Рэдакцыю наведалі пяцікласнікі Варнянскай СШ
У рэдакцыю часта прыходзяць на экскурсію вучні з розных школ раёна. На гэты раз завіталі пяцікласнікі Варнянскай СШ.
Як высветлілася яшчэ падчас знаёмства, большасць з іх ведаюць ”у твар” “Астравецкую праўду”, глядзяць выпускі тэлепраграмы “ТВА. ТВой Астравец”, заходзяць на старонкі “АП” у сацыяльных сетках. У рэдакцыю яны завіталі, каб даведацца, як ствараюцца раённыя навіны, адкуль што бярэцца і што ў выніку атрымліваецца.

Кажуць, лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. А яшчэ лепш пабачыць і пачуць адначасова. Журналісты расказалі і паказалі школьнікам усё, што тычыцца рэдакцыйнай кухні. У іх нават была ўнікальная магчымасць убачыць на экране камп’ютара перад адпраўкай у друкарню заўтрашні выпуск “раёнкі”.


А яшчэ яны патрымалі ў руках старыя выпускі газет і кнігі, якія выпусціла рэдакцыя. Да слова, у апошняй з іх, “Героі Вялікай Перамогі”, Арсень Тумінскі знайшоў звесткі пра свайго прадзеда Фадзея Юльянавіча Тумінскага – хвалюючая “сустрэча” праз дзесяцігоддзі.

А “дэсертам” гэтай экскурсіі стала знаёмства з калекцыяй соў – і, да слова сказаць, па назве гарадоў дзеці беспамылкова адказалі, з якіх краін “прыляцелі” мудрыя птушкі ў рэдакцыю.
Былі сярод вучняў і тыя, хто зацікавіўся прафесіяй журналіста і з асалодай патрымаў у руках галоўную ўзнагароду газетчыкаў – “Залатую Літару”.
Хто ведае, магчыма, для некага гэтае наведванне рэдакцыі стане лёсавызначальным.
