Кольцо, МФК, свадьба, или Как рождается семья, рассказывают островецкие малыши

12:00 / 19.05.2026
Калі ўтвараецца сям'я, хто злучае сэрцы закаханых, як правільна зрабіць прапанову рукі і сэрца і для чаго бацькам патрэбны дзеці – з карэспандэнтам «раёнкі» разважалі на дарослыя тэмы выхаванцы астравецкага дзіцячага сада №1.

…з кахання

Максім Нявераў:

– Сям’я не народзіцца без кахання. Яно пачынаецца з прыемных слоў, добрых учынкаў, клопату, пяшчоты, розных прыемнасцей…  Зразумець, што дзяўчынка падабаецца хлопчыку, проста: даў сваю цацку пагуляць, кветачку падарыў, цукеркай пачаставаў – сто працэнтаў падабаецца. 

Думаю, што каханне пачынаецца, калі людзям кожны дзень хочацца бачыцца і разам гуляць, размаўляць… Гэта адбываецца таму, што да іх прылятае нябачны анёлак, зводзіць людзей у адным месцы і робіць нешта такое з сэрцамі, што яны пачынаюць кахаць, – адбываецца чараўніцтва. Калі ў анёлка ўсё атрымалася, ён ляціць знаёміць іншых дзяўчынку і хлопчыка – і зноў пачынае чараваць. 

А дзесьці гады ў 23, калі стануць дарослымі, юнак і дзяў­чына вырашаюць жаніцца, каб жыць разам і дзяцей мець.

Да слова, закаханых людзей лёгка пазнаць – паводзіны за іх усё падкажуць: абдымаюць адзін аднаго, трымаюцца за рукі ці гавораць адзін аднаму прыемныя словы, альбо хлопец дапамагае дзяўчыне несці якія-небудзь рэчы, каб ёй няцяжка было, – такія вось простыя заўважынкі. (Усміхаецца.)

…на вяселлі

Аня Кузьміч:

– Калі дзяўчына з хлопцам закаханыя адзін у аднаго, у іх будзе вяселле – там і народзіцца сям’я.

Вяселле – такое свята, на якім збіраюцца ўсе родзічы, жэняцца муж і жонка, даючы адзін аднаму пярсцёнкі.

У гэты дзень ва ўсіх асаблівыя ўбранні. Да прыкладу, муж павінен апрануць белую кофту, штаны і плашч. А ў яго жонкі павінна быць прыгожая белая сукенка і фата на галаве. І букет!

Трэба, каб вяселле было запамінальным, таму жаніх і нявеста прыдумваюць усялякія цікавыя гульні, якія весяляць гасцей. І выпускаюць у неба белых галубоў, якія ляцяць да Бога, каб расказаць яму пра мары маладажонаў.

Паколькі вяселле – свята, значыць на ім дораць падарункі: кубкі, талеркі, канверты з грашыма, чай са смачняшкамі  – такое будзе прыемна для нявесты. У кіно бачыла, што купляюць альбо самі робяць вялізны торт. Яго  разразаюць на шмат кавалачкаў і раздаюць гасцям у падзяку за  тое, што прыйшлі на ўрачыстасць.

Новая сям’я будуе сабе новы дом ці кватэру, бо жыць з татам і мамай ужо не трэба, бо муж з жонкай павінны стаць самастойнымі.

…з падаранага пярсцёнка

Арцём Родзь:

– Усе думаюць, што гэта адбываецца, калі хлопчык і дзяўчынка жэняцца. (Ім гадоў па 26 павінна быць – тады лічацца дарослымі.)

Але на самой справе ўсё пачынаецца раней: спярша дзяўчынцы трэба пярсцёнак падарыць! 

А да гэтага яшчэ пасябраваць: пазнаёміцца, пагуляць разам па вуліцы, можна і каля двара… Ёсць і выключна мужчынскія абавязкі: кожны раз дарыць кветкі і быць дужым, каб умець абараніць дзяўчынку, напрыклад, ад злога сабакі ці ад хуліганаў. 

(Узнёсла.) Ну і вось калі хлопчык вырашае, што сяброўства ўжо моцнае, ён робіць прычоску, апранаецца прыгожа, купляе ў магазіне пярсцёнак з вялікім брыльянтам  (такі маёй маме тата дарыў) і ідзе да дзяўчынкі – клікаць яе замуж. 

Каб сяброўка згадзілася быць нявестай, трэба стаць на калена і гаварыць сваю прапанову пяшчотным прыемным голасам. 

З гэтай нагоды і сюрпрыз можна ўстроіць. Да прыкладу, купіць торцік ці прыгатаваць што смачнае, ці ў кафэ запрасіць. Ці папрасіць свайго лепшага сябра, каб дапамог што-небудзь цікавае арганізаваць…

Толькі калі падарыш дзяўчынцы пярсцёнак, ты будзеш ужо не сябрам, а жаніхом і мець нявесту. А тады ўжо і госці, і вяселле!

…у шматфункцыянальным комплексе

Васіліна Акуловіч:

– Дакладна ведаю, што жаніцца ходзяць у шматфункцыянальны комплекс – ён у нас вельмі прыгожы. Аднойчы, калі ехала з татам на веласіпедзе, бачыла, як жаніх нявесту туды вёў, ён па дарозе папраўляў ёй сукенку. А сукенка такая прыгожая была… Белая… Па адзенні адразу зразумееш: ідзе звычайны чалавек ці той, які жэніцца. Мне падабаецца, што існуюць такія асаблівыя ўборы – яны падказваюць: у людзей свята.

А ўвогуле, каб пажаніцца, спярша трэба вырасці, навучыцца гаварыць, хадзіць, скончыць школу, атрымаць прафесію і пачаць зарабляць грошы. 

Вось калі ўсё гэта будзе зроблена і дзяўчына з хлопцам захочуць ажаніцца, яны папросяць у  сваіх бацькоў, каб тыя дамовіліся ў шматфункцыянальным комплексе пра вяселле. 

Там жа і пярсцёнкі заручальныя выдадуць. Для гэтага ёсць спецыяльны чалавек, які трымае падушачку з пярсцёнкамі. Яны не такія, як у магазінах: з камянямі і іншымі ўпрыгажэннямі, а асаблівыя: круглыя, залатыя, без усялякіх узораў – выключна для жаніха і нявесты робяцца.

Гасцей добра паклікаць, бо быць у такі дзень удваіх сумна. Хочацца ж дзяліцца радасцю з іншымі, каб бачылі, як жаніх з нявестай надзяваюць адзін аднаму на палец пярсцёнкі!

А потым усе разам едуць у іншае месца, дзе ўсе танцуюць і весяляцца, і дораць кветкі, падарункі...

…калі з'яўляюцца дзеці

Марк Чыстабаеў:

– Калі дарослыя пажаніліся – гэта яшчэ не сям’я, а проста муж і жонка. А вось сям’я з’явіцца, калі там наро­дзяцца дзеткі. 

У нас сапраўдная сям’я: у таты з мамай ёсць я і мой двухгадовы брацік Захар! Хаця лепш, калі два дзіцяці і яшчэ адно – тры! І пажадана, каб прыкладна аднолькава гадоў ім было – тады гуляць цікавей, асабліва старшаму. (Задумваецца.) А ўжо хто: хлопчыкі ці дзяўчынкі – няважна, тут як атрымаецца. Я лічу, што чым больш у сям’і людзей, тым весялей жывецца, бо кожны кожнаму сябар.

Сваіх малышоў бацькі павінны выхоўваць, вучыць усяму жыццёваму: гаварыць, хадзіць, паводзіць сябе. У гэтых справах тату з мамай могуць дапамагаць іх старэйшыя дзеці, але толькі калі тэрмінова трэба.

Увогуле дарослым без сыноў ці дачок складана жылося б – сумна. Напрыклад, не было б мяне, з кім бы тата катаўся па вечарах на веліках? А так разам выязджаем – і пагналі далёка, ажно да «Імпульса». Пакуль мама маленькім Захарам дома займаецца, я тату на велапрагулку выводжу – і мне падабаецца, і тату. Падрасце брат, і ён да нас, калі захоча, далучыцца – навучу спярша на маленькім, чатырохколавым веліку катацца, а пазней магу і на сваім дазволіць паездзіць. 
Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо