Меркаванні гасцей свята 9 Мая: мы павінны памятаць подзвіг продкаў
Нягледзячы на зусім не святочнае надвор’е, людзі адзначаюць 9 Мая і ідуць на мітынг і канцэрты.
Нэлі Грынцевіч:
– Дзень Перамогі – гэта дзень памяці, нагода ўзгадаць вялікі подзвіг тых, дзякуючы каму мы сёння жывём пад мірным небам, каб у нашых дзяцей было спакойнае і светлае дзяцінства.
Сёлета 9 мая выдалася халодным і даждлівым, але з дачушкамі Камілай і Міланай усё раўно прыйшлі паглядзець канцэрты. Такім чынам я выхоўваю ў дзяцей патрыятызм, вучу помніць мінулае.
Любоў Сянюць:
– Гэта свяшчэннае свята, якое нельга абмінуць увагай. Для мяне 9 мая асаблівая дата, таму што маці Ніна Фёдараўна Шыканава ветэран Вялікай Айчыннай, узнагароды мела. Дарэчы, з нашай вёскі ў Віцебскім раёне шмат хто ваяваў. Калі пачалася вайна, маці дарослая была: 7 класаў скончыла, адвучылася ў фабрычна-завадскім вучылішчы ў Віцебску, ужо працавала. Яна стала сувязной першай партызанскай брыгады імя Шмырова і сапёрам ёй давялося пабыць – займалася размініраваннем лясоў і палёў. Апошні час яна жыла ў мяне ў Астраўцы, тут і пахавана.
Таксама два дзядзькі ваявалі – адзін у партызанскім атрадзе, другі лётчыкам быў. Загінулі. Цаной свайго жыцця яны падарылі нам магчымасць бачыць мірнае неба.
Маці заўсёды з пашанай ставілася да свята Перамогі, чакала яго кожны год. Таму і для мяне 9 Мая – свяшчэнная дата. Мы павінны захоўваць памяць пра тыя часы і подзвіг герояў.