Вялікая Перамога ў асобах: Імпаліт Казлоўскі
КАЗЛОЎСКІ Імпаліт Вітольдавіч нарадзіўся ў в. Альгіняны Астравецкага раёна.

Да вайны быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў у часці Уральскай ваеннай акругі – у Іжэўску, там жа і сустрэў вайну.
Скончыў трохмесячныя курсы кулямётчыкаў і быў накіраваны на фронт пад Маскву. Пасля яго накіравалі вучыць маладое папаўненне – займаўся гэтым цягам года. Ваяваў у пяхоце – быў камандзірам кулямётнага разліку.
“<…>. У беспрытомным стане трапіў у шпіталь, дзе вярнула яму жыццё савецкі хірург Шчупакіна, якую ён з удзячнасцю ўспамінае і цяпер, настойліва працягвае яе пошук. І верыць у поспех, бо трэба падзякаваць за спагадлівасць у той далёкі час, за запаленую іскру надзеі на жыццё. <…>”. (З артыкула Г.Лагоды, “Астравецкая праўда”, 1984г.)
Калі на тэрыторыі Савецкага Саюза сфарміравалі Польскую армію, Казлоўскага зноў накіравалі на фронт. Часць Імпаліта з баямі прайшла па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Германіі.
Узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “Перамогі і Свабоды”, “За Одар, Нісу і Балтыку”, знакам Грунвальда, крыжом “За бітву пад Леніна”, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Пасля вяртання дамоў уладкаваўся лесніком. Пазней адвучыўся на электраманцёра і пайшоў працаваць у раённы вузел сувязі: рамантаваў тэлефонныя апараты, устанаўліваў тэлефонную сувязь, пазней быў паштальёнам.
Жыў у Астраўцы.