Вольга Баяровіч: “Невядомыя – не значыць забытыя”
Напярэдадні Дня Перамогі адбыўся традыцыйны аўтапрабег да помнікаў і абеліскаў загінулым землякам і ахвярам вайны. Аўтакалона з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Баяровіч пасля ўрачыстага мітынгу ў Астраўцы рушыла па маршруце Гудагай – Дайноўка.
Брацкая магіла на станцыі Гудагай, на шчасце, ужо не безыменная: на гранітных плітах выбіты імёны ваеннапалонных – вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг 342”, для якіх беларуская зямля стала месцам апошняга спачыну. Гэтыя імёны адноўлены дзякуючы намаганням мясцовых краязнаўцаў, вучняў і настаўнікаў Гудагайскай школы. І словы “Ніхто не забыты” для іх – не лозунг, а канкрэтная работа.

– У нашым раёне пахавана 823 герояў і ахвяр вайны. Кожны з іх – часцінка нашага асабістага болю, бо за кожнай лічбай з гэтага спісу – цэлы сусвет. Сёння мы ведаем імёны толькі 198 з іх. Астатнія 625 невядомыя, але яны не забытыя. І сённяшні аўтапрабег, калі мы наведваем пахаванні ўсіх загінулых на вайне, –таму пацвярджэнне. Мы перадаём эстафету памяці моладзі і дзецям, каб яны неслі яе далей. І памяталі, цаной колькіх сусветаў заваявана іх шчаслівае дзяцінства, мірнае неба над нашай краінай, яе незалежнасць і працвітанне, – сказала падчас урачыстага мітынгу Вольга Баяровіч.

Хвіліна маўчання… Сталі на адно калена ў знак памяці і пашаны сцяганосцы… Схілілі галовы ў смутку дзеці і дарослыя…. Кветкі да помніка ад удзячных унукаў і праўнукаў… Урачысты салют у гонар загінулых і бязвінна забітых…



І шапаценне бырозак над брацкай магілай, у якім яскрава чулася: “Мы помнім… Мы не забудзем…”
У пацвярджэнне слоў Вольгі Баяровіч “Яны невядомыя, але не забытыя” аўтакалона рушыла да помніка на ўскрайку лесу каля вёскі Дайноўкі. На гранітнай пліце выбіты словы “Тут пахавана 6 мірных жыхароў, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі”. На жаль, мы не ведаем імён бязвінных ахвяр вайны, але шануем памяць перарваных фашыстамі Сусветаў.


Пра гэта гаварыў на мітынгу старшыня Гудагайскага сельскага Савета Уладзімір Барысевіч. Аб гэтым – словы школьнікаў, што стаяць у ганаровай варце каля безымяеннай магілы. Дзеля гэтага – кветкі і хвіліна маўчання.

Мы помнім… Помнім кожнага…
З першых вуснаў
Кацярына Чарнушэвіч:
– Я нарадзілася і вырасла ў пасёлку Гудагай. І гэтая брацкая магіла – свяшчэннае месца для мяне: мы, школьнікі, заўсёды прыходзілі сюды 9 мая, слухалі выступленні ветэранаў, і слёзы наварочваліся на вочы. Пра вайну мне шмат расказвала мая бабуля Лідзія Міхайлаўна Лянкевіч. Гэтую памяць у нас, яе ўнукаў, і нашых дзяцей падтрымлівае яе сын, мой дзядзька Віталь Іванавіч Лянкевіч, які беражліва захоўвае ўспаміны пра тыя часы. І мы перададзім гэтую памяць сваім дзецям, а яны, спадзяюся, – сваім: памяць павінна жыць.
