“Сваё, астравецкае”: Анатоль Бацюлеў і Ефрасіння Прохарава – заслужаныя работнікі
10:00 / 08.05.2026
Як і заўсёды, свае допісы канкурсанты суправадзілі ўласнымі ўспамінамі і сведчаннямі блізкіх гэтай вядомай сямейнай пары.
Сімвалічна, што напярэдадні Вялікай Перамогі мы разам прыгадаем Анатоля Іванавіча і Ефрасінню Маркаўну. Іх сумесны жыццёвы шлях – яскравы прыклад таго, як ваеннае мінулае ператвараецца ў стваральную энергію мірнага жыцця; як працалюбства, прыроджаная інтэлігентнасць і адданасць роднай справе прыносяць не толькі заслужаныя ўзнагароды, але і прарастаюць жыццясцвярджальнай энергіяй у нашчадках, а таксама пакідаюць добрую памяць пасля сябе.
Героі нашага задання, як і большасць тых, хто на ўласным прыкладзе зведаў, што такое вайна, былі з кагорты загартаваных, працавітых і мэтанакіраваных людзей. Тых, якія насуперак любым жыццёвым акалічнасцям ішлі толькі наперад і пры жыцці былі прыкладам для астатніх. Родам абодва з Віцебшчыны, а другой радзімай для іх стала Астравеччына.
Ён
Анатоль Іванавіч нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Колы Гарадоцкага раёна. Па сведчаннях некаторых канкурсантаў, хлопец хацеў стаць ваенным. Хто б мог падумаць, што гэтая дзіцячая мара ўвасобіцца ў жыццё не пад мірным небам, а на вайне…
На фронт малады чалавек пайшоў амаль з першых дзён – 22 ліпеня 1941 года. Спачатку партызаніў па родных ваколіцах, потым да самай Перамогі служыў у 31-й стралковай арміі 3-га Беларускага фронту. У складзе яе вызваляў Смаленшчыну, родную Віцебшчыну і Міншчыну. За ўдзел у аперацыі «Мінскі кацёл» атрымаў першую баявую ўзнагароду – медаль «За адвагу», другую – за фарсіраванне Нёмана. Прайшоў праз усю Еўропу, удзельнічаў у жорсткіх баях за Кёнігсберг, дзе цудам ацалеў.
У спісе ўзнагарод таксама значацца медаль «За ўзяцце Кёнігсберга» і ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Карына Стаповіч даслала ў рэдакцыю копіі загадаў аб узнагароджанні Анатоля Іванавіча, для якога ваенная служба не скончылася ў пераможным маі. У арміі мужчына заставаўся да 1947 года, дапамагаючы ўсталёўваць парадак у пасляваенны час.
Яна
Ефрасіння Маркаўна нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Гукалы Гарадоцкага раёна. Дзесяцігодку скончыла перад самай вайной і марыла стаць настаўнікам.
Толькі пасля вайны юнацкая мара пасталелай не па гадах дзяўчыны спраўдзілася: яна адвучылася на настаўніка ў Віцебскім педвучылішчы, а пазней завочна скончыла інстытут.
Яны
У 1947 годзе Анатоль і Ефрасіння пабраліся шлюбам. Першыя крокі ў авалоданні прафесіяй рабілі ў Свіры. Яна была настаўнікам пачатковых класаў. Ён пачынаў адказным сакратаром у раённай газеце «Да новых перамог».Артыкулы ўчарашняга франтавіка вызначаліся праўдзівасцю і былі прасякнуты павагай да чалавека працы. Відаць, ужо тады Анатоль Іванавіч адчуваў патрэбу не проста пісаць пра аднаўленне краіны, а будаваць яе ў прамым сэнсе гэтага слова…
Пасля ліквідацыі Свірскага раёна ў 1959-м Бацюлевы пераехалі ў Астравец, з таго часу іх жыццё непарыўна звязана з гэтым населеным пунктам.
Першая пасада Анатоля Іванавіча на новым месцы – тэхнічны кіраўнік камбіната будаўнічых матэрыялаў (цяпер сказалі б – галоўны інжынер). Затым на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён узначальваў гэта прадпрыемства, якое за гэты час дасягнула росквіту. Не толькі званне заслужанага работніка прамысловасці, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак пашаны», але і шматлікія цёплыя ўспаміны яго сучаснікаў сведчаць пра тое, што Анатоль Іванавіч быў не толькі Кіраўніком, але і Чалавекам з вялікай літары.
Маці Тарэсы Бабіч, Соф’я Ромаш, у свой час працавала рабочай на цагельным заводзе ў вёсцы Вераб’і, які ўваходзіў у склад КМБ. Тагачаснага дырэктара жанчына ўзгадвае як вельмі добрага, справядлівага і праўдзівага, які «на 8 Сакавіка ўсім жанчынам выдаваў прэміі, паважліва размаўляў і падбадзёрваў у працы», а яшчэ дзякуючы якому калектыў пабываў у Маскве і Ленінградзе.
У памяці Наталлі Блахіной захавалася некалькі момантаў, звязаных з легендарным кіраўніком камбіната будаўнічых матэрыялаў, які аднолькава ўважліва ставіўся да просьб любога – неістотна перад ім быў начальнік, рабочы ці нават школьнік. Дзякуючы дапамозе Анатоля Іванавіча, які забяспечыў школьнікаў транспартам для дастаўкі ў навучальную ўстанову металалому, вучні 6 «А» класа сталі пераможцамі спаборніцтва па зборы гэтай другаснай сыравіны – і былі ўзнагароджаны паездкай на радзіму маладагвардзейцаў у горад Краснадон.
З нашай пастаяннай удзельніцай Карынай Стаповіч успамінамі падзялілася стрыечная бабуля Апалонія Казіміраўна Ліпніцкая (узнагароджана ордэнам Працоўнай славы), якая доўгі час працавала ў Вераб’ях. Жанчына апісвае Анатоля Іванавіча як выдатнага кіраўніка, сапраўднага сем’яніна і душэўнага чалавека. Бацюлева любілі ўсе рабочыя завода, і ён аддзячваў ім тым жа: не шкадаваў часу на размовы, не саромеўся радзіцца, нягледзячы на сваю пасаду. А таксама «быў шчырым на прэміі».
Наша канкурсантка звяртае ўвагу на тое, што Анатоль Іванавіч быў неад’емнай часткай так званай каманды Арцымені, які падбіраў людзей чымсьці падобных да сябе: адказных, дысцыплінаваных, працавітых. Іх аб’ядноўваў «франтавы» стыль кіравання: канкрэтнасць у словах і справах, адсутнасць пустаслоўя і арыентацыя на вынік.
Поруч з такім выбітным чалавекам, відаць, магла быць не менш адметная жанчына. І Ефрасіння Маркаўна была такой.
Вельмі цёпла, падрабязна і з рэальнымі прыкладамі са школьнага жыцця пра свайго першага настаўніка напісала Наталля Блахіна. Чытаеш – і ўяўляеш, як зімой на перапынках дзеці грэюцца ля печкі (так-так, тады школы ацяпляліся імі); як педагог пасля працяглай хваробы дзяўчынкі «нябачна» падтрымлівала Наташу на ўроках матэматыкі і напачатку «выпадкова» давала больш простыя прыклады падчас вуснага ліку; як дзятва дапамагае любімаму настаўніку несці сумку са сшыткамі падчас «выпадковай» сустрэчы на вуліцы, каб даведацца, што іх заўтра чакае на ўроках…
На жаль, абмежаваныя рамкі газетнай паласы не дазваляюць цалкам прывесці допіс нашай удзельніцы. Тым не менш, сведчанне Наталлі Валер’еўны пра тое, што Ефрасіння Маркаўна «хваліла за харошае, ушчувала за дрэннае, вучыла сябраваць, для кожнага знаходзіла добрыя словы», падаецца вельмі красамоўным.
Адметна, што класным кіраўніком у Наталлі Блахіной быў сын заслужаных работнікаў – Анатоль Анатольевіч Бацюлеў. Да слова, асоба якога, як, дарэчы, і яго жонкі Святланы Пятроўны вартыя асобнай размовы…
Яшчэ адна наша пастаянная ўдзельніца Марыя Васілёнак зазначае, што аўтарытэт Ефрасінні Маркаўны як педагога ў Астраўцы быў настолькі вялікім, што бацькі стараліся аддаць сваіх дзяцей у першы клас менавіта да яе. Дарэчы, сыну нашай канкурсанткі пашчасціла быць вучнем гэтага заслужанага настаўніка, якая прысвяціла раённай адукацыі 50 гадоў і вывучыла не адно пакаленне астравецкіх дзяцей.
А цяпер падводзім вынікі. Найбольшую колькасць балаў – па 5 – налічваем Наталлі Блахіной і Карыне Стаповіч; 3 – Марыі Васілёнак, 2 – тандэму Юліі Зарубы і Тарэсы Бабіч. На жаль, памылковы адказ на пытанне ў гэты раз не прыносіць адзнак нашай пастаяннай удзельніцы Ірыне Пунько.