Дзевяць астравецкіх калектываў пацвердзілі званні “Народны” і “Узорны”

14:00 / 19.05.2026
Дзевяць астравецкіх мастацкіх калектываў пацвердзілі званні «Народных» і «Узорных». Яшчэ тры зрабілі заяўку на іх атрыманне.

У мінулую сераду на Аст­равеччыне высадзіўся дэсант абласных спецыяліс­таў розных напрамкаў у галіне культуры на чале з загадчыкам аддзела ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргеем Давыдзікам. Высо­ка­прафесійнае журы прымала творчую справаздачу ў асноўных мастацкіх ка­лек­тываў раёна.

Атрыманыя раней званні «Народны» і «Узорны» па­­ц­вяр­джалі старэйшы фаль­к­лор­на-этна­графічны калек­­тыў  раёна «Жыль­ві­ціс» (кі­раў­­­нік Марына Мух­ніц­кая), народны ансамбль песні «Рэха Аст­раўца» (кіраўнік Алена Та­кар­чук), народны ансамбль народнай песні «Світа­нак» (кіраўнік Ганна Ткачук), народны драматыч­ны тэатр (кіраўнік Ні­на Рыбік), узорны хор «Ветразь» (кіраўнік Акса­на Баршэвіч), узорны ансамбль «Міхалінка» (кіраўнік Таццяна Канчанін), народны ансамбль народных інструментаў «Скарбніца» (кіраўнік Надзея Шарэйка), узорны духавы аркестр (кіраўнік Максім Адамоніс), народны ансамбль народнай песні «Кемяліна» (кіраўнік Сяргей Дзям’янчык). 

Прэтэндуюць на атрыманне гэтых ганаровых званняў харэаграфічны калектыў «Карамелькі» (кіраўнік Алена Дзям’янчык), вакальны ансамбль народнай песні «Крынічанька» (кіраўнік Алена Субач) і фальклорны ансамбль «Варняначка» (кіраўнік Марына Кіб).

Усе калектывы падрыхтавалі для абароны званняў спецыяльныя праграмы. У некаторых з’явіліся новыя касцюмы – што, да слова, было адзначана журы.

Высока ацанілі спецыялісты з вобласці і выканаўчае майстэрства астравецкіх артыстаў. Яны адзначылі спектакль «Каханне і мухаморы»; шмат цёплых слоў сказалі ў адрас «Світанка», «Кемяліны», «Скарбніцы».


Камісія падзякавала «Жыльвіцісу» і «Рэху Аст­раўца» за самабытны рэпертуар і захаванне нацыянальных культурных каштоўнасцей і нагадала, што іх чакаюць на фестывалі нацыянальных культур – без астравецкіх калектываў уявіць яго немагчыма.

Адзначаны арыгінальны рэпертуар і ўзровень падрыхтоўкі ўзорнага духавога аркестра. 

Зрэшты, усе калектывы, якія ў той дзень абара­няліся, атрымалі высокую адзнаку і адназначнае рашэнне камісіі: званні «Народны» і «Узорны» паспяхова пацверджаны.

Калектывам, якія толькі рыхтуюцца да атрымання ганаровага статусу – «Крынічанька», «Варня­начка», «Карамелькі», – члены камісіі прапанавалі працаваць далей і далі канкрэтныя рэкамендацыі, над чым менавіта і ў якіх накірунках.

З першых вуснаў

Сяргей Давыдзік, загадчык аддзела ўпраўлення культуры аблвыканкама, старшыня камісіі:

– Мне вельмі спадабаліся ўсе прадстаў­леныя сёння калектывы. Уразіла паста­ноўка народнага тэатра – сачыў за развіццём падзей на сцэне не адрываючыся. Увогуле ва ўсіх калектываў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і ўсе адназначна заслугоўваюць званняў «Народны» і «Узорны».

Людміла Маркоўская, глядач, госця з Мінска:

– Увогуле я прыехала на спектакль «Каханне і мухаморы» – сачу за творчасцю Ніны Рыбік, стараюся не прапускаць пастаноўкі Астравецкага народнага тэатра. І на гэты раз драматург, рэжысёр і артысты  былі на вышыні.

Прыемным адкрыццём для мяне стала выступленне ансамбля «Світанак». Шчыра кажучы, не чакала ўбачыць і пачуць у Астраўцы калектыў і салістаў такога ўзроўню. Малайцы!

Мар’яна КРАСНАСЕЛЬСКАЯ, фота аўтара.