванюшы, які марыць пра канструктар.
«Шчаслівая, што запрасілі на такую сустрэчу, гэта было тры ў адным: свята, феерверк эмоцый і перафармаціраванне – дзякуй за гэта арганізатарам і нашаму Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
Фота з архіва В. Кумішчы.