Удзельнікі аўтапрабегу напярэдадні Вялікай Перамогі наведалі памятныя месцы ў Гервятах, Гірах, Чэхах і Бабраўніках
Па гэтым маршруце ў межах акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” праехала аўтакалона на чале з першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольгай Умрыхінай.

Абеліскі ў гэтых населеных пунктах, як і ў іншых кропках Астравеччыны, утрымліваюць прозвішчы вяскоўцаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. Але пра іх памятаюць землякі, і гэта памяць трапятліва зберагаецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Красамоўнае сведчанне гэтаму: у аграгарадку і вёсках ўдзельнікаў аўтапрабегу сустракалі школьнікі з кветкамі ў руках, а ганаровую варту ля помнікаў неслі піянеры.

Пачатак мітынгу ў Гервятах дала хвіліна маўчання, якая стала сімвалам глыбокай павагі і смутку. Рытмічныя ўдары метранома разносіліся па наваколлі і нагадвалі пра зыбкасць жыцця, якое дзеля міру і спакою роднай зямлі ахвяравалі дзясяткі ураджэнаў гервяцкага краю.
Вучні Гервяцкай школы нагадалі прысутным пра страшныя гады ваеннага ліхалецця і шчыра запэўнілі, што заўсёды будуць памятаць пра цану, якую продкі заплацілі за мір, спакой і дабрабыт.

З падзякі сваё выступленне распачала першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна:

– У гэтыя святочныя і адначасова святыя для кожнага беларуса дні мы аддаём даніну памяці, павагі і ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннам вайны; тым, хто ў тыле набліжаў Перамогу і зведаў жудасці канцлагераў. Ад імя нашчадкаў кажам ім дзякуй за шчаслівае дзяцінства, мірнае неба, незалежнасць краіны. Мы павінны захаваць мір на нашай зямлі і перадаць праўду пра яе герояў нашым пераемнікам – дзецям і ўнукам.
У знак удзячнасці загінулым землякам прадстаўнікі розных пакаленняў усклалі жывыя кветкі ля падножжа абеліска.

Ля помнікаў у Гірах і Чэхах сабраліся вучні і настаўнікі Рымдзюнскай і Гервяцкай школ. Гучалі словы падзякі і пажаданні, каб ваеннае ліхалецце ніколі не паўтарылася; схіляліся галовы ў памяць аб загінулых; да халоднай пліты туліліся галоўкі жывых цюльпанаў і гваздзік…


У Бабраўніках да ўдзельнікаў аўтапрабегу далучыліся старшакласнікі Варнянскай СШ і мясцовыя жыхары – дарэчы, у пераможныя майскія дні яны штогод прыходзяць да помніка загінулым землякам, таму што лічаць гэта сваім святым абавязкам.

– З нецярпеннем і хваляваннем я, як і большасць маіх аднавяскоўцаў, чакаю Дня Перамогі. Для нас гэта найвялікшае свята. Прыходзім да помніка з кветкамі, свечкамі, каб пайменна ўспомніць загінулых землякоў і памаліцца за іх, – падзялілася жыхарка Бабраўнік Зофія Комар. – Бачыце, слёзы наварочваюцца на вочы, таму што спакойна гаварыць пра тыя падзеі не магу. Светлай памяці маю матулю падчас вайны вывезлі ў Германію, дзе яна прымусова цяжка працавала 4 гады. Яна любіла паўтараць, што самае галоўнае ў жыцці – гэта мір, а ўсё астатняе абавязкова будзе.
…Верыцца, што ахвяры нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны будуць вечным напамінам для наступных пакаленняў і яны ніколі не спазнаюць яе горыч і боль.