Мы нашей памяти верны: в День Победы в Островце прошёл торжественный митинг

14:05 / 09.05.2026
У Дзень Перамогі каля помніка савецкім воінам і партызанам у Астраўцы прайшоў урачысты мітынг. Яго ўдзельнікі, як і кожны год, сабраліся ў гэтым свяшчэнным месцы, каб сустрэць галоўнае свята нашай краіны, якога савецкі народ чакаў доўгіх 1 418 дзён.

Беларусь выстаяла і даказала ўсяму свету, што людзей, якія любяць сваю Радзіму і гатовы яе абараняць, зламаць немагчыма!

… У памяць аб іх цішыню мірнага наваколля парушылі ўдары метранома – астраўчане хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, быў спалены, расстраляны або закатаваны фашыстамі, успомнілі подзвіг тых, хто набліжаў Перамогу. А трохразовы салютны залп на імгненне прымусіў задумацца пра кволасць міру.

– Больш за восем дзесяцігоддзяў прайшло з таго дня, як змоўклі выстралы самай кровапралітнай бітвы ў гісторыі чалавецтва, а рэха пераможнай вясны 1945-га і цяпер адгукаецца ў кожным беларускім доме, у кожнай беларускай сям’і. Для нас 9 Мая – гэта не проста дзень у календары. Гэта сімвал нацыянальнага трыумфу, справядлівасці і бязмежнай любові да роднай Айчыны. Мы схіляем галовы перад пакаленнем пераможцаў. Мужнасць франтавікоў і самаадданасць працаўнікоў тылу сталі тым моцным падмуркам, на якім пабудавана сучасная Рэспубліка Беларусь. Астравецкая зямля ведае сапраўдную цану свабоды, мы шануем вызваліцеляў і ўсіх, хто не вярнуўся з палёў бітваў. Гэта памяць увекавечана ў граніце мемарыялаў, але перш за ўсё – у нашых сэрцах. Наш святы абавязак берагчы мір, заваяваны такой дарагой цаной, – адзначыў старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Мядзвецкас.

У нашай краіне шануюць памяць пра герояў і заваяваную імі Вялікую Перамогу, ганарацца гераічным мінулым і ўпэўнены ў мірнай будучыні, таму што ведаюць: традыцыі самаахвярнага служэння Айчыне сёння захоўваюць тыя, хто першым сустракае світанкі на першых метрах роднай зямлі.

– 9 Мая – свяшчэннае свята для кожнага беларуса. Гэта дзень, калі варта задумацца пра каштоўнасць міру і аддаць даніну павагі тым, хто выратаваў чалавецтва ад фашызму, абараніў нашу незалежнасць і шчаслівую будучыню. У гэты святочны дзень мы ўспамінаем тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, з засценкаў канцлагераў і спаленых фашыстамі і іх памагатымі гарадоў і вёсак; тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля Вялікай Перамогі, – і перадаём гэту памяць маладому пакаленню. 9 Мая назаўжды застанецца сімвалам мужнасці, стойкасці і нязломнай сілы духу беларускага народа. Няхай гэты дзень для кожнага з вас будзе напоўнены светлымі пачуццямі, – сказаў камендант пагранічнай камендатуры “Гудагай” Антон Сняжко.

Нямала на мітынгу было і моладзі, якая ганарыцца подзвігамі сваіх дзядоў і прадзедаў. Адзін з такіх Іван Шышкевіч, выпускнік сярэдняй школы №3, член ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства”, удзельнік патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік памяці».

– 9 Мая – гэта дзень, які падзяліў нашу гісторыю на “да” і “пасля”. Я выступаю тут не адзін. За маёй спінай тысячы маладых людзей па ўсёй краіне. Мы не бачылі вайны, але мы пакаленне, якое памятае, захоўвае і шануе памяць. Мы шануем кожнага салдата, кожнага медыка, кожнага працаўніка тылу. Мы захоўваем абеліскі і памятаем пра подзвіг народа. Мы, моладзь Беларусі, бяром на сябе адказнасць за захаванне гістарычнай праўды, і гэта не гучныя словы, гэта штодзённая праца: аднаўленне архіваў, догляд за пахаваннямі, пошукавая работа, урокі ў школах. Мы не дазволім перапісаць нашу гісторыю, станем сцяной за праўду,  адзначыў юнак.

…У знак агульнага смутку аб мільёнах загінулых, у тым ліку і нашых землякоў, прайшла тэатралізацыя, а затым удзячныя нашчадкі ўсклалі кветкі да помніка.

Скончыўся мітынг урачыстым маршам калон ваенных і школьнікаў і песняй «Памяць» у выкананні астравецкіх артыстаў – і гэта стала пацвярджэннем, што беларусы не толькі захоўваюць гісторыю, але і не дапусцяць паўтарэння страшнага.

81 год таму 9 Мая абвясцілі аб Вялікай Перамозе, але і сёння аб гэтай даце, якая змяніла ход гісторыі, у Беларусі памятаюць. І не забудуць!

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич