Полина Шулюк: волонтёр – это в какой-то степени волшебник

13:30 / 19.05.2026

Чарговая гераіня нашага праекта – выпускніца астравецкай СШ №2 Паліна Шулюк.


Дзяўчына мае канкрэтна акрэслены, даволі амбіцыёзны план дзеянняў на дарослае жыццё. У пераліку ўсіх яе “хачу” ёсць асобны пункт: быць карыснай для навакольных – тым, хто ўмее выслухаць, даць параду, паспачуваць, развесяліць ці дапамагчы ў звычайных бытавых патрэбах. І гэта цудоўнае жаданне наша зямлячка ўжо ўвасобіла ў рэальнасць: на летніх канікулах яна працавала валанцёрам Беларускага дзіцячага хоспіса ў цэнтры “АІСТ”.

Як стала добраахвотнікам і чаму выбрала менавіта гэта месца, распытаў у дзяўчыны наш карэспандэнт.

Як даведалася пра цэнтр?

– Праз прапанову там адпачыць.

У летнік, дакладней, цэнтр трапіла 5 гадоў таму – неаднойчы была яго выхаванкай. Адпачывала на зменах для сіблінгаў (мой старэйшы брат інвалід).

Увогуле ладзяць розныя змены: для дзяцей-інвалідаў; для сіблінгаў –дзяцей, у каго брацікі альбо сястрычкі з інваліднасцю; сямейныя – для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў, а таксама сумешчаныя.

Атмасфера там асаблівая: сяброўская, цёплая, я б назвала яе сямейнай, бо ўсе знаходзяцца на адной хвалі.

Чаму вырашыла змяніць статус выхаванца на добраахвотнага памочніка?

– Падчас адпачынку ў цэнтры пазнаёмілася з работай валанцёраў, часта дапамагала ім – і зразумела: мне гэта не проста падабаецца, я таксама так магу. Вельмі хацелася стаць для дзяцей тым самым чараўніком, якімі некалі для мяне былі іншыя валанцёры. Дзякуй ім за тое, што не проста падарылі мне гэта адчуванне, а зарадзілі жаданнем стаць адной з іх.

Упершыню валанцёрам працавала ў мінулым годзе – была на змене для сіблінгаў. І сёлета абавязкова паеду туды дапамагаць! Хоць і выпускны клас – паступленне наперадзе, я ўжо пралічыла: усё паспею!

Чым напоўнены дні валанцёра цэнтра?

– Адзначу адразу: усё вельмі насычана і рознабакова: арганізацыя мерапрыемстваў для выхаванцаў, дапамога па кухні: посуд мыць, порцыі раскладваць, прыбіраць сталовую; сачыць за чысцінёй на тэрыторыі і парадкам у доміках адпачываючых.

Пасля сняданка – дзённы збор: цікавімся ў падапечных, як спалі, які настрой, чаго чакаюць, прапаноўваем план на дзень, карэктуем яго, калі ёсць у дзяцей нейкія пажаданні.

Падумаць, чым будзем займаць выхаванцаў на працягу змены – таксама наш клопат. У запланаванае часам уносім карэктывы – па просьбах і прапановах падапечных арганізуем тое, што ім падабаецца больш. Аддаём перавагу конкурсам, квэстам – яны заходзяць дзецям розных узростаў. Робім тэматычныя дні, праводзім касцюміраваныя вечарынкі, нават здымаем міні-фільмы.

Ладзім і дні адкрытых дзвярэй, на якія прыязджаюць спонсары (сябры) цэнтра, каб паглядзець, як адпачываюць дзеці, пагутарыць з імі, а таксама прывозяць падарункі.

Кожную змену мы гуляем у патаемнага сябра (ім можа быць і дзіця, і дарослы): пішам цягам усіх двух тыдняў адпачынку загадзя азначанаму чалавеку лісты і кладзём у спецыяльную паштовую скрыню. А на апошнім вечаровым зборы ля вогнішча чытаем гэтыя допісы і адгадваем, каму яны адрасаваны.

Не кожны можа агучыць услых свае пажаданні, таму зроблены спецыяльныя скарбонкі, куды дзеці могуць апусціць прапановы.

Выхаванцы бываюць розныя. Як наладжвала кантакт і ўключала ўсмешку?

– Тут дапамагаў мой характар: у мяне не бывае дрэннага настрою. Думаю, гэтым запальвала і сваіх выхаванцаў.

Калі была адной з адпачываючых, то гэта атрымлівалася проста, бо ўсе апрыёры разумелі: твая гісторыя падобная да нашай, таму ты такая ж, як мы.

Валанцёрам цябе ўспрымаюць інакш: крыху саромяцца, не адразу гатовы раскрыцца, ісці на кантакт. Трэба ненавязліва паказаць ім сваю любоў, зацікаўленасць, шчырасць – і пакрысе ўсё атрымаецца.

Працуе на гэта не толькі мая адкрытасць і ўсмешкі, але і творчая натура: малюю, спяваю, іграю на фартэпіяна і гітары – шмат чаго ўмею.

Ехала працаваць добраахвотнікам. Якія чаканні былі і ці спраўдзіліся яны?

– Чакала, што гэта будуць лепшыя два тыдні ў тым годзе – так яно і сталася.

І вельмі сумавала па цэнтры, па сваіх падапечных і сябрах, калі надышоў час раз’язджацца. Сувязь з выхаванцамі падтрымліваем і пасля змены. У канцы змены нам валанцёры зрабілі дзённікі-пажаданні, там не толькі імёны і добрыя словы, а і кантакты тых, з кім разам адпачываў. На мінулай змене мы падарылі такія і сваім выхаванцам.

Як стаць валанцёрам “АІСТа”?

– Заўважу, што валанцёрамі ў цэнтр прыязджаюць не толькі падлеткі, а і дарослыя.

Каб стаць валанцёрам, можна запоўніць электронную заяўку на інтэрнэт-старонцы хоспіса альбо звярнуцца да арганізатараў напрамую.

Пасля гэтага з вамі звяжацца каардынатар для размовы – атрымаецца штосьці кшталту завочнай самапрэзентацыі. Абавязковая ўмова, якая тычыцца непаўлетніх валанцёраў, – згода ад бацькоў (дагаворы з дзецьмі і іх законнымі прадстаўнікамі падпісваюцца, калі ты ўжо прыняты ў каманду добраахвотнікаў).

Да слова, для валанцёраў ладзяць асобную змену, дзе іх рыхтуюць для работы з будучымі выхаванцамі – так што хвалявацца (у плане: хачу, але не ведаю, як гэта працуе) не трэба.

Якія жыццёвыя планы ў Паліны Шулюк?

– Рэалізаваць сябе ў многіх накірунках.

Перш-наперш вывучыцца на радыяхіміка – такая спецыяльнасць ёсць у БДУ. Затым атрымаць другую вышэйшую адукацыю – псіхолага, а тады скончыць шмат розных курсаў: фларыстаў, чайнага самелье…

І пры ўсім гэтым развівацца ў валанцёрстве: дапамагаць не толькі дзецям, а і пажылым людзям, жывёлам – лічу, што гэта вельмі патрэбна і важна. Быць карыснай рэальнымі справамі – гэта для мяне галоўнае.

ДУМКІ ЎСЛЫХ

“Шчасце – гэта адчуваць шматграннасць і шчырасць любові. І умець канцэнтравацца на цяперашнім часе”.

“Клапаціцца, значыць рабіць свет вакол сябе лепшым, паказваючы іншым, у чым заключаецца сапраўднае шчасце”.

“Месца пад сонцам чалавек вызначае сам, нягледзячы на тое, у якіх абставінах ён аказваецца. За сваё жыццё чалавек нясе адказнасць сам”.

Калі я спытала ў Паліны пра мары, дзяўчына адказала, што іх шмат. І адна з іх, мабыць, самая каштоўная – быць чараўніком для тых, каму патрэбна дапамога. Да слова, у нашай юнай зямлячкі гэта ўжо атрымалася, пра што сведчыць і ліст, які прыйшоў дырэктару школы:

“Уважаемая Анастасия Ивановна! Общественное объединение “Благотворительный детский хоспис” выражает искреннюю благодарность учащейся 11 класса вашего учебного заведения Шулюк Полине Анатольевне за волонтёрскую помощь, которую она оказала в летнем центре “АИСТ” <…>

Для нас как для благотворительной организации, очень ценно, что есть такие молодые люди, как Полина Шулюк, которые готовы пожертвовать своим временем, своими знаниями и навыками на благо других людей, которые очень нуждаются в помощи!

С уважением директор ОО БДХ А.Г. Горчакова».

Упрыгожваць жыццё іншых простай шчырай увагай, удзелам, дарыць адчуванне, што ты не адзін… Ці ж гэта не чароўна?

*Проект издан за счёт средств целевого сбора по созданию национального контента


Фота з архіва П. Шулюк.

Текст: Рита Дремо