Ведаць гісторыю і памятаць герояў: аўтапрабег “Беларусь памятае. Помнім кожнага” ў Варнянах і Вароне

13:18 / 08.05.2026

У шасці напрамках ад Астраўца стартаваў аўтапрабег, прысвечаны Дню Перамогі – Беларусь помніць, помнім кожнага…

Аб гэтым на кропках свайго маршруту ўзгадвалі ўдзельнікі аўтакалоны пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Генадзя Бычко. Разам з дарослымі і маленькімі жыхарамі аграгарадкоў Варняны і Варона ўсклалі кветкі да брацкіх магіл і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Цішыня і спакой…

Толькі вецер гамоніць з зялёнай травой каля брацкай магілы ў Варнянах ды нашчадкі тых, хто сваім жыццём здабыў нам мірнае неба, пайменна ўспамінаючы пахаваных тут, шапталі “Памятаем!”…


І сэрца кожнага ў гэтыя хвіліны поўніліася вялікім гонарам і невымоўным сумам. І ляглі да падножжа помніка жывыя кветкі. І сталі, нібы ахоўнікі супакою спачылых, запаленыя свечкі…






– Мірнаму вальсу да Дня Перамогі, які гучаў тут сёння, папярэднічала чатыры гады – за той час загінула 27 мільёнаў савецкіх грамадзян, і амаль 3 мільёны з іх – беларусы. Гэта страшна, – адзначыў Генадзь Паўлавіч. – Заўтра мы будзем святкаваць самы важны дзень – 9 Мая. Змяняюцца пакаленні, але ў нашых сэрцах вечна жыве подзвіг вызваліцеляў нашай зямлі ад фашызму.


Пра “гэты Дзень Перамогі”…

…Шчыра і чулліва спявалі жыхары аграгарадка Варона, якія разам з настаўнікамі і вучнямі мясцовай пачатковай школы сабраліся ля брацкай магілы, каб ушанаваць памяць удзельнікаў вайны.






– Варнянская зямля паліта крывёй воінаў, якія змагаліся за нашу будучыню, – напомніў землякам старшыня Варнянскага сельсавета Аляксандр Вярбовіч. – У брацкай магіле ляжаць байцы, якія памерлі ад ран у эвакашпіталі, што стаяў непадалёк. У 2013 годзе былі вядомы імён 56-ці пахаваных, сёння – 75-ці.


Вучыць гісторыю сваёй краіны, не дапускаць яе скажэння, памятаць подзвіг прадзедаў – з такім наказам звярнулася да пачаткоўцаў варонскай школы і малышоў дзіцячага садка старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. Скажаце: ранавата, яны не запомняць? Паверце, самы час: бо толькі тое, да чаго мы прывыкаем і што вучым з маленства, застаецца з намі на ўсё жыццё – яно самае правільнае і праўдзівае!

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович