Вялікая Перамога ў асобах: Іван Субаткевіч

14:00 / 09.05.2026
Кожны раз, калі знаходжу новых герояў будучых публікацый пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, бязмежна радуюся: час ідзе, аддаляючы нас усё больш ад падзей тых часоў, а памяць людская жывая. Цудоўна, што ўспамінамі пра сваіх герояў Перамогі дзеляцца не толькі іх дзеці і ўнукі, а і праўнукі! Цудоўна, што зберагаюцца не толькі сямейныя гісторыі – Радзіма не забывае імёны абаронцаў. І жывыя будуць у памяці людской сведкі той далёкай вайны, пакуль родная зямля пра іх помніць!

Карлаўшчызна: Іван Субаткевіч

Жыхарка Варнян Тэрэса Стакун узгадвае пачутае ад бацькі: «Калі мне прыйшла павестка на вайну, у хаце дзверы з заслонаў зляцелі – мама надта плакала!»

– Бабуля ўспрыняла гэта як нядобры знак: сын не вернецца, – перадае бацькавы ўспаміны дачка ветэрана. – Іх у сям’і шэсць братоў. Тата з 1908 года, і адзін – з 1916-га – толькі іх абодвух прызвалі на вайну, хаця яны не самыя старэйшыя.

Нарадзіўся Іван Вікенцьевіч у в. Попішкі, пазней сям’я пераехала ў Карлаўшчызну – адтуль і прызвалі Субаткевіча на фронт.

– Бацька казаў, што страшна вельмі было там… А яшчэ ж і трапіў у палон ва Усходняй Прусіі. (Дарэчы, яго брат таксама прайшоў праз палон.) Не ведаю, колькі ён там прабыў, – расказвае жанчына.

Калі Іван Вікенцье­віч вяр­нуўся ў родную Карлаў­шчызну, родныя не ведаюць. Але гэта было хутка пасля заканчэння вайны, бо ў 1948 годзе былы салдат ужо стварыў сям’ю.

Дачка франтавіка ўзгадвае, што ён быў выдатным працаўніком, цудоўным бацькам і мужам:

– За ім жылі як за каменнай сцяной. Нас з сястрычкай заўсёды песціў – кожнаму б такога тату мець! – прыгадвае Тэрэса Стакун. – Мне быў годзік, калі памерла маці. Тата ажаніўся ў другі раз. Дык вось, мама (мачаха. – Заўв. аўт.) ніводнага дня не пайшла без таты на ферму, дзе працавала, – ён заўсёды хацеў даць ёй палёгку, бо шкадаваў. Па гаспадарцы маме ва ўсім дапамагаў: і печы прапаліць, і кароў падаіць, і свінням даць… Хаця ж і свайго занятку ў яго хапала: ён быў будаўніком калгаса «Звязда», потым паляводам, жывёлаводам. Памёр дастаткова рана: у 1972 годзе – і мама больш ні дня не выйшла на работу.

– Да слова, хоць тату давялося пабыць і ў палоне, і на прымусовых работах, медалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны ён меў (захоўваў іх у скрыначцы, укручанай у льняную тканіну). Мы, дзеці, любілі іх прымяраць, – дзеліцца дачка франтавіка. – І вельмі бацька радаваўся, калі на Дзень Перамогі атрымліваў віншавальныя паштоўкі ад ваенкамата – ён надта цаніў такую ўвагу ад дзяржавы!
Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо