Пра ролю ў жыцці галоўных сімвалаў Беларусі, любоў да Радзімы і свой шлях расказваюць астраўчане
Наша нацыя вызначаецца не толькі шчырай гасціннасцю, прыроджанай талерантнасцю, нястомнай працавітасцю, але і сапраўдным патрыятызмам. І ён настолькі шматгранны, як і сама любоў беларусаў да сваёй зямлі…
Яна праяўляецца не ў гучных словах, а ў штодзённых справах кожнага з нас, адносінах да гісторыі сваёй краіны і яе галоўных сімвалаў. Пра іх сакральны сэнс і значэнне праз прызму ўласнага жыццёвага шляху з нагоды Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага гімна расказалі прадстаўнікі маладога пакалення. Бо, па вялікім рахунку, каму, як ні ім, будаваць светлае і шчаслівае заўтра нашай краіны.
Праслаўляе
Марыола Букель, прафесійная спартсменка, майстар спорту па лёгкай атлетыцы ў кіданні молата, бронзавы прызёр чэмпіятанату свету і Еўропы сярод юніёраў:

– Адзін паэт сказаў: “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. І, ведаеце, ён меў рацыю.
Гэты здымак, дзе мяне атуляе наш родны сцяг, зроблены ў Афрыцы, у сталіцы Кеніі – горадзе Найробі. Там праходзіў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы, на якім я заняла ІІІ месца з вынікам 61,25 метра.
Словамі складана перадаць адчуванні і эмоцыі, якія перапаўняюць, калі стаіш на п’едэстале, чуеш гімн сваёй краіны і бачыш яе сцяг. У такі момант разумееш, колькі высілкаў і намаганняў уклала. На вочы наварочваліся слёзы, трэсліся рукі ад усведамлення таго, што змагла перамагчы. Я адчувала гонар, што прадставіла нашу краіну на самых буйных і важных спаборніцтвах у сезоне. Гледзячы на сцяг (мой сцяг!), разумела, што зрабіла гэта для Беларусі, і адчувала на адлегласці каласальную падтрымку блізкіх і родных: бацькоў, трэнера, сяброў і ўвогуле ўсіх беларусаў.
Галоўныя сімвалы нашай краіны для мяне шмат значаць. Я нарадзілася пад гэтым сцягам і далей усю сваю спартыўную кар’еру буду будаваць пад ім. Для мяне гэта не проста сімвал нашай краіны, а ўвасабленне маёй маленькай радзімы, дома, блізкіх…
У сувязі са шчыльнай падрыхтоўкай да летняга сезону (спаборніцтваў вельмі шмат, як у Беларусі, так і ў Расіі) рэдка бываю дома. Таму візіты ў Варняны ўспрымаю вельмі трапятліва: па дарозе адзначаю кожную дэталь і змяненні. Па прыездзе выдыхаю з радасна-спакойным “Нарэшце, я дома…”. Адсюль пачынаўся мой шлях у вялікі спорт, хоць калісьці мне хацелася як мага хутчэй збегчы з вёскі ў горад; тут засталіся мае родныя і блізкія, падтрымка якіх проста неацэнная.
Я працягваю займацца прафесіянальным спортам. У нашай краіне створаны для гэтага ўсе ўмовы, у тым ліку медыцынскае суправаджэнне. На жаль, з-за санкцый нам зачынены доступ да міжнароднай арэны, але ёсць цудоўная магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краін-сябровак, у прыватнасці, у Расіі.
Ушаноўвае
Антон Юркойць, вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурсу аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі (у недалёкім мінулым – педагог):

– На мой выбар прафесіі, відаць, паўплываў прыклад маці. Падчас вучобы ва ўніверсітэце я ведаў, што працаваць вярнуся дадому, у родную Варнянскую школу. Іншыя варыянты нават не разглядаў. Нават калі б жыццё мяне занесла ў іншы горад, усё адно, думаю, я вярнуўся б на Астравеччыну. Як любіць казаць мая бабуля: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.
Хоць у школе адпрацаваў толькі 4 гады, часцінка душы засталася там. Я быў псіхолагам і, як афіцэр запасу, адказваў за ваенна-патрыятычнае выхаванне. Для мяне гэта быў новы і вельмі цікавы накірунак работы. З вучнямі мы размаўлялі пра дзяржаўныя сімвалы: гімн, сцяг, герб. Яны не толькі ўвасабляюць суверэнітэт нашай краіны, адлюстроўваюць яе гістарычныя традыцыі і асаблівасці, але і адзінства народа і ўнікальнасць беларусаў. Больш таго, гэтыя знакавыя сімвалы змешчаны на першай старонцы дзённіка – вучні рознага ўзросту кожны дзень бачаць іх. Мне здаецца, дзякуючы гэтаму ў дзяцей узмацняецца разуменне важнасці захавання традыцый, ушанавання гістарычнай памяці, сувязі з сям’ёй і сваім родам. Гэта тое, што робіць нас мацнейшымі, збліжае і аб’ядноўвае.
Запомніліся школьныя першыя і апошнія званкі, лінейкі, якія праводзяць напачатку і напрыканцы кожнай чвэрці. Сцяганосец падымае сцяг, і гучыць гімн. Заўважыў, што найлепш яго спяваюць вучні пачатковай школы – гучна, дружна, старанна. Калі бачу, як гэта робяць хлопчыкі і дзяўчынкі, як у гэты момант у іх гараць вочы, то вельмі ганаруся і лаўлю сябе на думцы, што ў нас падрастаюць сапраўдныя беларусы; што ў новага пакалення з самага ранняга дзяцінства правільныя арыенціры і каштоўнасці. І ад іх непасрэднага, але шчырага дзіцячага выканання проста захоплівае дух.
Да свайго здзіўлення заўважыў, што некаторыя бацькі, асабліва маладыя, часам саромеюцца яго спяваць Мне здаецца, што задача кожнага з нас – трансліраваць іншым, што мы, беларусы, абавязкова павінны ведаць словы галоўнага сімвала Беларусі. Краіны, дзе ты жывеш, дзе гадуюцца твае дзеці, дзе нарадзіліся твае бацькі, дзяды і прадзеды.
Цяпер мая работа таксама ў пэўнай ступені звязана з выхаваннем патрыятызму. Мне здаецца, што ў апошні час людзі сталі вяртацца да вытокаў і больш цаніць сваё, роднае.
Умацоўвае
Іван Бародка, загадчык механічных майстэрняў у аг. Малі КСУП “Гудагай”; кожнае лета становіцца хлебаробам:

– Родам я з Астраўца, праўда, тады гэта быў невялікі гарадскі пасёлак. Цяпер ён сучасны горад энергетыкаў, дзе ёсць усё для камфортнага жыцця і адпачынку.
У чэрвені будзе 12 гадоў як працую ў КСУП “Гудагай”. Першы год быў механікам, потым даверылі ўсе майстэрні. Праўда, калі пачынаецца жніво, мяняю свой невялікі кабінет на кабіну камбайна.
Сёлета 14-ты сезон як буду ўбіраць збожжа, больш таго – у якасці старшага камбайнера. Яшчэ падчас вучобы ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы два сезоны запар падпрацоўваў на жніве, каб падзарабіць. І панеслася… Відаць, ужо тады адчуў смак хлеба.
Упэўнены, што мяне падтрымае большасць камбайнераў у тым, што ў жніва асаблівая энергетыка, якая цалкам паглынае механізатара. Іншае адыходзіць на другі план. Калі на ўборцы ўсё складваецца найлепшым чынам – добрае надвор’е, не псуецца камбайн, – то дадому мы прыязджаем толькі пераначаваць, а паспаць часам атрымліваецца толькі некалькі гадзін.
Сімвалічна, што на гербе Беларусі адлюстраваны абрысы краіны ў залатых промнях сонца, кветкі канюшыны і льну, а таксама вянок са збожжа. Мяркуючы па структуры каласкоў, гэта ячмень.
Мой першы камбайн “Ліда-1300” – на ім адпрацаваў пяць сезонаў. Потым атрымаў новы КЗС-1218-А1. На ўборцы працую з задавальннем. Прычын некалькі. Па-першае, мне гэта падабаецца; па-другое, за сезон можна няблага падзарабіць; па-трэцяе, работа хлебароба здавён лічыцца высакароднай.
Напэўна, бачылі што многія камбайны КСУП “Гудагай” упрыгожаны сцягам ці яго выявай. Летась я таксама яго прымацаваў да сваёй хлебаўборачнай машыны. Для чаго гэта робяць механізатары? За ўсіх не адкажу, але магу запэўніць, што дзякуючы гэтаму адчуваеш неверагодны гонар за краіну, раён, гаспадарку, а на душы пануе святочны настрой.
Здаецца, што да жніва яшчэ далёка, але пакрысе ўжо пачынаем рыхтавацца. Надвор’е добрае, таму выгналі камбайны на вуліцу, на пляцоўку, каб у вольны час даводзіць іх да толку.
… “Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі” і гэтая адданасць праяўляецца ў тым, як настаўнік вучыць дзяцей, урач лечыць людзей, а мы, хлебаробы, убіраем ураджай…