Вялікая Перамога ў асобах: Франц Садоўскі

10:00 / 09.05.2026
Кожны раз, калі знаходжу новых герояў будучых публікацый пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, бязмежна радуюся: час ідзе, аддаляючы нас усё больш ад падзей тых часоў, а памяць людская жывая. Цудоўна, што ўспамінамі пра сваіх герояў Перамогі дзеляцца не толькі іх дзеці і ўнукі, а і праўнукі! Цудоўна, што зберагаюцца не толькі сямейныя гісторыі – Радзіма не забывае імёны абаронцаў. І жывыя будуць у памяці людской сведкі той далёкай вайны, пакуль родная зямля пра іх помніць!

Трокенікі: Франц Садоўскі

Варнянская школьніца Дар’я Рабкоўская, выступаючы на конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны», заявіла, што той, хто ўпэўнена дзейнічае, а не стаіць у баку, стварае цяперашняе і будучае. 


Для дзяўчыны фраза «любіць сваю краіну» – не пафас і не дзяжурная: праўнучка салдата Вялікай Айчыннай вайны, ведае, чаго каштавала Перамога.

– Мамін дзядуля Франц Анто­навіч Садоўскі нарадзіўся ў 1907 годзе ў Трокеніках, – расказвае Дар'я. – Прадзеда забралі на вайну ў лістападзе 1944 года, адпраўляўся ён з прызыўнога пункта ў Вілейцы. 

У хаце мужа і бацьку засталіся чакаць жонка з дзвюма дочкамі. 

– Мая бабуля нарадзілася пасля вайны, а калі ёй было 5 гадоў, бацька памёр. Таму пра ваенны час і свайго тату яна чула толькі з расповедаў маці. Так, прабабуля ўзгадвала, што калі прадзеда забралі на фронт, ёй даводзілася вельмі цяжка – трэба было пракарміць сябе і дзяцей, да таго ж уся мужчынская работа легла на яе плечы, – дзеліцца дзяўчынка. 

На прызыўным пункце Франца Антонавіча размеркавалі ў 2-ю мінамётную роту 238-га запаснога стралковага палка. Адтуль нашага земляка накіра­валі ў 172-гі асобны дарожна-будаўнічы батальён. У адным з баёў Садоўскі атрымаў кантузію. Вярнуўшыся дамоў, працаваў на сваёй зямлі, а пасля ўтварэння калгаса – пайшоў туды, быў трактарыстам. 

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо