Падарункам для астраўчан стала выступленне эстрадна-сімфанічнага аркестра імя Васілеўскага Гомельскай філармоніі

21:19 / 09.05.2026

Бліжэй да вечара астраўчане, якія перакананы, што Дзень Перамогі – гэта свята, якое павінна адбыцца незалежна ад надвор’я, і прыняць у ім удзел – святая справа, атрымалі дадатковыя два падарункі.

Па-першае, спыніўся дождж і сціх вецер.

А па-другое, у Астравец (калі не памыляюся, упершыню) з Гомеля прыехаў эстрадна-сімфанічны аркестр імя Васілеўскага. Знаўцы музыкі ведаюць: калектывы такога ўзроўню – гэта заўсёды сустрэча з сапраўдным мастацтвам.

Хто не паленаваўся прыйсці на плошчу надвячоркам, той не пашкадаваў. Песні ваенных часоў і сучасныя кампазіцыі, жывая музыка, цудоўныя выканаўцы, харызматычныя артысты – усё ўздымала настрой гледчам, якіх, на жаль, было не вельмі шмат.

З першых вуснаў

Галіна Восарава:

– 9 Мая – гэта галоўнае свята не толькі ў дзяржаве, але і ў мяне, і ўдзел у ім не залежыць ад надвор’я. Надвор’е павінна быць у душы!

А гэты аркестр – гэта проста падарунак! Немагчыма ўтрымацца, хочацца спяваць разам з артыстамі і танцаваць пад іх музыку.

Тарэса Памецька:

– Заўсёды ўдзельнічаю ў мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі. Сёлетняе свята не стала выключэннем. Вядома, падчас мітынгу крыху сапсаваў атмасферу дождж, але з прыродай не паспрачаешся. А цяпер усё проста цудоўна! Не кожны дзень да нас прыязджаюць такія калектывы. Паслухаць жывую музыку – гэта проста асалода для душы.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик