Памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі ўдзельнікі аўтапрабегу ў Газе, Міхалішках і Жукойнях

15:34 / 08.05.2026

Пасля ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам у Астраўцы група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Мікітай Алянцэвічам адправілася ў аўтапрабег «Беларусь помніць. Помнім кожнага» па маршруце Газа – Міхалішкі – Жукойні.

Заўважыла: убачыўшы калону машын, якія ўпрыгожвалі сцягі Беларусі і Сцяг Перамогі, жыхары населеных пунктаў спынялі справы на панадворках – і позіркам і цёплай усмешкай віталі аўтамабілі. Зразумела, яны душой і думкамі з удзельнікамі, бо таксама памятаюць вялікую дату 9 мая і подзвіг продкаў.

Каля помніка загінулым землякаму Газе сабраліся школьнікі з Варнян і мясцовыя жыхары. Шанаваць герояў, якія цаной жыцця заваявалі мір, і ніколі не забываць тых ужо далёкіх часоў заклікаў Мікіта Алянцэвіч. А пасля ў знак удзячнасці за Перамогу ўсе ўсклалі кветкі.




У Міхалішках, якія першымі на Астравеччыне прынялі ўдар фашыстаў, адбыўся мітынг. Каля помніка было шматлюдна: ушанаваць загінулых у гады Вялікай Айчыннай сабраліся не толькі дарослыя, але і вучні мясцовай і Альхоўскай школ. Дзеці стаялі з партрэтамі ўдзельнікаў вайны – і здавалася, быццам ветэраны таксама прысутнічаюць тут, разам з нашчадкамі, за мірнае жыццё якіх яны змагаліся з ворагам.





– Дзень Перамогі – свяшчэнная дата ў гісторыі нашай Айчыны. Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні – але беларусы нясуць у сваіх сэрцах памяць пра тое, якой цаной заваявана мірнае неба. Мы схіляем галовы перад мужнасцю салдатаў, стойкасцю партызан, самаадданай працай работнікаў тылу. Штогадовы аўтапрабег – гэта даніна памяці нашым продкам, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Мікіта Алянцэвіч. –Памятаць падзеі 1941-1945 гадоў асабліва важна цяпер, калі некаторыя краіны спрабуюць сцёрці з гісторыі подзвіг савецкага народа. Мы павінны зберагчы памяць і перадаць наступным пакаленням.




У Жукоўнях на магіле Канстанціна Гімбіцкага старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Кацярына Емяльян нагадала, як жорстка быў замучаны фашыстамі першы старшыня Жукойненскага сельсавета. У знак памяці прысутныя усклалі кветкі і запалілі свечкі.





Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова