Беларусь помніць! Помнім кожнага! Астравец – Кемелішкі – Падольцы – Барані
Напярэдадні Дня Перамогі астраўчане адправіліся ў аўтапрабег па месцах баявой славы далёкіх 1941-1945 гадоў.
Астравец. Помнік савецкім воінам і партызанам
Стартаваў аўтапрабег ад помніка савецкім воінам і партызанам. Сотні астраўчан прыйшлі да гэтага знакавага месца, каб успомніць тых, хто аддаў жыццё за нас.

– Сённяшняе мерапрыемства – гэта серыя арганізаваных акцый, прысвечаных Дню Вялікай Перамогі, і ўсяго толькі малая частка той памяці, якую мы можам аддаць нашым продкам, якія цаной свайго жыцця заваявалі для нас самае каштоўнае – свабоду і незалежнасць. Мы, нашчадкі, абавязаны шанаваць гэтую памяць. Асноўная мэта, каб кожны, хто ўбачыць нашы ўрачыстыя калоны, успомніў, у імя чаго мы аб'ядноўваемся, едзем да месцаў баявой славы, да нашых помнікаў і аддаём даніну павагі загінулым. Усё гэта дзеля таго, каб страшная Вялікая Айчынная вайна ніколі не паўтарылася, – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Медзвецкас.

Размеркаваўшыся па 6 маршрутах, нашчадкі Вялікай Перамогі адправіліся ў аўтапрабег па знакавых кропках раёна, каб у чарговы раз сказаць дзякуй за мірнае неба і шчасце жыць!

Кемелішкі. Брацкая магіла расстраляных яўрэяў
Ля брацкай магілы ўдзельнікаў аўтапрабегу сустракалі школьнікі і мясцовыя жыхары. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі тут гета, у якое звозілі яўрэяў з бліжэйшых вёсак.

Вязняў расстралялі 24 кастрычніка і закапалі ў адной магіле – у ёй знайшло апошні супачын больш за 500 мірных жыхароў. Больш за 100 імён ужо ўстаноўлена.



– Мы распытвалі пра вайну і герояў Вялікай Перамогі ў нашых дзядуляў і бабуль. Перадаваць гэтыя веды і памяць з пакалення ў пакаленне – наша асноўная задача. Таму падчас такіх аўтапрабегаў мы наведваем усе пахаванні. У кожнага месца свая сумная гісторыя. Напрыклад, у брацкай магіле ў Кемелішках спачывае больш за паўтысячы чалавек. Пра генацыд, які адбываўся на нашай зямлі, трэба памятаць, і расказваць дзецям, каб яны перадавалі будучым пакаленням, – адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Мядзвецкас.
Падольцы. Помнік загінулым землякам
…У устаноўлены ў 1968 годзе як даніна памяці землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аўтакалону тут таксама сустракалі школьнікі і мясцовыя жыхары. Падчас мітынгу ўзгадалі загінулых землякоў, якія аддалі сваё жыццё за мір, і ахвяр генацыду. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, а да абеліска ўсклалі кветкі.


– Вялікая Перамога жыве ў сэрцы кожнага з нас. Вайна закранула і маю сям'ю. Бабуля была малалетнім вязнем, 3 гады правяла ў Германіі ў канцэнтрацыйным лагеры, таму я лічу сваім абавязкам прымаць удзел у такіх мерапрыемствах і аддаць даніну павагі народу-пераможцу, народу, які зламаў хрыбет фашызму і падарыў мір усяму свету, – сказаў намеснік камандзіра вайсковай часці 7434 Яўген Феданяк.
Барані. Брацкая магіла расстраляных яўрэяў
Цішыня і стройныя бярозкі атулілі брацкую магілу ў Баранях. Гэта яшчэ адно месца на Астравеччыне, якое яскрава гаворыць пра жорсткасць і нечалавечнасць фашыстаў.


Пасля фашысцкай аблавы 31 снежня 1941 года непадалёк вёскі Барані яны расстралялі 12 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.
Хвіліна маўчання… І чырвоныя гваздзікі… Наша памяць вечная!

З першых вуснаў
Дзмітрый Багуслаўскі, ваенны камісар раёна:
– Штогод напярэдадні Дня Вялікай Перамогі мы ўдзельнічаем у аўтапрабегу. У гэты дзень аддаём даніну памяці і павагі тым, хто змагаўся за свабоду і мірнае жыццё, якім мы зараз жывём. Гэта наш абавязак!
Марта Сцефановіч, работнік КСУП “Гудагай”:
– 9 Мая – вельмі важнае свята ў нашай краіне. Але такім яно павінна быць для ўсіх краін.
Мой прадзед таксама ўдзельнічаў у вайне, у яго ёсць шмат медалёў. І, мне здаецца, вельмі важна ў гэты дзень ушанаваць памяць тых, хто падарыў нам мір.