Вялікая Перамога ў асобах: Бярнард Вейкніс
Кожны раз, калі знаходжу новых герояў будучых публікацый пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, бязмежна радуюся: час ідзе, аддаляючы нас усё больш ад падзей тых часоў, а памяць людская жывая. Цудоўна, што ўспамінамі пра сваіх герояў Перамогі дзеляцца не толькі іх дзеці і ўнукі, а і праўнукі! Цудоўна, што зберагаюцца не толькі сямейныя гісторыі – Радзіма не забывае імёны абаронцаў. І жывыя будуць у памяці людской сведкі той далёкай вайны, пакуль родная зямля пра іх помніць!
Нідзяны: Бярнард Вейкніс
«Вось і пра майго татку-ветэрана напішуць, і землякі ўспомняць», – адказала на прапанову расказаць пра бацьку для газетнага артыкула жыхарка вёскі Тартак Галіна Дэнюш.

– Бацька мой Бярнард Адольфавіч Вейкніс. Нарадзіўся ў 1924 годзе на хутары Нідзяны. Хлопцам пайшоў на вайну – 20 гадоў меў. Як ад акупантаў вызвалілі нашы землі, так мужчын і сталі прызываць у войска, – дзеліцца жанчына. – Калі татку забралі, то мая бабуля пачала імшы ў касцёле закупляць, прасіла ў Бога, каб сына збярог. Затое, відаць, бацька жывым і застаўся!
Наш зямляк трапіў у пяхотную дывізію, быў стралком 37-га палка.
– Татка музыкантам добрым быў – граў на скрыпцы і спяваў вельмі прыгожа – часта выступаў перад аднапалчанамі, – прыгадвае дачка франтавіка. – Ведаю, што служыў разам з мясцовым хлопцам – Стакуном з Нідзян. Расказваў, што страшныя баі былі на тэрыторыі Польшы: Вісла і Одра былі ўсе ў крыві, вельмі шмат там людзей палягло!

Як сведчыць вайсковая кніжка ветэрана, прызваны ён быў у лістападзе 1944-га, а дэмабілізаваны толькі ў лютым 1947 года – пасля вайны даслужваў тэрміновую службу.


– Бацьку прапанавалі заставацца жыць у Польшчы, але ён вярнуўся на Радзіму. Татавы бацька рана памёр, яшчэ да вайны, а ў Нідзянах яго чакалі сёстры і маці, – гаворыць Галіна Дэнюш. – Тут, у Быстрыцы, маму маю спаткаў, у Нідзянах хатку пабудаваў... А працаваў конюхам у калгасе імя Карла Маркса.
Бярнард Вейкніс узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За Одар, Нісу і Балтыку», знакам Грунвальда, медалём Жукава.
– Захаваліся ў мяне не ўсе татавы ўзнагароды, – паказвае медалі Галіна Дэнюш, – большасць тут юбілейныя. І падушачку для іх пашыла, і на сценку прымацавала – напамін пра бацьку ў мяне штодзень на вачах.
